Выбрать главу

Янка Купала

Курган

I
Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт[1] уцяклі, - Ўдзірванелы[2] курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім. Сухазелле у грудзі ўпілося; Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, - Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку[3] воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, - Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ... Толькі гутарка ходзіць такая.
II
На гары на крутой, на абвітай ракой, Лет назад таму сотня ці болей, Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной Грозна, думна[4] глядзеў на прыволле.
У нагах у яго рассцілаўся абшар[5] Хвоек гонкіх і пахані чорнай, Сонных вёсак шары[6], хат амшалых[7], як мар, Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам; Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму, Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй; Стражы князевы - ў полі і дома, Толькі модлы[8] раслі небу ў сэрцах людзей, І пракляцце расло пакрыёма[9].
III
Раз бяседа[10] вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі[11]: За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вяселле-разгул наплыло, як на сход, Госці знатных зусюль, за паўсвету, Гэткай гучнай бяседы не номніў народ, Гэткіх скарбаў, брыльянтаў[12], саетаў[13]!..
Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня, І музыкі, і чаркі звінелі; Выдумлялі забаў новых кожнага дня; Што хацелі - ўсяго госці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну Для дружыны пацеху-забаву: Загадаў ён пазваць гусляра[14]-старыну, Гусляра з яго ведамай славай.
IV
Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала; Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, - Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары[15], чарэсні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць, Салавей-птушка ў той час сціхае; Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць, Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня[16] вечнага «піць» не заводзіць: Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.
V
Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты: Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп, На цагляным парозе магната[17].
Невыдумная світка[18] - убор на плячах, Барада, як снег белы - такая, Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе; Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах, Заміраючы ў сховах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь[19], белы дзед, І чакае ад князя прыказу.
VI
- Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай, Славай хат маіх подданых слаўны?! Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, - Князь умее плаціць незвычайна!
вернуться

1

У нябыт — у забыццё.

вернуться

2

Удзірванелы — пакрыты дзірваном, густа зарослы травою.

вернуться

3

Піліпаўка — час зімою, калі пачынаюцца моцныя маразы, завеі.

вернуться

4

Думна — горда.

вернуться

5

Абшар — прастор.

вернуться

6

Сонных вёсак шары — нерухомыя цені нібы паснуўшых вёсак.

вернуться

7

Амшалых — пакрытых мохам.

вернуться

8

Модлы — малітвы.

вернуться

9

Пакрыёма — употай.

вернуться

10

Бяседа — застолле.

вернуться

11

Садзіць на пасад — выдаваць замуж.

вернуться

12

Брыльянт — каштоўны камень.

вернуться

13

Саета — багатае адзенне з атласу і шоўку.

вернуться

14

Гусляр — чалавек, які іграе на гуслях, музычным інструменце.

вернуться

15

Ясакар — таполя.

вернуться

16

Каня — балотная чайка, крык якой нагадвае гукі піць-піць-піць.

вернуться

17

Магнат — памешчык, буйны землеўладальнік.

вернуться

18

Світка — вопратка, пашытая з даматканага сукна.

вернуться

19

Лунь — ястраб-мышалоў, у якога белае (светла-шэрае) апярэнне.