Выбрать главу

Дзецi па двое i па трое, i цэлымi гуртамi пачалi знiкаць у лесе, i неўзабаве мантыя поплава зноў засталася проста зялёнай.

— Ну вось, усю вышыўку папаролi, — уздыхнула Прынцэса.

У чыстым блакiтным небе ярка ззяла сонейка; кветкi, раскiданыя ў свежай зялёнай траве, разгортвалi свае прыгожыя пялёсткi. Быў першы дзень траўня.

Але раптам хмара захiнула сонца, i цiшыню працяў страшны крык, якi ляцеў аднекуль здалёк. У тую ж хвiлiну з лесу на лог шматкаляровым струменем хлынулi дзецi. Увесь поплаў залiлi чырвона-жоўта-бела-блакiтныя хвалi. Дзецi крычалi i вiшчалi ад жаху. Але i ў гэтым страшэнным гармiдары Прынцэсе ўдалося разабраць асобныя словы, якiя лопалiся, як бурбалкi, праткнутыя вострай iголкай.

— Цмок, цмок, люты цмок! — крычалi дзецi. — Хутчэй! Адчынiце браму! Цмок! Iдзе цмок!

Адно за адным яны ўляцелi ў гарадскую браму, i Прынцэса пачула, як вароты ў iх за спiнай з трэскам зачынiлiся.

На поплаве нiкога больш не засталося.

I ў гэты момант кусты ружаў на дальнiм беразе рова затрэслiся, затрашчалi пад цяжарам нейкай вялiзнай, палымянага колеру, жудаснай пачвары, якая кiнулася ў роў, патаптала вакол усю папараць i зноў схавалася ў лясным гушчары.

Прынцэса спусцiлася ўнiз i расказала пра ўсё, што ўбачыла, сваёй мамцы. Тая адразу зачынiла вялiкiя дзверы ў вежу на ключ i схавала яго сабе ў кiшэню.

— Няхай самi пра сябе клапоцяцца, — сказала яна, калi Сабрынэта папрасiлася ў горад дапамагчы напалоханым дзецям. — У мяне свая справа, мая даражэнькая. Я павiнна цябе зберагчы, i я цябе зберагу. Няхай я старая, але ключ у замку павярнуць яшчэ здольная.

Сабрынэта зноў паднялася на вежу i горка заплакала, шкадуючы бедных дзетак. Яна добра ведала, што брама ў гарадскiм муры не цмокатрывалая i што цмоку будзе зусiм не цяжка прабрацца ў горад, калi толькi ў яго ўзнiкне такое жаданне.

Тым часам дзецi, вярнуўшыся ў горад, адразу пабеглi да Прынца i расказалi яму, што па лесе ходзiць вялiзны i люты цмок.

Прынц вельмi ўзрадаваўся, ён нават кiнуў сцябаць пугай сваiх бедных сабак, што было ў яго ўлюбёнай забавай.

— Цудоўнае будзе паляванне, — сказаў ён i загадаў, каб да палявання зараз жа падрыхтавалi найлепшую зграю гiпапатамаў.

Тут трэба, вiдаць, сказаць, што ў Прынца была звычка паляваць на буйную жывёлу з гiпапатамамi. Увогуле жыхары каралеўства нiчога супраць такой яго прыхамацi не мелi б, але кожны раз, калi Прынц выпраўляўся на шпацыр, верныя гiпапатамы ўсёй зграяй кiдалiся за iм. Яны страшэнна раўлi i тапталi ўсiх, хто не паспяваў схавацца.

Кожны Прынцаў выезд наганяў вялiкi сум на зяленшчыкаў, што гандлявалi на базарным пляцы, i на ганчароў, якiя прыгожа раскладалi тавар уздоўж тратуараў. Гiпапатамавае шэсце заўсёды канчалася для iх поўнай галечай.

I вось Прынц выехаў з палаца. Гiпапатамы з грукатам пабеглi за iм, а людзi, ледзь пачуўшы гук ягонага рога i роў зграi, пабеглi хавацца па дамах.

Зграя гiпапатамаў працiснулася праз браму i наўзгалоп памкнула праз лог паляваць на цмока.

Тым з вас, хто нiколi не бачыў палявання з гiпапатамамi, будзе, напэўна, цяжка ўявiць сабе гэтае незвычайнае вiдовiшча. Бо, па-першае, гiпапатамы не брэшуць, як ганчакi, а рохкаюць, як свiннi, ды яшчэ вельмi гучна i люта. А па-другое, яны ж, вядома, не бегаюць выключна па сцежках i не скачуць цераз агароджы, каб iх не папсаваць. Пасля сябе яны пакiдаюць паламаны на трэскi плот, вытаптаныя палi i вельмi незадаволеных Прынцавым паляваннем фермераў.

Кожны гiпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якiм былi выгравiраваныя iмя гiпапатама i адрас. Але, калi фермеры звярталiся па адрасе, а гэта значыць — прыходзiлi ў палац, i пачыналi скардзiцца на гiпапатамаў i распавядаць пра страчанае праз iх збожжа, Прынц адказваў: «А няма чаго пакiдаць у мяне на дарозе непрыбраныя палi. Так вам i трэба!» — i нiколi нiчога не плацiў.

Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, вiдаць, лягчэй зразумець, чаму знайшлiся людзi, якiя, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гiпапатамамi на паляванне, цiхенька казалi: «А каб цябе самога цмок праглынуў!» Вядома, вельмi блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж i гаспадар быў надта ўжо дрэнны.

Паляўнiчыя доўга шукалi цмока ў палях i ў лясах, але не толькi што яго не знайшлi, — а нават паху яго не ўчулi. Цмок, вiдаць, трапiўся надта ўжо сарамлiвы — не хацеў паказвацца.

I вось, калi Прынц ужо быў падумаў, што нiякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гiпапатам падаў голас.

Прынц адразу затрубiў у рог i голасна крыкнуў: «Ату яго, ату!» Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нiзiне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнiк сама сапраўдны цмок!

Ён быў велiчынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя блiскучыя зубы.