Выбрать главу

Маці памаўчала.

— Не, вядома ж, не памятае, — сказала яна.

Р а з д з е л VII

Вясна з'явiлася ў Маскву зусiм нечакана. Здавалася, яшчэ нiчога не было, толькi цяклi струменьчыкi бруднай вады з-пад наздраватых куп снегу на газонах, ды цяплейшы стаў адбiтак вячэрняга сонца на мурах дамоў. Усе гэтыя няўлоўныя прыкметы магло заўважыць толькi чуйнае вуха ды вiдушчае вока: больш звонкi, чым зiмой, стук дзявочых абцасiкаў па асфальце, блакiтнае сонейка, якое павiсла на вострым кончыку ледзюка, праменнi, якiя пачалi грэць праз шкло вокан.

А потым пайшло.

Зіма не адступала тут павольна, як у вёсцы, у размераным чаргаванні сонечных дзён і марозных начэй. У горадзе з зімою вялася жорстксія, злая, па-гарадскому, вайна.

Зіму скідвалі з дахаў, як з муроў крэпасці. Яна ляцела ўніз і цяжка ляскалася аб каменні. Яе тленныя рэшткі грузілі на самазвалы і вывозілі прэч, ачышчаючы поле пабоішча.

Яе воіны грувасціліся ўжо за горадам, але зіма, подых яе, усё яшчэ існаваў, усё яшчэ гуляў вуліцамі, усё яшчэ наступаў белымі палямі на гарадскія прадмесці.

I раптам…

…дзяўчынка ў зацішку, за рогам дома, пачала гуляць у "класікі", скакаць на адной ножцы па клетках, накрэсленых крэйдай.

— Мак-мак-мак… дурак.

Чамусьці ўсе дзеці з першым подыхам абнаўлення гуляюць у «класы». Дзяўчынка скакала па клетках, і каленкі ў яе былі голыя.

Гэта і была вясна.

А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карэнні вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.

I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.

Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе лазорава сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.

Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву — а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.

Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэнна. Непрыкметна ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.

Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.

I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, — трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.

— Ты аб чым задумаўся, — шгурхнуў яго Яніс і пажартаваў, - слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.

— Цiпун табе на язык, — шапнуў Андрэй, — я пакуль мошчамi быць не збiраюся.

Голас у цемры стаў іранічным:

— Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?

— Прабачце, — сказаў Андрэй, — Янiс кажа, што «Цыганка» Хальса вельмi падобная на яго жонку.

Адчувальны штуршок пад рэбры:

— Свіння.

— Зайздрошчу, — сказала яна, — вы, Вайвадс, з самага пачатку лекцыі думаеце пра гэта?

— Ён хлусіць, — забурчаў Яніс, — ён проста сказаў, што не хоча быць геніем.

— Супакойцеся, — сказала яна, — гэта небяспека, здаецца, нікому з вас не пагражае.

— З'еў? — спытаў шэптам Вайвадс.

А голас гучаў зноў. I Андрэй паступова зноў забываў аб вясне, паглыбляючыся ў яго мяккія хвалі.

— Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў… Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях — выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін… Прымірэння не было.

Андрэй раптам убачыў, што яна ўзяла нешта з сумачкі, паднесла да вуснаў і глытнула. Потым, пасля паўзы, казала далей голасам, які стаў трохі больш глухім:

— Спыніцца на шляху ён не мог. I з гэтай хвіліны карцінам яго было суджана заставацца з ім да смерці… I гэта пасля славы.