Выбрать главу

-- Сядай на хвілінку! Настачка яшчэ не гатова… -- Загадаў голас, і Лявону стала млосна. Ён пазнаў…

-- Што зь ёй? Кажы! – І Лявон схапіў халат за каўнер, узьняў над галавой…

З пад капюшона голас спакойна сказаў:

-- Зь ёй усё добра. Зараз пабачыш… А вось с табой… табе прыдзецца вярнуцца назад у …наццатае стагодзьдзе… А гэта значыць, што твой лёс скончаны і перадаецца ў мае рукі…

-- Як!?

-- Так. Ты выканаў наканаванае… А каханьне да Настачкі – гэта табе не прадвызначана. Хочаш застацца зь ёй? Тады мусіш авалодаць мной – Смерцьцю… Гэта дасьць табе неўміручасьць і Настачку. Выбірай. Можаш не зважаць на мяне. Ляці да каханай! Але атрымаеш імгненьні спатканьня, а пасьля навечна страціш жыцьцё, а зь ім і Настачку, і каханье…

Сьлёзы зьявіліся на Лявонавых вачох. Ён кінуў долу халат, а тая, што вяшчала зь яго растаяла ў паветры.

А насустрач бегла Настачка. Яна, убачыўшы Лявона, пачырванела, сумка выпала з рук. Яна далонямі затуліла твар.

Лявон пацалаваў яе пальчыкі, расціснуў далоні і лёгкімі дотыкамі вуснаў расцалаваў шнары на яе твары.

Настачка, не расплюшчваючы вачэй, узмаліла:

-- Навошта я табе, такая пачварына?! Пакінь ты мяне, Лявон!

-- Ніколі і нізавошта! Нават калі пластом ляжаць будзеш, спаралізаваная, усё роўна не пакіну. Кахаў і буду кахаць.

І Лявон палка сьціснуў яе ў абдымках – гэтак, што яна войкнула і ўзмалілася: “Дзіцятка нашае пашкадуй – задушыш!”

-- Божачка, ты зацяжарыла!? Якое шчасьце! - усклікнуў Лявон і выцалаваў Настачкін зарубцаваны твар, кожны шнар, быццам цалаваў немаўлятка.

Яны ішлі абняўшыся і Лявон расказваў пра сваё віртуальнае жыцьцё і каханьне. Настачка нагадвала Лявону пра драбніцы, якія той забыў. І Лявон дзівіўся:

-- Адкуль ты гэта ўсё ведаеш? Ты ж увесь час непрытомная была… толькі трызніла. Можа, думкі чытаць можаш?

-- Ды не, я ж з табой усё гэта перажывала… Я трызьніла табой.

Лявон, даведаўшыся ад урача, што Настачку нельга хваляваць, не сьпяшаўся распытваць далей пра яе ўражаньні ад віртуальных спатканняў. Але нясьцерпна карціла задаць адно пытаньне і ён не вытрымаў:

-- А твой муж пад час нашых спатканьняў… Хто ён? Каго нагадваў з твайго ранейшага жыцьця?

Настачка крыху памаўчала. Потым пільна паглядзела на Лявонаў твар, быццам адшуквала на ім нешта і ціхенька сказала:

-- Гэта быў ты, ранейшы, якога я цябе знала да падзеньня з каня… Муж -- з нутра тваёй душы…

Чырвань разлілася па Лявонавым твары, па ўсяму целу, кроплі поту выступлі на ілбе. Ён прыгадаў Ластаўкіна згвалтаваньне ўначы, сутыкненьне з яе мужам у бібліятэцы, пах спаленай кнігі з тэлефонай трубкі. І запярэчыў:

-- Не мог я спаліць сваю кнігу… Не я гэта быў! Тым больш я не мог цябе…

Яна імкліва прыціснула палец да яго губ:

-- Вядома ж не ты. Ты пасля ўкрыжаваньня зусім іншы стаў. Але раней быў як сапраўдны «Пане каханку». Нездарма ж ты ў ЧаСе ў яго ўцелеўся. Але я цябе і такога кахала… І не хвалюйся так! Тыя выпадкі з мужам былі трызненьнем, а калі яны праходзілі, тады ты, ласкавы, з мілатою прыходзіў на спатканьне…

Для мяне нашае жыцьцё было выратаваньнем, хаця і было ў трызненьнях і мроях. Каб не тваё каханьне, я б ніколі не выжыла. А дарэчы, як твая кніга? Дапісаў?

-- Канцоўка не атрымліваецца. Нічога не магу прыдумаць. Кажуць, што мужчына мусіць пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына. Беларусам цяжка гэта зрабіць. Толькі жыць пачнуць, як ворагі лясы выпальваюць, дамы нішчаць, сыноў забіваюць. Вось жа, замест гэтага, беларусы будуюць мару. Мая кніга – гэта тая ж мара, мой дом. Мне ж ніяк не выходзіць дапісаць кнігу, дабудаваць дом. Відаць, яшчэ нешта будзе…

... Яны ішлі абняўшыся, хмельныя ад радасьці. На цэнтральнай плошчы зьбіраліся пенсіянеры з партрэтамі Лепшага, аперазаныя чорнымі стужкамі. Перад імі апантаны прамоўца абяцаў правесьці з Галандыі малакаправод.

У кожную кватэру прамоўца абяцаў паставіць яшчэ два кранікі і разам з гарачай і халоднай вадой падаваць піва і віно. Іх ён зьбіраўся правесьці пасьля інтэграцыі з Германіяй і Францыяй.

-- Лозунг дня! -- крычаў прамоўца:-- ДОЛОЙ ДУРОПРОВОД! ДА ЗДРАВСТВУЕТ -- ВИНОПРОВОД! ПИВО -- В КАЖДЫЙ РОТ!

Ішла перадвыбарная прэзыдэнцкая кампанія.

Тут жа маладыя хлопцы рабілі бізнэс. Яны абменьвалі ў пэнсіянераў іх прыватызацыйныя чэкі на відэакасеты з запісамі выступаў Лепшага.

Шмат дзе было відаць, як людзі цягнулі ў хаты гербавыя Лепшыя седалы для унітазаў. Па горадзе ляцелі чуткі, што тыя, хто будзе мець гэтыя седалы, не будзе плаціць за камунальныя паслугі.