Выбрать главу

Яшчэ ў час вучобы, некалькі гадоў назад, калі на адным з экзаменаў Вінярскаму ні за што паставілі тройку — толькі з-за асабістай непрыязнасці да яго выкладчыка, — ганарысты, крыўдлівы хлопец вырашыў, што жыць тут — гэта зажыва пахаваць сябе. Разумны, халодны, без комплексаў (такім лічыў сябе Вінярскі), ён мог праявіць сябе толькі там, дзе б яго паважалі і цанілі. Гэта была сапраўдная мэта, дзеля такой варта было жыць. I дзякаваць Богу, яна прыйшла яму ў галаву даволі маладому, калі быў яшчэ студэнтам. Час наперадзе ёсць. Некалькі гадоў — ды хоць дзесяць, і тады яму будзе толькі пад трыццаць — пажыць аскетам, назіраць усё, запамінаць, нікога не любіць — і збіраць грошы. Любымі спосабамі. Акўпіцца і апраўдаецца ўсё. Ен разумеў, вельмі добра разумеў Стэльмаха, калі той расказваў пра сябе!..

Сам Вінярскі збіраць грошы пачаў яшчэ ў інстытуце, рублямі: фарцаваў, ездзіў у Прыбалтыку, дзе скупляў падробленыя пад «фірму» красоўкі і джынсы, у Мінску перапрадаваў… Потым, калі закруцілася перабудова і «адкрылі» Польшчу, пайшло лягчэй. Ён пачаў цікавіцца палітыкаю, радаваўся, як яно ўсё нечакана паварочваецца, і адначасова трывожыўся, што такіх, як ён, становіцца ўсё больш. Усіх такіх, як сам, яму трэба было ненавідзець з-за канкурэнцыі. Але сёе-тое перападала і на яго долю. I вечарамі, зачыніўшыся ў сваім пакоі, Вінярскі падоўгу пералічваў рознакупюравую «зеляніну», даляры, разглядваючы на святло, разгладжваючы пальцамі кожную купюру. Ен складаў даляр да даляра, па сотцы, перацягваў гумкаю, пералічваў яшчэ раз пачкі і замыкаў у шуфлядку на ключ, ведаючы, што гадзін праз колькі, калі ён пачытае газеты і паглядзіць тэлевізар, ён зноў зачыніцца, і зноў пачнецца ўсё спачатку… Ен разумеў Стэльмаха.

З кожным месяцам, пасля кожнай удалай паездкі — а ў яго амаль усе былі ўдалыя, — купюраў большала, і большала яго радасць, гонар за сябе, за сваю кемлівасць, спрыт, — большала і нянавісць да некага, хто таксама збірае грошы і пра нешта марыць. Вінярскаму гэта было можна, ім — нельга. Для іх грошы былі адзенне, ежа, у лепшым выпадку машына ці кватэра, а для яго — толькі віза і замежны пашпарт. Куды? Хоць у Аўстралію, хоць куды — толькі б далей ад усяго, што вакол, далей ад хамства, тупасці, жабрацтва… Проста не чапайце мяне, дайце спакойна купіць білет на самалёт ці на цягнік; я паеду ў любы еўрапейскі, амерыканскі, аўстралійскі горад, у любое Богам забытае мястэчка (калі там ёсць такія). Я гатовы працаваць грузчыкам, парабкам, мыць посуд, падмятаць вуліцы, прыбіраць туалеты — і рана ці позна я дачакаюся свайго, дакажу, што я люблю і ўмею працаваць, напомню пра свой дыплом урача і пра свой вопыт… Хай мне даюць выпрабоўчы тэрмін — я ахвотна пайду санітарам, асістэнтам, прыбіральшчыкам, дакажу сваю адданасць, і мяне ацэняць. А там — свой домік, сад, прыслуга, машына. Больш нічога не трэба. Нідзе не трэба кідацца ў вочы. Мне і гэтага хопіць на ўсё жыццё. Галоўнае — будзе акуратны гарадок, дахі з чырвонай чарапіцы, клумбы з ружамі, чыстыя вуліцы, ціхі вечар і людзі, якія ўмеюць радасна смяяцца — як гэтыя, каля кіёска, — не баючыся, што на іх будуць азірацца і круціць пальцамі каля скроняў.

Яму нікога і нічога не шкада будзе тут пакідаць. Бацькі? Бедныя, затурканыя маралісты, маці, без пары ссівелая, напаўсляпая ад вечнага чытання чужых сшыткаў, з акладам настаўніцы, які больш нагадвае жабрацкую міластыню, чым плату за такую катаржную працу; бацька — будаўнік, які ўсё жыццё ляпіў тыпавыя, падобныя адна на адну, як васковыя ромбы ў сотах, цёмныя цесныя клеткі — так званыя «кватэры»… Што яны бачылі, што ведаюць? Для іх вяршыняй шчасця было тое, што ён скончыў медыцынскі інстытут, а найбольшая мара — каб ён гадоў да пяцідзесяці дабіўся таго, што ёсць цяпер Стэльмах… Але яны нават не здагадваюцца, якая старасць іх чакае! Вядома, ён забярэ іх адсюль, за імі будзе дагляд, лепшая медыцынская дапамога, лепшыя курорты, спакой, хоць пад канец жыцця яны павінны ўбачыць, што свет намнога шырэйшы і святлейшы за трохпакаёвую клетку панельнага дома ў Вяснянцы…