Выбрать главу

Паверхня скалы заварушылася, зморшчылася, у скале ўзнiкла вялiкая дзiрка, з якой валiў дым, потым адтуль высунулася галава, падобная да змяiнай, чорная як ноч, цвёрдая, як чорнае дрэва, вялiзная, як цень ад хмары. Яна пакруцiлася сюды-туды на тоўстае шыi i кiнулася наперад. Натоўп хлынуў назад, i вершнiк застаўся сам-насам з агiдным монстрам. Конрад убачыў, як рыцар азiрнуўся, каб ён завярнуў каня, дык мог бы яшчэ захаваць жыццё. Але шукаць паратунку ён не схацеў.

Конрад вельмi спалохаўся. I апошняе, што ён паспеў заўважыць, раней чым даў цягу, — гэта страшэнны ўраган, якi раптам узняўся вакол замка i ў адно iмгненне паздзiраў з яго ўсе ўпрыгожаннi: i сцяжкi, i дываны, i стужкi.

Дрэнныя навiны разлятаюцца хутка. Не было выключэннем i тое, што здарылася каля палаца. Таму дома нават не заўважылi, што Конрад згубiўся. Мацi, праўда, некалькi разоў пыталася: «Куды гэта Конрад падзеўся?» — але нiхто не мог нiчога ёй адказаць. Старэйшыя сыны i iх сябры толькi i рабiлi, што абмяркоўвалi жахлiвы лёс жанiха прынцэсы Гэрмiёны. Таго дня прынцэса павiнна была пабрацца шлюбам з сынам манарха суседняй дзяржавы. Гэта быў вельмi прыемны малады чалавек: галантны, смелы, прыгожы — добрая партыя для прынцэсы.

— А цi бачыла яго прынцэса калi-небудзь раней? — пацiкавiлася мацi.

— Якая рознiца?! — абурыўся муж. — Гэты шлюб зрабiў бы нас наймацнейшай дзяржавай! А хто цяпер захоча ўзяць яе ў жонкi?

— Ну, такiх, хто захоча, будзе болей, чым трэба, — упэўнена сказаў Леа. Прынцэсе толькi семнаццаць гадоў, i яна сама прыгожая дзяўчына ў свеце.

Спрачацца тут было немагчыма, бо Леа сказаў праўду. Пра прынцэсiну прыгажосць расказвалi легенды. Калi ў iншых краiнах мужчыны параўноўвалi каханую з ружаю, з сонцам цi зорамi, дык у iх каралеўстве найбольшаю пахвалою было параўнанне з прынцэсаю Гэрмiёнай.

Яна была такая прыгожая, што калi яна нешта рабiла цi нават проста размаўляла, — ужо адно гэта псавала яе прыгажосць. Таму прынцэса нiчога не рабiла i размаўляла вельмi рэдка. Яна амаль не выходзiла з палаца, шкадуючы сваiх падданых, бо як толькi яны яе бачылi, дык не маглi ўжо кахаць болей нiкога, апроч яе. Так яна i жыла ў самоце, i простыя людзi — такiя, як Конрад i яго браты, — нiчога пра яе не ведалi. Апроч таго, вядома, што прынцэса неверагодна прыгожая.

— Ясная рэч, — разважаў Леа, — новы жанiх павiнен быць добра ўзброены i падрыхтаваны да бойкi з цмокам. Што мог зрабiць гэты небарака? Ён шыкоўна апрануты, але ж без зброi… Каралю трэба будзе, вiдаць, выклiкаць палiцыю цi загадаць, каб замуравалi дзiрку ў скале, i тады цмок памрэ з голаду.

— Небарака прынцэса! — уздыхнула мацi. — Якi гэта ўдар для яе!

Потым яны пачалi спрачацца, дзе была прынцэса, калi цмок праглынуў яе няшчаснага жанiха. Адны казалi, што бачылi яе каля акна, другiя, — што яна якраз тады малiлася ў каплiцы. Але ўсё гэта былi толькi чуткi. Нарэшце бацька, стамiўшыся ад спрэчак, сказаў:

— А мне здаецца, што яе нiдзе не было.

— Як гэта так? Недзе ж яна павiнна была быць, — не пагадзiлiся астатнiя.

— Ну, я сказаў тое, што думаю, — адказаў бацька.

У гэты момант увайшоў Конрад. Ён чакаў, што яму дадуць дыхту за тое, што ён гэтак позна вярнуўся. I ў любы iншы дзень так бы яно i было. Але тым вечарам усе былi занадта ўсхваляваныя, i яго познi прыход быў успрыняты, як звычайны хлапечы жарт. Конрад хацеў быў расказаць пра тое, што ўбачыў у лесе. Але як толькi пачаў, перад яго вачыма раптам да драбнiц усплыло ўсё, што здарылася каля палаца. Хлопчык адразу спалатнеў i змоўк. Браты крыху пасмяялiся з малога i зноў пачалi размову пра цмока, пра прынцэсу ды пра яе жанiха.

Конрад вельмi стамiўся, дарога дадому падалася яму бясконцаю, але пакуль ён iшоў, яго ўвесь час падтрымлiвала думка, што бацькi i браты будуць з захапленнем слухаць пра ягоныя прыгоды. Якое ж яго чакала расчараваннс! Леа ўвогуле не зацiкавiўся расказам, а Рудольф сказаў, што з такой далечынi наўрад цi можна было што-небудзь добра разгледзець. Што зробiш, яны былi дарослыя, а ён малы… Што ён мог ведаць пра такую сур'ёзную справу?! Браты зноў пачалi балбатаць, абмяркоўваючы, колькi народу, апроч прынца, з'еў цмок ды куды магла падзецца рака чорнай крывi… I такi цудоўны дзень скончыўся для Конрада вельмi сумна.

Увесь каралеўскi двор быў, безумоўна, у жалобе. Дзеля знiшчэння цмока быў прызначаны генерал. Але з самага пачатку перад харугвай будучых мсцiўцаў, якiя падпарадкоўвалiся непасрэдна генералу, паўстала неадольная перашкода: цмок некуды знiк, не пакiнуўшы анiякiх слядоў. Нават дзiрка, праз якую ён вылазiў, таксама знiкла! Прафесiйныя альпiнiсты, надзейна прывязаныя вяроўкамi, абследавалi кожную пядзю скалы — спачатку дзеўбучы яе кiркамi, а потым разглядаючы ў мiкраскопы, — але не знайшлi анi шчылiны. Маленькiя кветкi, што чаплялiся за скалу i якiя прынцэса, па чутках, вельмi любiла, па-ранейшаму раслi i квiтнелi, нiбыта нiчога не здарылася.