Выбрать главу

Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне таму назад хацела падаць дапамогу.

Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы. Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. I адразу стала цемра.

…Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума.

Я паспрабаваў устаць. Але цела калацілася, ногі і рукі былі такія ватныя, што я не ўтрымаўся, упаў тварам, рассек шчаку каля рота аб востры камень. I зноў упаў. I зноў. Пасля мяне знудзіла, і стала лягчэй. Я ўсё ж устаў і, хістаючыся, пабег да пасткі.

Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як водаварот.

— Ліз! Лізхен! — Хмара пяску ляснула яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем, ці то рыданнем: — Ах-ха!

Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з’явілася адтуль тоненькая рука з блакітнымі — я з жахлівай яснасцю бачыў гэта — жылачкамі.

— Лі-із!!!

I тут, якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі.

Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў вялізнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.

Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць.

I тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу на ўсю даўжыню яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах, вышынёю з пяціпавярховы дом.

— Хло-оп-цы! Хлопцы!!!

Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і камянямі парыў. Нехта поўз каля мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. I я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:

— Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!

…Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў спадалі пескаспады. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага льва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.

Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.

…Я ляжаў на броўцы яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл, і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела, па меры таго як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі. I слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.

Непадалёк стаялі вайсковы студэбекер і санітарная машына. А каля мяне гаварылі два чалавекі ў форме.

— Я такога яшчэ не бачыў, — сказаў адзін, сівы здаравіла з пагонамі маёра. — Сець і некалькі такіх сабе невялі-ічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі. Гэта значыць, лічылі, што сканцэнтруюцца тут нашы салдаты і тады…

— Гэх, мала чаго мы яшчэ не бачылі. Калі да шкуры даходзіць, то падлюга стакрот падлее.

— Якое няшчасце! Божа мой, якое няшчасце!

Я паступова прыходзіў да свядомасці. Бачыў, як прыкацілі яшчэ два студэбекеры, як ляскаюць унізе рыдлёўкі, як падбягаюць яшчэ і яшчэ людзі, як калоціцца ў руках двух сапёраў Нонка:

— Ролік! Ролік! Пусціце! Пусці-іце!

Мне было ўсё адно, каго яна там кліча. Няхай ніколі не паўторыцца мінулы вечар, няхай ніколі не будзе зорак і вершаў — толькі б іх адкапалі… толькі б іх… толькі б іх…

Праз гадзіну аднаго сапраўды адкапалі — Багдана. Праўдзівей, тое, што калісь было Багданам. I ён ляжаў на плашч-палатцы, і на яго з кожным парывам дняпроўскага ветру ападалі жоўтыя змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з корнем старога каштана.

Пасля, калі кроў перастала ісці, а ногі ўжо не так дрыжалі, я спусціўся да сапёраў. Галава мая то ўспухала, то сціскалася да памераў макавага зерня, але я капаў, капаў, капаў.

Яшчэ праз паўгадзіны адкапалі яшчэ аднаго. Гэта быў Карл. Скурчаны, нібы распляснуты. Тое, што было Карлам, сінявокім, бялявым, худым і доўгім хлопцам, які мог — я толькі цяпер зразумеў гэта — зрабіцца маім лепшым сябрам, калі б толькі я не быў такі дурны, калі б не жыў мінулым болем і былой нянавісцю.

Мы капалі да вечара. Рабілася цёмна. Дагарала на захадзе шафранна-залатая стужка зары. Прарочыла ясны сонечны дзень, якога мае хлопцы ніколі ўжо не пабачаць.

Машыны пад’ехалі на край цясніны і запалілі фары. У іхнім мёртвым святле па-ранейшаму завіхаліся на дне людзі з рыдлёўкамі.

Нас з Нонкай адправілі дамоў. У кузаве студэбекера было цёмна. Нас калаціла. Адплывалі назад рэдкія агні ўскраін.

Бязвольнае цела Нонкі хісталася ў маіх руках. Яна не плакала, нічога не казала. Яна, па-мойму, проста не жыла. Як я.

XIII

Навума, Лізку і Раланда не знайшлі ні тады, ні ў наступныя дні. Магчыма, іх зацягнула ў адну з тых пячор — хто ведае, колькі іх там было?

А праз чатыры дні я ад’язджаў на Беларусь. Можаце мне паверыць, я нічога не ведаў, але не было і там дня, у які б я не думаў, што, магчыма, яны і зараз ляжаць там, трох, якіх магла звесці ў іхняй хлапечай непрыміручасці і любві толькі смерць.

Я глядзеў праз акно вагона на перон, бачыў там цётку і, побач з ёю, маленькую, прыбітую горам і жыццём, фігурку Нонкі, і слёзы нястрымна ліліся з маіх вачэй. I я не саромеўся іх.

I тут над Кіевам грымнуў салют: узялі нейкі горад. Праз слёзы бачыў я ракеты, дамы і руіны ва ўспышках рознакаляровага святла і цемры.

Грымеў салют. А мне здавалася, што гэта грыміць, ракоча, жалобна стогне і рыдае ў іхні гонар увесь сусвет, па якім ім болей не хадзіць.

…Потым, праз тры гады, зноўку быў Кіеў і таполевая алея, дзе мы сустрэліся з Нонкай, і пачуццё маё, якое зноў ажыло.

I ўсё ж…

I ўсё ж потым, калі яна стала маёй жонкай — мы ўсё роўна інстынктыўна пазбягалі і пазбягаем вуліц горада ў такую вось залатую восень.

Пайсці, уцячы, з’ехаць кудысьці ў лес, туды, дзе жаўцеюць бярозы і ліпы, дзе чырванеюць асіны. Дзе няма каштанаў. Прыгожых, залацістых на блакітным, на сляпуча-блакітным, каштанаў. Дзе не падаюць іхнія лісты, жоўтыя, усе ў частых дробных зморшчынках.

Як ветравая рабізна на пяску.

Пачынаюць аблятаць каштаны. Залацісты дождж.

I кожны раз у гэтыя дні я думаю, што вось такая сволач, як Гнат, ходзіць па зямлі і зараз.

А мае хлопцы, мае сябры спяць у дняпроўскім пяску і ніколі ўжо не ўбачаць ні сонца, ні сіняй ракі, ні залатой лістоты каштанаў.

Не будуць лаяцца, спяваць, ныраць з быкоў, смяяцца. Не будуць ваяваць з несправядлівасцю, якой на зямлі куды больш, чым мы думалі.

А яны ж і загінулі толькі таму, што — хай сабе па-дзіцячы — збіраліся на вайну з ёю, каб яна хаця на хвіліну хутчэй знікла з зямлі.

Што зробіш? Змагары за справядлівасць часта гінуць.

I вось яны ляжаць недзе там, «за краем чорнай вясёлкі», як кажуць нашы казкі. Пры жыцці лёс не даў ім прывязанасці тых, каго яны хацелі. Але цяпер яны разам. Цяпер яны ляжаць разам, звязаныя самай моцнай повяззю, якая ёсць на зямлі.

Я не так бы пакутаваў, каб не былі яны такімі чыстымі, такімі вернымі сябрамі, такімі надзвычайнымі і добрымі, такімі выдатнымі хлопцамі.

Пачынаюць аблятаць каштаны.

I ў гэты журботны час наша апаленае, спаленае, наша забітае вайной, наша знявечанае юнацтва заўсёды, заўсёды ўспамінаецца мне.