Выбрать главу

Сягоння гэтыя паэты разам са сваімі старэйшымі таварышамі нясуць «галоўную службу» ў літаратуры. Так, «сталасць» з’яўляецца найбольш прыдатным агульным паняццем для іх ацэнкі, аднак кожны з іх — на працягу апошніх дваццаці, прыкладна, год — ішоў сваёй дарогай.

Тым не менш іх і сёння можна ўявіць ля аднаго вогнішча, што зырка гарыць, асвятляючы твары сяброў…

Кніга адрасавана шырокаму чытачу — перш за ўсё моладзі. Такая акалічнасць вымагала ад аўтара спыняцца не толькі на адметнасці творчага шляху герояў гэтай кнігі — паэтаў, але і раскрываць змест і значэнне некаторых тэрмінаў і паняццяў: лірычны характар і лірычны герой, тып вобраза і верша, сюжэт, стыль і іншае.

Свет паэта

(Аляксей Пысін)

Гэта была, здавалася б, даволі звычайная сустрэча некалькіх пісьменнікаў з мінскімі чытачамі. Асаблівы поспех выпаў на долю Аляксея Пысіна, які літаральна паланіў усіх вершамі з новай кнігі «Ёсць на свеце мой алень», — яна тады, у 1978 годзе, толькі што выйшла з друку.

Ні той час, ні той міг не забыты. Бачу я: на зямную мяжу Мой камбат апусціўся забіты І я побач з камбатам ляжу. Хто там скардзіцца, што ў батальёне Шмат знямелых штыкоў, мала рук?.. З батальёнам, лічы, нас мільёны — Так засведчыць бы мог палітрук.

Зала прыціхла, слухаючы пысінскую «Баладу пра камбата», суперажываючы лёсу яе героя.

Лёсаў колькі вайна памалола!.. Чорным снегам сыпнула зіма. Ні дачушкі, ні сына малога Ў маладога камбата няма. І атаку мы зноў адбіваем, За сябе і за вас пастаім. Хоць вам, дзеці, якіх уяўляем, Нарадзіцца, напэўна, не ўсім. …Ты, журба, як адчутая страта, Вы, трывогі, адкуль, ад каго? — А мы — дзеці, мы — дзеці камбата, Мы — адзіныя дзеці яго.

Аўтар скончыў чытаць, але воплескі пачуліся не адразу: людзі былі душэўна ўзрушаны пачутым, кожны думаў пра нешта сваё, сэрцам дакранаючыся да гераічнага подзвігу паэта і яго равеснікаў.

Думалася пра сілу і моц паэзіі, якая здолела сабраць у адным перажыванні жыццё цэлага пакалення і намаганнямі таленту ўзняць яго на такую вышыню душы!

Лёс паслаў Аляксею Пысіну нялёгкую жыццёвую дарогу. Нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пра свой жыццёвы «пачатак» ён гаворыць у аўтабіяграфіі, успамінаючы песні, якія хораша спявалі хлопцы і дзяўчаты, і — гэтая дэталь здалася мне вельмі цікавай у дачыненні да яго паэзіі — мноства крынічак у ваколіцах роднай вёскі Высокі Борак: «Ці ты ў лузе, ці на папасе — усюды знойдзеш паблізу крынічку. То яна трапеча ў замшэлым пазелянелым зрубе, то струменіць адкуль-небудзь з-пад горкі ці проста ўзнікае там, дзе конь капытом ступіў».

З адной з іх і пачалася ручаіна паэзіі Аляксея Пысіна, плынь якая з цягам часу ўсё больш мацнела.

Пісаць ён пачаў яшчэ да вайны, калі вучыўся ў вясковай школе, а затым — у канцы 30-х гадоў — у Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску. Першы верш быў надрукаваны ў газеце «Чырвоная змена» ў 1938 годзе. Аднак першая кніга — «Наш дзень» — выйшла толькі ў 1951 г. Тыя вучнёўскія вершы ў яе не трапілі, а ўвайшлі творы, напісаныя пасля вайны. Па іх відаць было, як знудзіліся рукі былога воіна па мірнай стваральнай працы — сеяць, жаць, будаваць. Праўда, нельга сказаць, каб вершы яго вызначаліся нейкімі асаблівымі эстэтычнымі якасцямі. Паэзія Пысіна была вельмі прадметнай: аўтар браў нейкі факт, дэталь, рэч — жолуд, серп, крэмень — і праз іх апісанне ішоў да мастацкага абагульнення рэчаіснасці. Гэтым вершам («Шлях Гастэлы», «Крэмень», «Медаль», «Летапіс» і інш.) нельга адмовіць у паэтычнасці, аднак яны недастаткова (не ў меру магчымасцей аўтара) судакраналіся з жыццём і з душэўным светам аўтара. Адсюль — некаторы недахоп унутранай праўдзівасці, пагроза штучнасці (скажам, там, дзе ён прапануе Млечны Шлях назваць шляхам Гастэлы, каб такім чынам увекавечыць подзвіг героя), фактаграфічнасці («Наш дзень»), інфармацыйнасці («Крэмень») і г. д. Стваралася ўражанне, што паэт выступаў не столькі ад сябе, ад сваёй асобы, колькі ад нейкага празмерна абагульненага, абстрактнага «я», пазбаўленага так неабходных у паэзіі жывых, непаўторных рыс.

Падобныя недахопы ў нейкай меры былі ўласцівы і наступным яго зборнікам — «Сіні ранак» (1959) і «Сонечная паводка» (1962). Разам з тым яны сведчылі пра накапленне ў творчасці паэта новых якасцей. В. Тарас трапна пісаў пра «Сонечную паводку»: