Выбрать главу

* * *

Самым непасрэдным чынам з разьвіцьцём беларускага руху, з дзейнасцю БСГ злучана імклівае разьвіцьцё беларускай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя. Як бы і не навіна. Сувязі рэвалюцыйнага руху з беларускай літаратурай у нашых фундаментальных працах па гісторыі літаратуры быццам бы ніхто і не хаваў. Але з прычыны, што сапраўднымі рэвалюцыянерамі доўгі час у нас лічыліся адно, бальшавікі, дык і ляўры ў рэнесансе беларускай літаратуры дзе нахабна, а дзе моўчкі, бы так і належыць, прыпісваліся ім, не зважаючы на тое, што абсалютовая іх большасць як да рэвалюцыі, так і пасьля не карысталася беларускаю моваю і не лічыла беларусаў за самастойную нацыю.

Паслугачамі ад літаратуразнаўства з партыйным квітком у кішэні была перакрэсьленая праўда. Паслухаем, што ж гавораць сумленныя даследчыкі. Зьліквідаваны ў 30-х гадох, вядомы ў свой час крытык і літаратуразнаўца У.Дзяржынскі пісаў: "Для кожнага, хто знаёмы з гісторыяй беларускага адраджэнскага руху і з гісторыяй нашаніўскае поэзіі, вядома, у якой шчыльнай, проста неразрыўнай сувязі знаходзілі яны паміж сабой. Агульныя тэндэнцыі, ідэалы і настроі першага, быць можа, найбольш яркага, поўна і праўдзіва выяўляліся іменная праз нашаніўскае мастацкае слова". І яшчэ: "Бясспрэчны факт, што нашаніўскі нацыянальны рух, выразіцелькай якога была і нашаніўская поэзія, зьяўляўся рухам ярка-рэволюцыйным у адносінах да старога рэжыму. Лёзунг гэтага руху — адраджэньне Беларусі нацыянальнае на грунце карэнных політычна-соцыяльных зьмен. Задачам гэтага адраджэньня ў першую чаргу і служыла нашаніўская поэзія..."

Аб тым, у якой ступені ідэалы нацыянальна-рэвалюцыйнага руху, які ачольвала Беларуская Сацыялістычная Грамада, знайшлі водгук у беларускай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя, мы гаварыць ня будзем. Гэта тэма асобнай гутаркі. Для нас зараз істотныя сам факт ды паслядоўнасць гэтай прычыннай сувязі. Пакіньма на час нашыя тэарэтычныя развагі і зьвернемся да пісьменьнікаў-адраджэнцаў. Што ж падштурхнула іх да творчасьці? Што прымусіла ўзяцца за грандыёзную справу — стварэнне літаратуры Богам забытага народа? Чытаем успаміны, лісты і вымалёўваюцца асноўныя матывы.

Найперш — фальклёр, стыхія мілагучнай, вытанчанай і дасканалай беларускай мовы. Мовы, якая працінала сэрца і ўзбагачала розум, давала магчымасць казаць на ёй пра усё.

Карусь Каганец вёў фальклёрныя запісы, апрацоўваў народныя паданьні ды легенды. Падавалі ў сваім пераказе беларускія казкі Цётка і Якуб Колас, легенды і баляды — Алесь Гарун, Альбэрт Паўловіч.

Якуб Колас згадваў: "У нас часта начавалі розныя людзі, пераважна сяляне. Цэлымі вечарамі я слухаў іхнія апавяданьні, у якіх раскрываўся для мяне новы сьвет паняцьцяў і ўяўленьняў. Спасярод начлежнікаў трапляліся цудоўныя апавядальнікі, гаваруны, сатырыкі...".

Янка Купала гэтак адгукаўся пра ўплыў фальклору на ягоную асобу: "Ды больш за ўсё, я думаю, зрабілі ўплыў на мяне беларускія народныя казкі, якія я чуў у дзяцінстве... Вось жа хто, хіба, быў маім першым настаўнікам, хутчэй натхняльнікам па адносінах да маёй у далейшым паэтычнай творчасці".

Мяркуючы аб матывы, якія натхнялі да творчасці Максіма Багдановіча, ягоны бацька, Адам Багдановіч, пісаў: "І ўдома і ў цётак ён чуў аповяды пра родную мінуўшчыну, дзе выплывалі розныя асобы і падзеі, своеасаблівыя, загадкавыя, так не падобныя на ўсё, што вакол. Тут ён чуў і беларускую казку, і беларускую песьню з яе сумным прывабным напевам, поўным глыбокага невычэрпнага пачуцыдя, тут чулася жывая беларуская прымаўка, трапныя "крылатыя" словы. Гэта, вядома, былі крупінкі, крохі, але ён чуйна іх падбіраў, хапаючы ў паветры."

Трэба пэўне сказаць, што "перахварэць" на фальклор пасьпявае кожны з творцаў, хто нечага варты ў нашай літаратуры. Ніякім сьпецкурсам не прымусіш разумець, адчуваць чароўнасьць нашае песьні, казкі, жывога беларускага слова. Думаецца, а ці не абавязковая гэта ўмова для фармаваньня паўнавартаснае асобы ў нашай літаратуры. Лічы, няма моўнага асяродку, дык ёсьць фальклёр!

Немалую ролю ў станаўленьні нацыянальнае сьвядомасьці беларускіх пісьменьнікаў адыгрываў прыгнечаны стан беларусаў. Меркаваньні пра лёс свайго народа, ягонае мейсца спасярод іншых нацыяў падводзілі, натуральна, да імкненьня быць ня горшымі ад іншых. Калі суседзі — палякі, расейцы, летувісы, украінцы, латышы — маюць нацыянальныя літаратуры, родныя для гэтых народаў, маюць сваіх пісьменнікаў, дык чаму ж беларусам ня мець сваіх песьняроў?