Выбрать главу

— Паляванне пачалося! — радасна крыкнуў Прынц.

I паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца i кiнуцца наўцёкi (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гiпапатамаў i…

Прынц, якi сядзеў на слане i сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам i расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны iшлi паляваць, сам у адно iмгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гiпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкi мяса. Горка было глядзець, як ад зграi, якая ўсяго некалькi хвiлiн назад весела рохкала пад гукi паляўнiчага рога, не засталося нiводнага гiпапатамяня. А цмок усё яшчэ зiркаў улева ды ўправа, цiкуючы, цi не прапусцiў ён каго-небудзь.

Убачыўшы ўсё гэта, Прынц цiхенька саслiзнуў са слана — з таго боку, якi быў далей ад цмока, — i з усiх ног кiнуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галiны густых кустоў. Стаўшы на карачкi, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе нiколi не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад i жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва.

У лесе панавалi цiшыня i спакой. Цяжка было ўявiць, што недзе паблiзу ходзiць люты цмок.

Мала-памалу Прынц супакоiўся. Ён папiў са сваёй срэбнай паляўнiчай бiклагi, выцягнуў ногi i, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькi слязiнкi не пралiў, але й не ўздыхнуў нават па сваiх няшчасных гiпапатамах, якiх сам прыручыў, якiя елi з ягоных рук i доўгiя гады верна служылi яму, рызыкуючы на паляваннi жыццём, толькi каб яго пазабавiць.

Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былi жорсткiя зблытаныя валасы, брудна-шэры твар i каменнае сэрца.

Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калi прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла i працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, i толькi недзе непадалёку свяцiўся маленькi чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў блiжэй i ўбачыў невялiчкае вогнiшча. Побач сядзеў юнак з доўгiмi залацiстымi валасамi. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмi прыгожы i добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкiх дзiўных жывёл, якiя, здаецца, спалi.

— Хто ты? — ганарыста спытаўся Прынц.

— Я Эльфiн, свiнапас, — адказаў юнак у лахманах. — А вы хто?

— Я — Прынц Абрыдак.

— Што ж гэта вы робiце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? здзiвiўся Эльфiн.

— Я тут паляваў непадалёку.

Свiнапас зарагатаў:

— Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нiчога сабе, добрае паляванне! Я за iм назiраў разам з маiмi свiнкамi. Гэта было вельмi цiкава.

Усе жывёлы адразу засаплi ў сне i зарохкалi, i Прынц пазнаў свiней — у каго ж яшчэ могуць быць такiя манеры?

— Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглi б уратаваць сваю зграю, прамовiў юнак.

— Пра што ты гаворыш? — падазрона спытаўся Прынц.

— Як пра што? Вядома ж, пра цмока, — растлумачыў Эльфiн. — Рэч у тым, што вы выйшлi паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы.

— Вось ужо дзякуй, — прашаптаў Прынц i перасмыкнуў плячыма. — Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну i дурань жа ты, свiнапас!

— Што ж, — усмiхнуўся Эльфiн, — як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмi будзе цiкава паглядзець!

— А ты яшчэ i грубiян! — абурыўся Прынц.

— Ды якi я грубiян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, — адказаў Эльфiн.

— Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваiх гiпапатамаў?

— Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калi я скажу?

— Калi скажаш мне што? — хiтра перапытаў Прынц.

— Тое, што вы хочаце ведаць.

— А я нiчога не хачу ведаць, — адказаў Абрыдак.

— Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, - здзiвiўся свiнапас. — Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамi?

— Увогуле гэта было б няблага, — прызнаўся Прынц.

— Я нiколi не вызначаўся цярплiвасцю, але цяпер у мяне ўжо зусiм яе не засталося. Апошнi раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу?

— Палову каралеўства i маю кузiну Прынцэсу за жонку, — хуценька адказаў Абрыдак.

— Добра, — пагадзiўся свiнапас. — Тады слухайце: цмок уначы робiцца маленькi! Ён спiць пад карэннем гэтага дрэва, i звычайна я карыстаюся iм як запальнiчкай, каб развесцi агонь.

I праўда, калi Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямi дрэва, ва ўтульным iмшаным гняздзечку, спiць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькi з палец.

— I як мне яго можна забiць? — спытаў Прынц.

— Не ведаю, цi можна яго забiць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую бiклажку, а потым занесцi куды-небудзь.