Выбрать главу

- А можа, дзверы не зачынены? - спытала Ана Джо.

- Не, гэта дрэнная турма, - сказала Лота. - Падыдзiце да дзвярэй i дайце мне мясныя шарыкi.

Ана Джо раззлавалася i сказала, што, калi знаходзiшся ў турме, трэба есцi ежу, якую перадалi праз комiн.

- Вось так, - сказала яна.

Тады Лоце прыйшлося згадзiцца.

Ана Джо прывязала доўгую вяроўку да кашолкi i апусцiла яе ўнiз праз комiн. Яна дазволiла Джонасу трохi дапамагчы ёй. Тым часам Томас i я павiнны былi стаяць унiзе i назiраць за iмi.

- Вось мясныя шарыкi, - пракрычала Лота, калi зайшла ў домiк, - а таксама вельмi многа сажы.

Томас i я зазiрнулi праз акно ў домiк i ўбачылi, як Лота з прагнасцю з'ядала мясныя шарыкi. Усе яны, а таксама твар Лоты i рукi былi пакрыты сажай. Ана Джо была вельмi задаволена, калi ўбачыла чорны твар Лоты. Зараз Лота магла быць палонным афрыканскiм рабом, якога мы павiнны былi ратаваць. Але Томас пачаў плакаць, таму што ён лiчыў, што афрыканскiя рабы вельмi небяспечныя.

- Дурненькi, табе не трэба баяцца iх, - сказала Ана Джо.

- Але ж яны выглядаюць вельмi небяспечнымi, - працягваў плакаць Томас.

Лоце спадабалася, што Томас плача, таму яна рабiла грымасы з акна. Яна паглядзела на мяне, Джонаса i сказала:

- Хтосьцi з iх можа быць небяспечным, Томас. Выратуйце мяне зараз жа, таму што я хачу пайсцi папужаць людзей. Мне падабаецца, калi мяне палохаюцца.

Ана Джо i Джонас пайшлi з другога боку дома, каб выратаваць Лоту праз акно. У нас былi з сабой арэлi, таму што Ана Джо сказала, што мы зможам выкарыстаць iх як мост цераз глыбокi роў, якi павiнен быў быць вакол турмы. Мы прыстасавалi дошку да акна, i я, i Ана Джо ўлезлi ў акно, каб выратаваць Лоту. Томас быў знадворку, сачыў за намi i плакаў.

Калi мы трапiлi ў домiк, то ўбачылi, што Лоты там не было. Ана Джо раз'юшылася.

- Куды ж гэтая малая знiкла? - ускрыкнула яна.

- Я ўцякла, - сказала Лота, калi мы нарэшце знайшлi яе.

Яна сядзела ў парэчнiку i прагна глытала парэчкi.

- Дык мы ж збiраемся выратаваць цябе, - сказала Ана Джо.

- Я выратавала сябе сама, - адказала Лота.

- З табой немагчыма гуляць, - сказаў ёй Джонас.

- Ха, ха, - хмыкнула Лота.

Потым прыйшла мацi i ўбачыла, што Лота не сядзiць у лялечным домiку.

- Ты зараз добрая дзяўчынка? - спытала мама.

- Так, але ж я ўся чорная, - Лота паказала на свой твар.

Мама пляснула ў далонi i ўскрыкнула:

- Божа мой, ты толькi паглядзi на сябе!

Лоту паслалi ў ванную, дзе ёй прыйшлося скрэбцi сябе з мылам амаль паўгадзiны. Пасля мы ўзялi кошык i пайшлi збiраць сунiцы. У полi iх было вельмi многа. Калi мы збiралi сунiцы, мы ўбачылi змяю. Усе ўскрыкнулi i напалохалiся, акрамя Томаса.

- Глядзiце, а вунь хвосцiк без сабачкi, - сказаў ён.

Калi мы прыйшлi дадому, мы падзялiлi сунiцы памiж сабой, але ў Аны Джо ягады былi найбольшыя i самыя чырвоныя.

Томас i Лота селi на верандзе, каб есцi свае ягады. Раптам Томас пачаў плакаць. Цётка Кэцi выглянула з акна i спытала:

- Чаму Томас плача?

- Ён плача, таму што я не дазваляю яму есцi мае ягады, - сказала Лота.

- А свае ён з'еў? - зноў спытала цётка Кэцi.

- Так, - зноў адказала Лота. - Iх ужо больш няма, але ж ён плакаў таксама, калi я iх ела.

Потым выйшла мама. Яна ўзяла Лоцiны ягады i аддала iх Томасу.

- Я лепш пайду спаць, - сказала Лота.

- Так, гэта будзе лепш, - адказала мама. - Ты вельмi стамiлася.

- Не, мае ногi нiяк не спыняцца хадзiць. Але ж, тым не менш, я пайду спаць.

У гэты вечар Лота вельмi добра паводзiла сябе з Томасам. Ён павiнен быў спаць у пакоi для гасцей адзiн, але ж ён вельмi баяўся цемры i хацеў спаць з адчыненымi дзвярыма.

- Але, дарагi Томас, ты ж нiколi не баiшся цемры, калi спiш дома, сказала цётка Кэцi.

- Дома - гэта ягоная цемра, цётка Кэцi. Ён не звыкся з цемрай у бабулi, растлумачыла Лота.

