Выбрать главу

Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:

— Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — звярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца — жалю, смутку, па-нашаму — могілкі — носіць найменне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часцю пісаны яны на дасочках, часцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, усярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец… Толькі дужа страшна ісці там.

Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.

На момант спынілася размова, а пазней памалу перайшла на знамянітую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэта была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што ўласнымі вачамі чытаў у старых метрычных кнігах, у архіве віцебскай лютэранскай кірхі запісь на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы.

— А найперш ёсць там, — казаў ён, — летапіс Полацкага княства, пісаная рукой св. Еўфрасініі, праўдзівы экземпляр «Повесці врэменных лет», бо дахаваўшыяся да нашых дзён копіі пераблутаны і далёкі ад арыгінала, далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, візантыйскія хранографы і г.п.

Памешчык сказаў:

— Васільяне ведалі, дзе захавана бібліятэка, але, баючыся, каб яе не забралі езуіты і не знішчылі, хавалі месца яе знаходжання ў сакрэце.

Гутарка зацягнулася да познай ночы.

Развітаўшыся, мы разышліся кожны ў свой бок.

Мой пакой у гасцініцы быў на другім паверсе, і вакно выходзіла ў сад, за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў кшталце кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміранню роднай старасвеччыны. У стылю агалоўка было нешта няўхватнае, што напамінала мне стыль нядаўна бачанага медалю, які паказваў Падземны чалавек. Ці ж бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на абраменне вакна і задумаўся. Перада мной, у фантазіі, стаў расці стылёвы горад з аграмаднымі дзіўнымі будоўлямі…

ІІ

Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча Падземнага чалавека. Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, прычым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.

Калі вакно было адчынена, ён сеў на падваконнік, зажыў з сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:

— Я даўно ўжо ведаю ход у схаваную бібліятэку, але сам не рухаў яе і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не заграбілі ў нас і гэта наша апошняе багацце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой свечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае…

Няма што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.

Мы сышлі па драбіне ўніз, аднеслі яе ў старану і паклалі на зямлі, а самі цішком вымкнуліся з брамы і скіраваліся ў старану Верхняга замка. Мінут за 20 мы былі на месцы. На гары, у старану Дзвіны, тады стаялі яшчэ руіны замкавых будынкаў, у якіх да 1839 года месціўся Васільянскі вуніяцкі манастыр.