Выбрать главу

— А дзе мама? — спытала дзяўчына. — Сышла ў бібліятэку чытаць гісторыю ўзнікнення паранай рэпы?

— Вы незвычайна здагадлівая асоба, — кіўнуў Томас. — Снедаць будзеце?

— Вядома, — дзяўчына ўселася за стол і ўтаропілася ў кніжку. — Мне каву з вяршкамі, паўтары лыжкі цукру.

Томас здзіўлена падняў бровы. Але нічога не сказаў, моўчкі наліў два кубачкі кавы і ўсеўся побач. Дастаў з торбы кнігу і таксама разгарнуў яе.

— Ого! Вось гэта навіны! Тата адшукаў кіроўцу, які ўмее чытаць! — прамовіла дзяўчына здзіўлена. — Як ваша імя, унікальнае стварэнне?

— Томас, — адказаў ён. — I наогул, я...

— А я — Анжаліка, — яна працягнула руку — і ўпусціла на падлогу сваю кнігу. Томас прыскокнуў, каб падняць, і з кнігі выпаў ліст у невялікім сінім канверціку. Анжаліка тут жа працяг­нула руку і выхапіла ліст.

— Гэта маё! — сказала яна строга. Згрэбла грэнкі, каву, кнігу — i сышла.

Так Томас і стаў асабістым шафёрам прафесара Шпіца. Ніякіх дакументаў у яго не спыталі, толькі імя ды жаданую зарплату, якую і выдавалі кожны панядзелак у белым канверціку. Томас вазіў прафесара ва ўніверсітэт і дадому, ездзіў па даручэннях — забраць кнігі ў краме, парасон з рамонту, заказы ў зяленіўшчыка i бакалейшчыка. Увесь астатні час ён праводзіў у двухпавярховым прафесарскім асабняку, дзе панавалі фрэкен i фрау Шпіц.

Дом быў утульны, але недагледжаны, трохі разняволены, адчуваўся недахоп умелых мужчынскіх рук. Не праходзіла i дня, каб Томас не чыніў якую-небудзь перакошаную палічку, не адкрываў намёртва закатаных слоікаў з леча ці не прыбіваў карніз, які так і марыў адваліцца.

Малады чалавек з лёгкасцю сышоўся з лагоднай і ўсмешлівай фрау Шпіц і часцяком замяняў яе каля пліты, калі ў разгар гатавання абеду яна сустракала ў рэцэпце расплывістае «тушыць 10— 15 хвілін» і сыходзіла ў кабінет мужа, каб на калькулятары вылічыць сярэдняе арыфметычнае. Яе каньком была празмерная ўніклівасць, любоў да дакладных лічбаў і фармулёвак. Сустракаючы ў кулінарнай кнізе выраз «соль, перац на смак» ці «варыць да гатоўнасці», яна гублялася і, спрабуючы знайсці ў тлумачальным слоўніку расшыфроўку гэтакіх няпэўных паняццяў, часам так зачытвалася, што пра гатаванне абеду забывала зусім.

У цэлым жа фрау Шпіц была надзвычайна добрым чалавекам і часцяком вяла з Томасам шчырыя гутаркі за кубачкам кавы.

Зусім іншыя адносіны склаліся ў наваспечанага кіроўцы з прафесарскай дачкой Анжалікай. Дакладней сказаць, яны не складваліся зусім. Томас адкрыта пабойваўся гэту пахмурную паненку ў акулярах і не ведаў, пра што з ёй можна пагаварыць. Строгая і непрыступная, ішла яна ў бібліятэку са звязкам кніг, ці сядзела ў чытальнай зале, штосьці канспектуючы, ці на лаўцы ў садзе чыркала ў нататніку, нахмурыўшы акуратныя бровы-нітачкі, здавалася, яна ўвесь час захоплена навуковымі пошукамі, матэматычнымі падлікамі, праверкай складаных гіпотэз і рашэннем невырашальных тэарэм. Ведаў бы Томас, што насамрэч яна выбірае сілуэт для новай сукенкі, бо хутка да краўчыхі ехаць, а ў галаве яшчэ поўная нявызначанасць, авальны выраз рабіць ці трохвугольны, спадніцусонца ці гадэ... Альбо вырашае, што спячы да чаю, пампушкі ці плюшкі, і ў чым паміж імі розніца, спытаць пра гэта маму ці адразу самой залезці ў слоўнік, і які слоўнік лепш браць, тлумачальны ці кулінарны, і ці не прасцей купіць гатовую выпечку ў кандытара.

Не, Анжаліка не была такой ужо легкадумнай паненкай. Думкі ў яе галаве былі досыць важкія — у сукупнасці, калі злавіць іх усе, звязаць пучком, як радыску, і пакласці на шалі. Паасобку ж гэта была вялікая, пярэстая і вясёлая кампанія самых разнастайных ідэй, сумненняў, разважанняў i азарэнняў. Дачка прафесара Шпіца яшчэ не вырашыла, якой навукай хоча займацца, таму ў яе акуратна прычэсанай галоўцы жылі ўрыўкавыя звесткі з самых розных абласцей, як жывуць у каробцы «Асарці» цукеркі з самымі рознымі начынкамі. Так, Анжаліка чула краем вуха, што ў Окама была брытва, у Шродзінгера кот, а ў Мёбіуса — стужка, але што паважаныя навукоўцы рабілі з гэткім арыгінальным рэквізітам, унікнуць пакуль не паспела.

Яе добрымі якасцямі былі ўседлівасць, удумлівасць і стараннасць, а недахопам — адзін вялікі сакрэт, які замінаў сур'ёзна заняцца навукай. Сінія канверцікі мелі да гэтага сакрэту самае непасрэднае дачыненне. Вось і насуплівала яна бровы і часта бывала не ў гуморы з раніцы, асабліва калі паштальён пакідаў на ганку адны газеты, вось і сядзела з такім непрыступным выглядам, што Томас баяўся. Здавалася, каб падысці да яе, трэба мець вельмі сур'ёзны прадмет для гутаркі, важкую нагоду, — прынамсі, паведамленне пра канец свету ці ўручэнне Нобелеўскай прэміі, але ўжо ніяк не прапанову выпіць разам чаю на балконе.