Томасу дазволiлi спаць у нашым пакоi. Лота пацалавала яго, паклала яго ў ложак i сказала:

- Зараз я праспяваю табе, Томас, i ты не будзеш больш баяцца.

Лота заспявала Томасу калыханку, якую мацi заўсёды спявае нам:

- Маленькiя анёлы,

Распраўце свае крылы

I назiрайце за нашымi дзецьмi,

Пакуль не знiкне ноч...

- I назiрайце за Лотай таксама, - дадала Лота.

КАЛЯДЫ - ГЭТА ЦУДОЎНА!

Аднойчы Джонас спытаў у мяне:

- Што табе падабаецца больш: сонца, месяц цi зоркi?

Я адказала, што яны мне ўсе падабаюцца, толькi, можа, зоркi трохi больш, таму што яны свецяць так хораша ў калядную ноч, а мне каляды вельмi падабаюцца!

Я спадзявалася атрымаць лыжы ў падарунак на каляды i вельмi баялася, што не будзе снегу. Лота таксама хацела, каб быў снег, таму што марыла пакатацца на санках.

Аднойчы ноччу, якраз напярэдаднi каляд, калi мы ляжалi ў сваiх ложках, Лота сказала:

- Я папрасiла тату, каб ён купiў мне санкi, а зараз мне трэба папрасiць у Божанькi снегу, iнакш я не змагу катацца на санках.

- Дарагi Божа, хай пойдзе снег, - малiлася яна. - Падумай аб бедных кветачках. Iм патрэбна цёплая коўдра, пакуль яны спяць у халоднай зямлi. Потым яна трошкi прыўзнялася на сваiм ложку i прашаптала мне: - На гэты раз я была больш разумная. Я не сказала яму, што снег патрэбны для маiх санак.

Уявiце сабе, колькi было ў нас радасцi, калi наступнай ранiцай мы ўбачылi, што пайшоў снег. Джонас, Лота i я стаялi ў сваiх пiжамах каля акна i сачылi за тым, як сняжынкi падалi ў наш сад i сад мiсiс Берг.

Мы апранулiся так хутка, як толькi маглi, i выйшлi на вулiцу. Потым мы гулялi ў снежкi i зрабiлi цудоўнага снежнага чалавека, а калi тата вярнуўся дадому, ён надзеў на яго шапку.

Увесь дзень мы весялiлiся, i мама была задаволена тым, што мы не блытаемся ў яе пад нагамi. Мiсiс Фрэнсан дапамагала ёй прыбiраць хату да каляд. Лота любiць размаўляць з мiсiс Фрэнсан. Яна называе яе Фрэнсан, але мама гаворыць ёй, што трэба дадаваць мiсiс Фрэнсан. Мiсiс Фрэнсан таксама любiць гаварыць з Лотай, але ж мама папрасiла яе не адказваць Лоце, калi тая будзе называць яе Фрэнсан.

У той дзень, калi мы рабiлi снежнага чалавека, Лота сказала мiсiс Фрэнсан:

- Фрэнсан, памацай, якiя ў мяне мокрыя пальчаткi!

Мiсiс Фрэнсан нiчога ёй не адказала, тады Лота спытала зноў:

- Фрэнсан, ты бачыла нашага снежнага чалавека?

Але жанчына зноў прамаўчала.

Спачатку Лота была вельмi спакойная, але ж потым яна абурылася:

- Лiха цябе бяры, чаму ты злуешся на мяне, Фрэнсан?

Тады ёй адказала мама:

- Лота, ты ж ведаеш, што табе нельга гаварыць "лiха цябе бяры" i, акрамя таго, ты павiнна гаварыць "мiсiс Фрэнсан".

- Тады я зусiм не змагу гаварыць з ёю, - сказала Лота.

Мiсiс Фрэнсан сказала Лоце, што ёй вельмi падабаецца размаўляць з Лотай, i таму яна папрасiла маму, каб яна дазволiла Лоце называць яе Фрэнсан. Тады мама рассмяялася i сказала, што яна згодна.

- А як з "лiха цябе бяры"? - спытала Лота.

- Што датычыцца "лiха цябе бяры", то ўсё застаецца, як i было, - адказала мама.

Калi мама выйшла, Лота сказала:

- Зараз я ведаю, што мне рабiць. Калi я маю на ўвазе "лiха цябе бяры", я буду гаварыць Фрэнсан, таму што мама дазваляе мне гаварыць проста Фрэнсан. Фрэнсан, якi цуд - каляды!

I гэта сапраўды цуд. Джонас, я i Лота дапамагалi мацi, каб усё было прыгатавана да каляд. Мы нават зрабiлi ў двары столiк для птушак. Мама сказала, што мы ёй добра дапамаглi.

- Я нават i не ведаю, што б я рабiла без вас, - сказала яна.

Лота, якая старанна выцiрала нажы, уздыхнуўшы, разважыла:

- Я не ведаю, што б я рабiла, каб у мяне мяне не было! Але ж, о Фрэнсан, як многа працаваць мне даводзiцца!

Купляць падарункi да каляд - гэта таксама цуд. Вельмi цiкава хадзiць па крамах, калi на зямлi ляжыць снег. На ёлкавым кiрмашы мноства прыгожых ёлак, а людзi вельмi хутка ўваходзяць у крамы i вельмi хутка выбягаюць з iх.