Выбрать главу

1939 - 30 лістапада, пачатак захопніцкай вайны Савецкага Саюза супраць Фінляндыі з мэтай яе далучэння да СССР, удзел у вайне беларускіх салдат, мабілізаваных у Чырвоную Армію.

1939 - восень, паноўнае рабаванне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка на карысць маскоўскіх музеяў і высокапастаўленых прыватных асобаў (прыкладам, «нясвіжскія сувеніры» займеў пісьменнік Аляксей Талстой). А ў снежні таго года бюро ЦК КП(б)Б вырашыла аддаць старажытны нясвіжскі замак пад Дом адпачынку работнікаў НКУС БССР.

1939 - 4 снежня, утварэнне ў Заходняй Беларусі Беластоцкай вобласці БССР з цэнтрам у Беластоку. Абшар вобласці - 20,9 тысяч кв. км, насельніцтва - 1млн. 368 тысяч чалавек. Адміністрацыйна мела падзел на 24 раёны. З іх Парэцкі раён ў лістападзе 1940 года перададзены Летувіскай ССР.

1940 - 10 лютага, пачатак рэпрэсіўнага масавага высялення органамі НКУС на Поўнач «чуждага элементу» («кулакі», «фабрыканты») з Заходняй Беларусі. За адзін дзень у вагоны пагрузілі і вывезлі ў Сібір і Казахстан 50.000 чалавек.

1940 - масавыя расстрэлы савецкіх грамадзянаў карнікамі НКУС у Курапатах. Усяго ва ўрочышчы Курапаты за 1937-1941 год было расстраляна болей за 100 тысяч чалавек (па іншых падліках - да 250 тысяч грамадзян).

1940 - 12 сакавіка, заканчэнне вайны Савецкага Саюза з Фінляндыяй, буйное тэрытарыяльнае прырашчэнне СССР на першым перыядзе Другой сусветнай вайны. У Беларусь вайна прынесла толькі шмат «пахаронак».

1940 - 3 красавіка, пачатак масавых расстрэлаў аддзеламі НКУС СССР палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым, Курапатах. Агульны лік ахвяраў 16 тысяч. Сярод расстраляных шмат беларусаў-вайскоўцаў. У Курапатах было замардавана каля 5 тысячаў ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі. Катыньскія ахвяры прывозілі з лагера ў Казельску (4500 чалавек). Пазнаўшы палон і канцлагер пісьменнік Юзэф Чапскі, які паходзіў з Меншчыны, назваў сталінскую Расею «бесчалавечнай зямлёй».

1940 - 12 красавіка, масавы вываз органамі НКУС жонак і дзяцей тых заходнебеларускіх ваеннапалонных, хто напісаў дамоў лісты з лагераў у Казельску, Асташкаве, Старабельску. Разам у 51 траспартах вывезена на поўнач Казахстана болей за 60.000 жанчын, дзяцей і старых. Сярод іх вывезлі разам з двума сынамі паэтку Натальлю Арсеньневу як жонку ваеннапалоннага афіцэра. Толькі хадайніцтва Максіма Танка перад сакратаром ЦК КПБ Панамарэнкам дазволіла вярнуць паэтку ў Беларусь.

1940 - канец красавіка, пасля ліквідацыі першага складу Казельскага лагера для палонных з Заходняй Беларусі сюды зноў прывезлі 2500 інтэрнаваных ў Беларусі. Палякі і беларусы-каталікі ў гэтым лагеры зрабілі абраз Маці Божай Казельскай, у якім свядома спалучаны рысы дзвюх найгалоўных святыняў Беларусі - Вострабрамскай Панны Марыі і Жыровіцкай Маці Божай. Вязням, што маліліся на абраз Маці Божай Казельскай, пашанцавала ўвайсці ў склад Арміі генерала Андэрса і прайсці з гэтым абразам па дарогах вайны. Цяпер абраз захоўваецца ў Лондане ў касцёле святога Андрэя Баболі.

1940 - 13 красавіка, паноўнае масавае высяленне з Заходняй Беларусі органамі НКУС сем'яў «чуждага элементу». За адзін дзень саслана ў Сібір 24.000 чалавек ні ў чым невінаватых.

1940 - 29 чэрвеня, высяленне ў Сібір і Казахстан з Беларусі людзей, якія ратаваліся ў БССР з нямецкай акупацыйнай зоны Польшчы. Выселена 23.000 чалавек.

1940 - жнівень, удзел беларусаў у складзе Чырвонай Арміі ў акупацыі Савецкім Саюзам прыбалтыйскіх рэспублік - Летувы, Латвіі, Эстоніі - і далучэння іх да СССР.

1941 - 19 чэрвеня, за два дня да пачатку вайны карныя органы НКУС правялі паноўнае масавае высяленне людзей з Беларусі, гэтым разам - дзеячаў некамуністычных палітычных і грамадскіх арганізацыяў. У адзін дзень было вывезена ў таварных вагонах 22.000 чалавек. Шмат з гэтых людзей загінулі ў дарозе ад недахопу вады і ежы, частка эшалонаў была атакаваная і разбітая нямецкімі бамбавікамі.

1941 - 22 чэрвеня, пачатак вайны Германіі з СССР. Удзел у змаганні на франтах у складзе рэгулярнага савецкага войска 1 мільёна 500 тысяч беларусаў.

1941 - 22-30 чэрвеня, акружэнне нямецкімі войскамі ў Беластоцкім выступе трох савецкіх арміяў, разгром аэрадромаў, захоп ваеннай тэхнікі. У палон патрапіла болей за 500 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.

1941 - 25-28 чэрвеня, беспаспяховая абарона ад немцаў Менска. Расстрэл нямецкімі лётчыкамі бежанцаў на Магілеўскай шашы, бамбаванне эшалонаў, якія везлі бежанцаў на ўсход.

1941 - 26 чэрвеня, расстрэл нкусаўцамі ва ўрошчы Цагельня каля Ігумена каля 5.000 палітвязняў, прыгнаных з менскай ды іншых суседніх турмаў.