Выбрать главу

2000 - 25 сакавіка, «Марш Свабоды» прысвечаны 82-й гадавіне Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Міліцыя і амапаўцы затрымалі болей 500 чалавек, у тым ліку 37 журналістаў. Пры затрыманні быў збіты міліцыяй в. а. старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі. У ізалятары па вул. Акрэсціна віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, намемніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку міліцыянты збівалі нагамі.

2000 - 13 траўня, Малады Фронт правёў у гарадах Беларусі акцыю «Горад наш!». У ноч на 14 траўня ў Менску, Магілеве, Віцебску, Берасці, Барысаве, Заслаўі былі ўзнятыя нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

2000 - 7 ліпеня, бясследнае знікненне ў Нацыянальным аэропорце «Менск-2» аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага.

2000 - ліпень, кампанія жорсткага ціску ўладаў на лідэра прафсаюзаў АПК Аляксандра Ярашука за публічную крытыку аграрнай палітыкі Лукашэнкі, якая вядзе да дэградацыі вёскі.

2000 - 2 жніўня, у Берастовіцы Гарадзенскай вобласці асуджаны да 5 сутак зняволення святар Беларускай аўтакефальнай царквы Іван Спасюк. Айцец Іван імкнуўся зарэгістраваць прыход Беларускай Аўтакефальнай царквы, а не Расейскай праваслаўнай маскоіўскага патрыярхата, якая прэтэндуе на ролю дзяржаўнай царквы Беларусі. Міліцыянты скавалі святара кайданкамі.

2000 - кастрычнік, пазасудовая незаконная канфіскацыя маёмасці экс-старшыні Нацбанка Беларусі Тамары Віннікавай, якая ў Ангельшчыне мае статус палітычнага ўцекача.

2000 - 8 кастрычніка, ва ўсіх буйнейшых гарадах Беларусі прайшлі акцыі пратэсту «Байкот-2000» супраць недэмакратычных выбараў у парламент. У іх узялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці болей за 200 чалавек.

2000 - 1 лістапада, у Горадні на святкаванні Дзядоў каля помніка Янку Купалу міліцыя безпадстаўна затрымала 23 чалавека, пры гэтым была збітая Святлана Нех, а трое актывістаў БНФ «Адраджэнне» Аляксанд Міхальчык, Мікола Воран, Пётр Анісімовіч паваленыя на зямлю і закаваныя ў кайданкі.

2000 - 12 лістапада, буйная акцыя беларускай моладзі пад лозунгам «Пераменаў!», якая адбылася ў Менску і яшчэ ў 25 гарадах Беларусі. Міліцыя затрымала 130 чалавек.

2000 - снежань, падпісанне ганебнай дамовы паміж Беларуссю і Расейскай Федэрацыяй аб аб'яднанні грашовых сістэмаў і пераходзе Беларусі на расейскія грошы з 2005 года.

2000 - засведчанае статыстыкай змяншэнне насельніцтва Беларусі ніжэй 10-мільённай адзнакі. Вынік пагоршання ўмоваў жыцця.

2000 - засведчанае бясследнае знікненне людзей у Беларусі - па афіцыйных прызнаннях налічваецца да 1000 зніклых без вестак на год. Гэта болей за колькасць беларускіх салдат, палеглых у Афганістане.

2001 - 25 сакавіка, за арганізацыю святкавання 83-й гадавіны БНР насуперак забароне ўладаў лідэр БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка пасаджаны ў турму на 15 сутак. Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі пакараны зняволеннем на 10 сутак. Лідэр КХП-БНФ Юрась Беленькі асуджаны на 15 сутак.

2001 - 18 траўня, міліцыя разганяла ў Менску арганізаваны АГП «ланцуг неабыякавых людзей», якія трымалі партрэты бясследна зніклых. Шмат удзельнікаў акцыі было збіта пераапранутымі ў цывільнае міліцыянтамі. Летам і ў верасні акцыя «ланцуг неабыякавых людзей» прайшла па ўсіх гарадах Беларусі. Улады замест неабходнага расследавання і пакарання вінаватых адказвалі рэпрэсіямі.

2001 - 11 чэрвеня, два следчых са складу пракурорскай групы, якая займалася расследаваннем таямніцы знікнення аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага, паведамілі праз СМІ, што ў Беларусі дзейнічала група, створаная з супрацоўнікаў спецслужбаў, для таямнічага забойства палітычных апанентаў улады.

2001 - 12 ліпеня, неўрадавыя СМІ абнародвалі копіі ўнутраных дакументаў МУС Беларусі, якія неаспрэчна сведчаць пра датычнасць шэрагу вышэйшых чыноўнікаў краіны да таямніцы знікнення людзей. Згодна дакументам, іх знішчаў «эскадрон смерці». У рапартах міліцэйскіх службоўцаў названы Віктар Ганчар, Юрый Захаранка, Анатоль Красоўскі як выкрадзеныя, знішчаныя і таямніча пахаваныя на ўчастку лагерных магілаў менскіх Паўночных могілак.

2001 - ліпень - 9 верасня, для захавання рэжыму пасля выбараў новага прэзідэнта ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя парушэнні грамадзянскіх правоў, выбарчага заканадаўства і простыя фальсіфікацыі (толькі прынцыповых і істотных зафіксавана болей за тысячу). Назіральнікі ад эўрапейскіх інтстытуцыяў палічылі выбары несапраўднымі. Цэнтрвыбаркам, не зважаючы на парушэнні і фальсіфікацыі, абвясціў пераможцай А.Лукашэнку. У краіне яшчэ на пяць гадоў застаўся панаваць аўтарытарны рэжым.