Выбрать главу

Яны чуйныя, слабыя. Цягнуцца да святла і баяцца цемры. І вечнасць, глыбокая сіняя вечнасць палохае іх. Яны баяцца, што не здолеюць пакінуць слядоў на гэтай зямлі. Што іншыя, мацнейшыя і лепшыя, забудуць пра іх і ніколі не ўспомняць. Нам смешны такі страх. Але ж якое прагавітае жаданне памяці. Якое адчайнае імкненне яе пакінуць. Імгненне. Памяць, няпамяць. Яны вартыя ўспамінаў хоць бы за гэтую смеласць. Яны, адчайныя, ганарлівыя, самаўпэўненыя ды невінаватыя ў тым. Ім жа не хапіла часу зразумець, што памятаць — значыць пакутаваць. Многа памяці — нямала пакут. Але мы — трымаемся. Мы ж — дужыя. Мы ж — магутныя. Мы ж — справядлівыя. Да іх, яркіх, трывожных, але смелых зямных зор.

Мы не адразу зразумелі іх палымянае гарэнне. Здаецца, не разумелі і тады, як пабудзілі наш вечны сон нябесныя агніскі. Агніскі. Агніскі.

— Колькі ж вас? — у захапленні спыталіся мы. — Колькі ўжо мінулася вашых пакаленняў?

Нам важна было дазнацца, што мы не адны такія. Вечныя. Пра што ведалі ад самага пачатку. І шмат пыталіся ў нябесных агнісак. Але не пачулі яны нашых слоў. І дагэтуль нічога нам не адказалі. Ды мы ж — вечныя. У нас ёсць час пачакаць. Ёсць час падумаць, што падобныя зямныя зоркі да агнісак. І зноў хочацца спытаць у іх, імгненных:

— Як трываеце вы такое зыркае мігценне?

Такое моцнае, амаль знішчальнае. Але гэтага мы не пыталіся. Не запытаемся ніколі. Не хочам пакрыўдзіць. Не хочам зашкодзіць. Мы самі зразумеем. Мы ж — мудрыя. Нам аддаў сваю мудрасць час. Халодны, нелітасцівы. Пакутлівы. Тужлівы. І векапомны, і даравальны, і справядлівы. Не, зусім не так сабе справядлівы. Час пакідае легенды ў нашых сэрцах. Каб зрабіць іх мацней? Каб зрабіць іх слабей? У гэтым мы яшчэ не разабраліся.

Пра тыя легенды мы думаем і летамі, і вёснамі, калі глядзім на радасных, летуценных. Яны нават і не павераць, што некалі самі могуць стацца легендай. Можа, узрадаваліся б таму? Але дарма. Дарма. Нам так шкада, што вялікі час дарэшты спляжыць іхнюю радасць. Мы навучыліся яе бачыць і пазнаваць за безліч стагоддзяў. Як жа мы хочам пра ўсё гэта расказаць! Ды не маем змогі падысці да іх, імгненных, не маем змогі мовіць слова. А хто падыдзе да нас? Мы ж — амаль незаўважныя. У азёрах ды рэках, у лясах, на ўзгорках. У вялікім мінулым, якое ўсё чыста бачылі, якое ўсё чыста чулі.

Мы зноў і зноў успамінаем усё, што бачылі-пачулі, дажджамі і завеямі. Каб яшчэ раз перажыць тое, з чаго ўсё пачалося. Каб нанова адчуць радасць і боль. Мы ж тады не ведалі пачуццяў, мы тады яшчэ не навучыліся спачуванню і гневу. Але, пэўныя цяпер, што толькі тады былі па-свойму радаснымі ды летуценнымі. Яшчэ не спазналі нічога з таго, што нам трэба было спазнаць. Але ўжо былі вечнымі. Пачувалі ўжо сябе мудрымі. І веднымі, як аніхто на зямлі. Можа, як на сталы одум, дык не моцна мы і памыляліся. З усёй жа зямлі была толькі неабсяжная белая прастора. Халодна-марозлівая. Але тады мы не ведалі пра холад, бо ніколі не адчувалі цяпла. Мы нарадзіліся і жылі, колькі памяталі сябе, на вялізных гордых вяршынях. Ад таго і самі былі гордымі. Пагардліва глядзелі долу, на тое далёкае, цьмянае, нявартае нашай высокай увагі.

Іншая справа — недасяжная вышыня. Сіняя, то цямнейшая, то святлейшая. Але тады заўсёды халодная. Пахмурная. Мы не хутка, зусім не хутка назвалі яе небам.

— Глядзіце, глядзіце. Якія бліскучыя мігатлівыя іскрынкі! Што ж гэта такое? Што?

Так мы першы раз убачылі агніскі. Не ведалі яшчэ, што яны амаль такія ж, як і мы. Але памяталі іх столькі, колькі памяталі сябе:

— Яны, яны — вечныя. Ды яшчэ сягаюць вышэй за нас. Давайце пазнаёмімся.

Але пазнаёміцца з высокімі, загадкавымі нам тады не ўдалося. Здарылася непрадказальнае. Нечуванае. Здрыгануліся нашыя гордыя вяршыні, здрыганулася з імі сляпуча-непраглядная бель. Здрыгануўся ўвесь свет, які яшчэ не стаўся светам. Затрымцеў, спалохаўся. Але мы не спалохаліся. Нечаканая, непрадказальная забаўка? Дык хто ж адмовіцца ад такога.

І паплылі мы з белым мроівам далёка ад гордых вяршынь. Нас вабіла неаглядная белая далеч. Нам не верылася, што яна бяскрайняя, што за ёю нічога няма. Так спакушалі новыя падарожжы. Паціху аддаляліся ад нашых стромкіх вяршынь, шукалі сабе новы свет, не такі белы, не такі аднастайны. Мы тады яшчэ не ведалі, што новы свет нікога не чакае, нікога не прывячае. Аддаляліся, як знікалі. Шукалі, не знаходзілі. Паўсюль адна сляпучая бель. І тады ўпершыню за сваё вечнае жыццё мы адчулі нешта, такое падобнае да смутку. Узгадалі пра такія знаёмыя, такія мілыя вяршыні. З гэтым як найвялікшае адкрыццё прыйшло спазнанне свайго, роднага. Не, пакуль не радзімы. Мы яшчэ не называлі тую старонку радзімай, а толькі адчувалі лучнасць з ёю, які б час, якая б пратора не паўсталі між намі. Мы яшчэ не ведалі, што такое пачуццё — першае і лепшае, чаму пакуль што навучыў нас свет.