Выбрать главу

Упершыню З.Жылуновіч пазнаёміўся з беларускім друкаваным словам, чытаючы улёткі і праклямацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якія моцна паўплывалі на ягоную нацыянальную свядомасць. Ён згадвае: "Восенню 1905 года ў Капыль трапілі нелегальныя брашуры і лістоўкі сацыялістычнай грамады. Я памятаю, што, угледзеўшы іх, я прагна і з захапленьнем чытаў іх на сходзе капылян у хаце майго суседа Петруся Гамзы. Яснасьць сэнсу дзякуючы даступнасці і зразумеласьці мовы вельмі кранула мяне".

Надзвычай выразна сацыяльнае становішча Цішкі Гартнага, ягоныя палітычныя пагляды адбіліся ў паэтычнай творчасьці, якая па тэматыцы і ідэалёгіі адрозьніваецца ад паэзіі Я.Купалы ды Я.Коласа. Ц.Гартны быў першым беларускім пралетарскім паэтам, які адбіваў у сваіх вершах жыцьцё рабочага клясу. Антон Луцкевіч, ацэньваючы дарэвалюцыйную творчасьць Цішкі Гартнага, адзначаў: "Цішка Гартны — перш за ўсё пролетарый, свядомы сваіх клясовых інтэрэсаў і гатовы аддаць усе сілы свае за вызваленне працы ад панаваньня капіталу".

Ды ідэйныя і тэматычныя адрозьненьні ў творчасці беларускіх песьняроў ніколі не зьяўляліся антаганістычнымі. Сам Ц.Гартны вельмі высока ацэньваў працу сваіх братоў па пяру. Ён разважае: "Літаратурная праца Цішкі Гартнага ўвесь час пераплятаецца з яго грамадзянска-політычнай і рэволюцыйнай чыннасцю... Але ўжо гэткі лёс выпаў у жыцьці большасці беларускіх поэтаў і пісьменнікаў нашаніўцаў: на іх плечы гісторыя ўзлажыла цяжкую ношу — працу па адраджэнню свае прыгнечанае, цёмнае краіны. Выпаўняючы гэта заданьне, трэба было ім раскідаць свае сілы па розных бакох, ужываць іх у розных галінах нацыянальна-грамадзянскага жыцьця, трэба было рабіць гісторыю. Праўда, беларускія песьняры-змаганьнікі цьвёрда і ўверана, самазабыўна аддаваліся гэтай вялікай справе і несьлі яе рашуча ўперад, бо кожны з іх жыў для гэтага".

Шчыльнае супрацоўніцтва Зьмітрака Бядулі з "Нашаю Ніваю", праца ў газэце, сяброўства з лепшымі прадстаўнікамі беларускае інтэлігенцыі, адбіваліся на творчасьці паэта ўзмацненьнем публіцыстычных матываў, паступовым выхадам на асэнсаванне агульна-нацыянальных праблем.

* * *

Замілаваньне да роднае мовы, захапленьне фальклорам, літаратура, створаная папярэднікамі — усе гэтыя факты паслужылі падвалінамі для адраджэння беларускае літаратуры. У той час як дзейнасьць Беларускай Сацыялістычнай Грамады, першай беларускай нацыянальнай партыі, была своеасаблівым дэтанатарам, які абумовіў гэты ўзрыў, надаў беларускім пісьменьнікам веры і ўпэўненасьці ў тым, што іхняя праца ня згіне дарма.

Для некаторых беларускіх творцаў (Цётка, К.Каганец, Ядвігін Ш.), дзейнасьць БСГ была крэўнай справаю. Для некаторых (Я.Купала, Я.Колас, А.Гарун) уплыў партыі быў больш ускосным, але, мяркуючы па выказаных намі фактах, выразна акрэсленым.

Яе агітацыйная і прапагандысцкая праца, якая засноўвалася на нацыянальнай спэцыфіцы краю — улёткі, брашуркі, легальны друк, была рэактывам у справе абуджэньня нацыянальнае сьведамасьці беларусаў, была тым непрыкметным тлом для надзвычай высокага пафаснага публіцыстычнага ўзроўню беларускай паэзіі пачатку нашага стагодзьдзя. Можна лічыць, што тагачасная беларуская літаратура падпарадкоўвалася прынцыпам партыйнай літаратуры — вольнай ад ліхвярства і залежнай ад разьвіцьця беларускага нацыянальнага і сацыяльнага руху. Гэта адзначае і У.Конан: "Нават у 1905-17 гг. беларуская літаратура, якая дасягнула вялікіх мастацкіх вышыняў, не была "чыстым" мастацтвам, якое б мела на першым пляне задачу — задаволіць спецыфічныя эстэтычныя патрэбы. Наадварот, яна была перш за ўсё сродкам нацыянальнага адраджэньня беларускага народа, мастацкая творчасьць адначасна была дзейнасьцю палітычнай, грамадзкай, навуковай, асветніцкай, інакш кажучы, дзейнасьцю "утылітарнай".

Ідэалёгія Беларускай Сацыялістычнай Грамады, нацыянальныя і палітычныя задачы, якія ставілі перад беларускім адраджэньнем ягоныя лідэры, адбіліся ў творчасьці нашаніўцаў. У сваю чаргу іхняя творчасьць адыграла вялікую ролю ў справе адраджэння беларускага народа, у барацьбе за сацыяльную справядлівасьць і нацыянальную незалежнасць.

Для таго, каб нашыя развагі пра ўплыў і духовую сувязь паміж працаю Беларускай Сацыялістычнай Грамадою і творчасцю беларускіх пісьменьнікаў не падаліся бяздоказнымі, мы дэталёва спынімся на адной з праблемаў, якую спрабавалі асэнсаваць і вырашыць БСГ і беларускія пісьменнікі.

Спынімся наўмысна на праблеме сацыяльнага характару, погляд на якую можа быць даволі розным, бо калі пытанні адраджэньня і самавызначэння маюць больш унівэрсальны характар для прадстаўнікоў аднае нацыі, дык сацыяльныя праблемы больш разьядноўваюць чымся лучаць грамадзтва. Зямельнае ж пытанне было адным з найбольш вострых на Беларусі.