Выбрать главу

Падышоўшы да вежы, Сабрынэта са здзiўленнем убачыла, што вялiкiя дзверы ў вежу адчыненыя.

А здарылася вось што: некалькi доўгiх гадзiн цмок цярплiва сядзеў ля вежы i чакаў Прынца. А як толькi той адчынiў дзверы, каб на хвiлiнку выбегчы i ўкiнуць у паштовую скрынку лiст да свайго Першага Мiнiстра (у якiм паведамляў, дзе ён цяпер знаходзiцца, i загадваў тэрмiнова выслаць на барацьбу з цмокам каралеўскую пажарную брыгаду), — як толькi ён гэта зрабiў, цмок хуценька праглынуў яго i, не марудзячы болей, пасунуўся да лесу, бо наставаў час рабiцца маленькiм i класцiся спаць.

Сабрынэта спакойна ўвайшла да сябе, пацалавала мамку, прыгатавала ёй кубачак смачнай гарбаты i распавяла пра ўсё, што здарылася, ды сказала, што сэрца ў яе, як высветлiлася, — з чыстага золата i таму цмок не можа зрабiць ёй нiчога дрэннага. Тады, зразумеўшы, што нiякая небяспека Прынцэсе не пагражае, мамка дазволiла ёй вярнуцца ў лес.

А Сабрынэта ўзяла цмокатрывалую бутэльку з напалiраванага да бляску мосенжу i шпарка пабегла да Эльфiна, якi пачаў быў ужо хвалявацца.

— Я ўжо баяўся, што ты нiколi не вернешся, — сказаў ён, — здаецца, я прачакаў цябе цэлых сто год.

Прынцэса прысела побач з Эльфiнам на траву, i так, трымаючы адно аднаго за рукi, яны моўчкi прасядзелi разам з чорнымi свiнкамi, пакуль не сцямнела. Калi ж зрабiлася зусiм цёмна, яны ўбачылi цмока, якi шпарка поўз да дрэва, i за iм на мху заставаўся гарэлы след. Цмок хутка памяншаўся i зрабiўся нарэшце даўжынёю з палец. Тады ён залез пад корань i, утульна скруцiўшыся, падрыхтаваўся да сну.

— Пара, — сказаў Эльфiн.

Сабрынэта ўзяла бутэльку, а Эльфiн пачаў падштурхваць цмока галiнкамi i прымусiў яго запаўзцi ўсярэдзiну.

Але ў iх не было чым бутэльку закаркаваць!!!

— Ну, нiчога, — вырашыў Эльфiн, — замест корка я ўсуну свой палец!

— Не, дазволь лепей мне, — папрасiла Прынцэса, але адразу зразумела, што Эльфiн ёй гэтага не можа дазволiць.

Хлопец асцярожна засунуў палец у рыльца бутэлькi.

Прынцэса закрычала:

— Хутчэй! Трэба бегчы да мора!

Эльфiн моцна схапiў бутэльку з цмокам, i яны пабеглi. А за iмi доўгаю чорнаю чарадой трушком беглi свiннi.

Бутэлька пачала награвацца, бо цмок што было моцы пачаў плявацца агнём. Яна рабiлася ўсё гарачэйшая i гарачэйшая, пакуль не распалiлася аж да чырванi. Але Эльфiн нi на хвiлiну не выпускаў яе з рук. I вось нарэшце яны ўзбеглi на скалу i ўбачылi ўнiзе блакiтнае мора. А гэтае мора было славутае сваiм вiрам, якi мог зацягнуць i патапiць нават сама вялiкi карабель.

Эльфiн размахнуўся i шпурнуў бутэльку далёка-далёка. Яна ўзляцела ажно да зор, а потым трапiла ў самую сярэдзiну вiру.

— Мы выратавалi краiну, — урачыста сказала Прынцэса. — Ты ўратаваў маленькiх дзетак. Дай мне сваю руку.

— Не магу, — сумна адказаў Эльфiн. — Мiлая мая, я ўжо нiколi не змагу ўзяць цябе за ручку, бо мае рукi згарэлi.

I праўда, замест рук у яго засталiся толькi чорныя вугалi. Прынцэса ў слязах пачала цалаваць абвугленыя Эльфiнавы рукi, а потым разадрала сваю чароўную белую сукенку i дбайна iх перавязала.

Неўзабаве яны вярнулiся дадому i расказалi пра ўсё Прынцэсiнай мамцы. А свiннi тым часам сядзелi вакол вежы i цярплiва чакалi.

— Ва ўсiм свеце не знайсцi чалавека, смялейшага за Эльфiна, — сказала Прынцэса. — Сваёю адвагаю ён уратаваў нашую краiну i маленькiх дзетак. Але бедныя, бедныя яго рукi!

У гэтую хвiлiну дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшла сама старая свiння. Яна падышла да Эльфiна i, пяшчотна рохкаючы, пацерлася аб яго бокам.

— Вы толькi паглядзiце! — сказала мамка i абцерла слязу. — Жывёлiна, а разумее, усё разумее!

Сабрынэта пачухала свiнцы за вухам, бо ў Эльфiна цяпер рук не было.

— Адзiны сродак ад цмокавых апёкаў, - зноў сказала мамка, — гэта свiны тлушч. I адданая iстота ведае гэта.

— Нi за што ў свеце! — крыкнуў Эльфiн i паспрабаваў палашчыць свiнку абпаленым локцем.

— Няўжо нiчога iншага нельга прыдумаць? — спытала Прынцэса.

Але тут яшчэ адна, чорная, як вугаль, свiнка ўвайшла ў пакой. Потым яны пачалi ўваходзiць адна за адной, i неўзабаве ўвесь пакой быў запоўнены круглымi чорнымi свiннямi. Яны ласкава рохкалi, i кожная спрабавала падлезцi да Эльфiна.

— Ну… Увогуле ёсць яшчэ адзiн сродак, — адказала мамка. — Мiлыя, адданыя жывёлы! Яны ўсе гатовыя памерцi, каб уратаваць Эльфiна.

— Якi сродак, якi? — з хваляваннем перапытала Прынцэса.

— Калi ў каго-небудзь цмокавы апёк, — задуменным голасам пачала мамка, — i пэўная колькасць асобаў гатовая памерцi, каб уратаваць яго, дык кожнай з гэтых асоб дастаткова пацалаваць яго ў абпаленае месца i ад усяе душы пажадаць, каб раны загаiлiся.