Выбрать главу

— Няхай будзе нашым.

— Пярэчыш мне?

— Цяжка з табою, гаваркі, спрачацца.

Таму спрачацца не буду. У тую часіну моцна здзівіўся мудры князь, раней не бачыўшы такога. Спытаў пра ўзнагароду, але найбольш хацеў паказаць сваю вучонасць. Маўляў, паглядзі, колькі золата маю, толькі жыццё даражэй за ўсё, дык бяры, сколькі зможаш падняць. Не ўразіўся княжай вучонасці просты. Не паквапіўся на здабытае ў цёмных навалах золата. Ды і ліслівіць не схацеў.

— Не, зусім не схацеў. Не ўмеў ён таго.

Не жадаў таго. Памятаю, як весела разляцеліся бліскучыя грошы, быццам непатрэбная драбяза. Гнеўна ўскінуўся ўладарны, але запыніў яго просты сваім словам. Пачуўшы яго, сумеўся князь, бо дзе ж яму ды знайсці вечнае багацце. Лёгка знікае яно, хуткаплыннае, і ў самых багатых княжых сховах не так і доўга шукаць дна. А ён, просты, не сумняваўся. Быў і цвёрдым, і пэўным. І слухаў яго ўладны, прагавіта думаючы пра незлічоныя скарбы, схаваныя глыбока-глыбока. Прадчуваў бязмежную радасць валодання ўсім гэтым.

— Не завалодаў надзвычайным скарбам. Бом, бом, бом!

— Не кожны здолее такі скарб адшукаць. Утрымаць. Спазнаць.

— Не кожны скарб можна ў скрынях жалезных схаваць. Гэта я зразумеў яшчэ тады, як падаваў голас са званіцы.

І я зразумеў гэта даўно. А скарб той чарадзейны. Не ў кожныя рукі і дасца. Ды ведаў мудры князь, што ўсялякай справе свой чалавек патрэбны А хто ж найлепей такое ўчыніць, як не сэрцам чысты, душой просты? Не думаў сам, звыкнуўшы загадваць, што нехта на княжую волю не зважыць, што не збаіцца пагроз. Маўляў, не служыў бы табе, ясны княжа, каб ведаў, што падзяка твая ды адзавецца пагрозным загадам.

— Пагрозным загадам знайсці чарадзейны калодзеж, у якім першае дно ды медна-мядзянае, другое ж срэбна-срэбранае, а трэцяе залатое. Тры дны, бом-бом-бом! І з кожнага ўхапіць.

О, той пагрозны загад. Прыгадай, просты, людскую показку. Зрабіў той калодзеж сам Тур, які горад заснаваў, чары моцна ведаў, ды схаваў таемным словам у цёмнай лясной глушэчы. З тых пракавечных часоў вартуе Тураў калодзеж звярыная лютасць, не дазваляе наблізіцца анікому. Можа быць, на ловах тых выпадкам наблізіўся да чарадзейнай сховы, дык і перастрэў мяне раз’ятраны, мабыць, самім Турам закляты. Ой, не так сабе ты, шчыры, апынуўся паміж намі. Ведаеш, хаваеш. Лепей схову тую ды па-добраму пакажы. А то, бач, разгаварыўся пра вечныя скарбы.

— Паказаў князю чарадзейнай сховы шчыры, а просты.

— Не мог не паказаць. Але застаўся верным сваёй зямлі.

Быў і застанецца. Ляціць з верасовым шэптам яго чалавечая радасць па-над зямлёю, па-над светам. Што ёй гняўлівая княская воля. Цэлую вечнасць быць той радасці, не знікнуць, не мінуцца. Знайшоў чалавеча найвялікшы скарб, і аніхто таго скарбу ў яго не адбярэ, не адніме. І няхай сабе няўцямна чакае князь. І з чаго толькі яго празвалі мудрым?

— Глянь, княжа, вось яно, вечнае багацце. Ніхто яго не скрадзе. Ніхто не прап’е, не прагуляе.

А я трымаю, яго, простага, за руку. Гляджу ва ўсе вочы на бяскрайні абшар палёў і зубчатых лясоў, якія просяць назаўжды з імі застацца. Мяккая, лёгкая зямля пад нагамі. І ведаю, пэўна ж, толькі я адзін, што калісьці тут пралілася злая чорная кроў. Некалі прыйшлі многія, з раскосымі вачамі, з жорсткімі сэрцамі. Здабывалі палоннікаў, множылі попел, пакідалі смерць.

Я так узлаваўся на іх за гэта. Яны засталіся тут назаўсёды. Ніколі не дараваў пажадным. А цяпер проста бачаны-перабачаны мною абшар. І табе, просты, наканаваны.

— Добра князю адказаў, добра людзей павесяліў! А як большага багацця-скарбу не просіш, то атрымай сабе гэты, вечны. Міласцю сваёй княскай дарую!

І загадаў князь закапаць простага ды дзёрзкага ў дол. Ды насыпаць кур­ган на цвёрды напамін ды навуку. Любіў вучонасць, не быў бы мудрым. Мабыць, спадзяваўся, што ходзіць мудрасць там, дзе адкрываюць сваю пашчу пагарда і помста. Хацеў слабыя чалавечыя сэрцы заваяваць. Каб аніхто болей не пасмеў сказаць нязгоднага слова.

Мне заўсёды падабаліся дзёрзкія. Толькі гэты, шчыры, а просты, хоць і хацеў удацца, але такім не быў. Абяцаў вярнуцца да князя, прыйсці зноў да ягоных дзяцей, да ягоных унукаў.

— Чакай мяне і вер, што нічога не мінецца. Будзе пакутаваць род твой. Не мая помста, але твая да цябе вернецца. Чакай, не спадзявайся на выкупленне.

Засмяяўся пагардліва князь. І споўнілі верныя ягоны загад. А я ўсё трымаў таго простага за руку, ведаў апошнія думкі. І спытаў яго многа часу апасля, як забылася ў народзе княжае імя, як мінулася слава мудрага роду:

— Што ж не выканаў ты свайго абяцання? Ты ж мог тое зрабіць.

— Мог. Стацца такім жа, як уладарны. І калі б гэта здарылася, я б пасапраўднаму памёр. А хто ж пажадае сабе смерці?