Выбрать главу

1996 - 26 красавіка, болей за 50 тысяч чалавек адзначылі шэсьцем у Менску 10-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Улады кінулі на падаўленне «Чарнобыльскага шляху» спецназ, армейскія падраздзяленні, запрошаныя расейскія аддзелы амапу. Адбыліся жорсткія сутычкі, шмат людзей параненыя. Арыштавана болей за 200 чалавек.

1996 - 28 красавіка, арыштаваныя дзеячы апазіцыі, лідэры БНФ Ю.Хадыка і Ў.Сіўчык пачалі ў турме галадоўку пратэсту супраць беззаконня. Галадоўка працягвалася 20 дзён.

1996 - 30 траўня, у Менску на пр. Скарыны ў пікеты салідарнасці з палітвязнямі выйшла каля 5 тысяч чалавек. На пікетчыкаў абрынулі міліцэйскі спецназ. Схоплена болей за 100 чалавек. Мноства людзей жорстка збітыя і асуджаныя. Намеснік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч асуджаны на 10 сутак зняволення. У турэмнай камеры трымаў галадоўку пратэсту.

1996 - 14 чэрвеня, ноччу міліцыянты з аховы прэзідэнта абстралялі машыну дэпутата ВС Віктара Ганчара. Была цяжка параненая сакратарка дэпутата.

1996 - верасень, закрыццё ўладамі ўплывовай і папулярнай сярод моладзі апазіцыйнай радыёстанцыі «101,2» напярэдадні ініцыянаванага А.Лукашэнкам рэферэндума аб змене Канстытуцыі.

1996 - 21 лістапада, 90 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь паставілі подпісы пад Зваротам аб імпічменце прэзідэнту Лукашэнку. Зварот перададзены ў Канстытуцыйны Суд. Лёс прэзідэнцтва А.Лукашэнкі завіс на валаску. У Менск ратаваць Лукашэнку прыбылі самалётам з Масквы прэм'ер Чарнамырдзін і старшыні абедзьвух палатаў расейскага парламента Строеў і Селязнёў. Перамовы з імі вёў старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі. Ранкам 22 лістапада ён здаўся і падпісаў такое пагадненне, якое развязала рукі Лукашэнку. Усе намаганні пра імпічмент пайшлі дымам. Здрада Шарэцкага адгукнулася імклівым станаўленнем дыктатуры А.Лукашэнкі.

1996 - 24 лістапада, прыняцце на рэферэндуме паправак да Канстытуцыі Беларусі. Абапіраючыся на змены ў Канстытуцыі, прэзідэнт А.Лукашэнка без правядзення выбараў ці спецыяльнага пытання на рэферэндуме ўзурпаваў прэзідэнцкія паўнамоцтвы на 2 гады ў дадатак да 5-гадовага афіцыйнага тэрміну.

1996 - 24 снежня, пасля 12 сутак галадоўкі ў камеры турмы быў вызвалены старшыня Сацыял-Дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч, асуджаны за арганізацыю шэсьця.

1997 - 14 студзеня, арышт і 10-месячнае зняволенне ва ўнутраным следчым ізалятары КДБ старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Тамары Віннікавай. 7 лістапада па стану здароўя пераведзена пад дамашні арышт пры знаходжанні ў кватэры супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай аховы. Знаходзілася пад няспынным даглядам спецслужбы да 8 красавіка 1999 года, калі здолела таямніча знікнуць з тэрыторыі Беларусі. Атрымала статус палітычнага ўцекача ў Ангельшчыне.

1997 - 4 жніўня, дэпутат Вярхоўнага Савета Ўладзімір Кудзінаў асуджаны Барысаўскім судом на 7 гадоў пазбаўлення волі па крымінальным абвінавачванні. На справе - за тое, што паставіў подпіс пад Зваротам аб імпічменце прэзідэнту Лукашэнку.

1997 - 24 верасня, дэпутат ВС, праваабаронца Валеры Шчукін пакараны штрафам за праабарончую дзейнасць на 1092 долара. За тры гады ўлады наклалі на праваабаронцу 3725 долараў штрафу, плануючы зламаць волю галечай. Шчукін адбыў за кратамі 135 сутак, а летам 2001 года быў кінуты ў Жодзінскі СІЗА на тры месяцы.

1997 - 11 лістапада, арышт паважанай ў Беларусі асобы, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, кіраўніка гаспадаркі «Расвет» 75-гадовага Васіля Старавойтава. 28 траўня 1999 года быў асуджаны па надуманых абвінавачаннях да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

1997 - 24 лістапада, забарона ўладамі ўплывовай і шматтыражнай апазіцыйнай газеты «Свабода».

1998 - 11 лютага, арышт дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі А.Клімава па абвінавачванні ў эканамічных парушэннях, на справе - за адкрыты ліст пра адказнасць А.Лукашэнкі за дзяржаўны пераварот, здзейснены ў лістападзе 1996 года. У снежні 1999 года пад час судовага працэсу быў жорстка збіты ў следчым ізалятары. Асуджаны да 5 гадоў зняволення.

1998 - 24 лютага, 18-гадовы Аляксей Шыдлоўскі асуджаны на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за антылукашэнкаўскае графіці на сцяне будынка ў Стаўбцах. Жорсткасць пакарання займела водгукам пашырэнне моладзевага супраціву рэжыму.

1998 - 2 красавіка, за ўдзел у мітынгу супраць злучэння з Расеяй арыштаваныя болей за 40 чалавек. Лідэр Маладога Фронту Павел Севярынец утрымліваўся ў турме да 3 чэрвеня.