Выбрать главу

Гісторыя паўтараецца. Сучасны нацыянал-дэмакратычны рух на Беларусі, які пачынаў ад бязкрыўдных культурніцкіх аб'яднаньняў накшталт "Талакі" ці "Тутэйшых", няўхільна прывёў да БНФ "Адраджэнне", які імкнецца да вырашэння ня толькі культурных, але й палітычных задачаў.

З сяброў "Гуртка" нарадзілася першая беларуская нацыянальная партыя — Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. Па азначэнньню Зьміцера Жылуновіча, БРГ была "Беларуская сацыялістычная партыя, што паставіла грунтоўна пытанне соцыяльна-нацыянальнага вызвалення беларускіх працоўных гушчаў".

Неўзабаве перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду, партыя ў сваёй праграме апрача пунктаў пра беларускую мову, нацыянальную школу, вылучала патрабаваньні аб перадачы зямлі сялянам, фабрыкаў — рабочым, усталяваньні дэмакратычнага ладу і абвешчаньні аўтаноміі Беларусі. Нацыянальная барацьба ніколі не разглядалася БСГ асобна ад сацыяльнага вызвалення. Адзін з ідэолягаў БСГ, сябра ЦК партыі, Антон Луцкевіч, засьцерагаў прыхільнікаў чыстай культурніцкай працы: "Між працоўнікамі на глебі народнай пачалі аб'яўляцца людзі, для каторых національная справа не лучылася болей са справай дэмократызму. Сьляпые: яны бачаць толькі адзін бок жыцьця народу, іх слабые вочы за апраткай душы народнай — мовай — ня могуць дагледзіць самай душы. Яны, ганяючыся за чыста національнымі ідэаламі, не бачуць сьлёз і гора працоўнага народу, ня чуюць таго крыку, што рвецца з набалелых грудзей гаротніка: "хлеба!.."

БСГ была не адзінай партыяй у рэвалюцыйным руху на Беларусі ў пачатку XX стагодзьдзя. У гэты час у краі дзеялі СДПіЛ, СРы, ППС, РСДРП, Бунд ды інш. Але БСГ зьяўлялася адзінай партыяй на Беларусі, ідэалёгіяй якой грунтавалася на глебе беларускага нацыянальнага адраджэньня. Беларуская Сацыялістычная Грамада была адзінай партыяй, якая паўсюдна зьвярталася да беларуса на яго роднай мове, якая прадбачыла вялізныя перспэктывы духоўнага, культурнага разьвіцьця беларускай нацыі ды выконвала такім чынам у справе абуджэньня беларускага народа з нацыянальнага летаргу сапраўды гістарычную місыю.

Зьвернемся да сьведкі таго часу: "Агітацыя на роднай мове, чым карысталася Беларуская Сацыялістычная Грамада, мела агромнае значэньне для кідання соцыялістычных ды рэволюцыйных ідэй у сялянскія гушчы, даючы лёгкае іх усваеньне нават няграмагнаму селяніну", — пісаў сацыял-дэмакрат З.Жылуновіч пра грамадаўцаў. Дарэчы, УЛенін, які вельмі скептычна ставіўся да ідэяў нацыянальнага адраджэньня і прытрымліваўся адкрыта пракасмапалітычных поглядаў (гэтая хвароба, выпешчаная ў РСДРП, затым з посьпехам перайшла ў ідэалёгію КПСС і яе вернага адзьдзелу — КПБ і ледзь не забіла беларусаў як нацыю) мусіў прызнаваць, што на Украіне і Беларусі "Отечество" еще не спело всей своей исторической песни".

Грамада дзеяла ня толькі на вёсцы, а па магчымасці працавала і ў месце, сярод пралетарыяту ды рамесьніцтва. Як зазначае Вінцук Склубоўскі, арганізаваныя Грамадою прафсаюзы аб'ядноўвалі ў сваіх радох працоўных бяз розьніцы да іхняе нацыянальнасьці. Гэта спрыяла посьпеху партыі сярод працоўных і вызначала на будучыну гуманны, прагрэсіўны характар беларускага нацыянальнага руху, што адзначалі і прадстаўнікі іншых народаў. У 1912 годзе у польскім часопісе "Świat słowiański" характарызуючы беларускі нацыянальны рух, хтосьці В.Б. адзначаў, што рух гэты пазбаўлены безумоўнага нацыянальнага эгаізму, як, дапрыкладу літоўскі ці латыскі. Беларусы не навязваюць сваёй нацыянальнасьці іншым, але працуюць сярод свайго, да нядаўняга часу аморфнага народу.

Прынцып нацыянальнага раўнапраўя быў закладзены ў падмурак ідэалёгіі Грамады, ідэалёгіі ўсяго беларускага адраджэнчага руху, нягледзячы на тое, што беларусы знаходзіліся ці не ў самых неспрыяльных умовах для разьвіцьця ўласнай нацыянальнай ідэі. А. Луцкевіч у сваім праграмным артыкуле "Наш шлях" навучаў: "Не шкада сіл нашых, калі мы аддаём іх на тое, што ўзбагачывае нашу душу, павялічывае моц народу. Калі-ж яны ідуць адно толькі на разьвіцьце ў нас благога — ненавісьці, злосьці, завісьці і т.п., калі атдаюцца на змаганьне з другімі націямі, станамі, ці клясамі не дзеля вызваленьня, а толькі каб пакрыўдзіць слабейшаго — тады шкада вытрачэных жыцьцёвых сіл, шкада, бо яны назад ня вернуцца і не ўзбагацяць нашэй культурнай скарбніцы.

Каб не марнаваць дарма сіл, каб не глуміць гэтага найдаражэйшаго скарбу, лепшые людзі ўсіх націй стараюцца шырыць у сваім народзе думкі аб згадзі, аб тым, каб зьвясьці зусім національные сваркі і змагання. Асаблівую вагу гэткая работа мае ў нашым краю, дзе разам жывуць ажно пяць націй, дзе кожнай з іх трэба даць мейсца і прастор для разьвіцьця — бяз крыўды да суседзеў. "Жыві сам і дай жыць другім" — гэтай думкай павінны кіравацца мы, беларусы, дабіваючыся правоў для сябе".