Выбрать главу

«А. Пысін вельмі арганічна звязаны з навакольным светам, з роднай прыродай; ён проста і шчыра размаўляе і з лесам, і з вавёркай, і з чайкай… Яго паэзію можна параўнаць „з ціхай крыніцай, што бруіцца ў зялёнай дуброве“. Каля такой крыніцы міжволі цяплее голас, залішне гучнае слова становіцца ненатуральным, светлы сум уваходзіць у сэрца» (Полымя, 1962, № 7, с. 181).

Добрых вершаў з’яўлялася ўсё больш: «***Сок бяроз і начлежны дымок», «Ручнікі», «Рэха», «Рабіны», «Сланечнік» — у гэтых і іншых творах знайшлі адлюстраванне дабрата паэта, любоў да жыцця і чалавека-працаўніка. Яны сведчылі, што яго мастацкае станаўленне працягвалася. А некаторыя вершы прадвяшчалі будучага Пысіна.

Перад фатографам жанчына Хавае рукі пад фартук, Нібы ёсць нейкая прычына Саромецца ўласных рук. Фатограф і суседкі раяць: — Без фартука лепш зняць бы Вас… Але не ведае старая, Што ў рукі ўзяць на гэты час. Палола лён… Снапы вязала… Дзяцей люляла па начах…  Часіны не гэткае не знала, Каб не трымаць чаго ў руках.

Паглядзіце, які праўдзівы, філасофска насычаны (гаворка ідзе пра сэнс жыцця) партрэт вясковай жанчыны намаляваны тут. Жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы… За гэтым партрэтам бачны другі — партрэт лірычнага героя, ці самога паэта, — разумнага, добрага, чалавечнага.

Дарэчы, пра лірычнага героя Лірычны герой перш за ўсё мае адносіны да паэзіі, асабліва да лірычнай паэзіі. За ім стаіць постаць паэта, яго душэўны стан, перажыванні, выкліканыя той ці іншай жыццёвай сітуацыяй. Верш «***Перад фатографам жанчына…» можна разглядаць як праяўленне лірычнага героя паэта, чыё ўнутранае жыццё ўсё мацней зрасталася з быццём народным.

Верш быў напісаны ў 1958 годзе. Тады, на ўзмежжы 50-60-х гадоў, у паэзіі Пысіна ўсё больш заўважалася прыкмет новага. Прыходзіць цвёрдае разуменне, што ісціны, якія ён, так сказаць, абараняе ў сваіх вершах, павінны быць перажыты ім асабіста, а не ўзяты, як кажуць, напракат або пазычаны ў некага і толькі загорнуты ў прыгожую ўпакоўку.

У тым жа 1958 годзе ён надрукаваў вядомы свой верш «Вузел», надаўшы яму ў пэўным сэнсе праграмнае значэнне.

Не ведаю, якім вузлом Навекі я прывязак Да старых сосен за сялом, Да яблынь, груш і вязаў; Да кладак гладкіх, Валуноў, Да траў, жытоў на ўзлесках, Да партызанскіх курганоў І помнікаў гвардзейскіх… Адно я знаю: гэткі меч На свеце не скуецца, Каб мог ён вузел мой рассеч, Не закрануўшы сэрца.

Гэта быў час, калі перабудоўвалася, набліжаючыся да рэчаіснасці, творчая пазіцыя паэта, калі яго лірычнае «я» ўсё паўней убірала ў сябе галасы самога жыцця, бясконца разнастайнага і зменлівага. Гэта вяло да ўзбагачэння асобы. Таму што ўнутранае багацце асобы зыходзіць з багацця яе рэальных сувязей. Літаратура імкнецца да больш канкрэтнага і больш праўдзівага даследавання пачуццяў чалавека, за якімі стаяць яго грамадскія сувязі.

У «Сінім ранку», здаецца, упершыню далёкім рэхам адгукнулася ваенная біяграфія паэта: «Мы маладосцю баранілі усё, ў што верылі, любілі». Пра вайну, пра страты нагадваюць яму рабіны на палявым узмежку — «Нібы кагосьці з далёкіх пуцявін чакаюць на сваім парозе». У «Сонечнай паводцы» гэты матыў узмацняецца:

Ляглі сябры ва ўсім паходным, Гарматы сціхлі. Цішыня. Што сніцца ім пад небам родным На досвітку, ў пачатку дня? Над імі жаўранак цвіркоча, Трапеча, долу дастае. Нібы падняць забітых хоча, Ды толькі сілы не стае.

Свет, жыццё ўсё шырэй адкрываюць перад паэтам сваю прыгажосць і патрабуюць ад яго чалавечнасці.

Я пазнаю цябе, зямля, Па тым, як пласт кладзецца, Як пахне свежая ралля, Па тым, як колас гнецца, Па тым, як сэрца б’ецца.

Імкненне да адлюстравання праўды жыцця ў яе шырэйшым і глыбейшым аб’ёме вяло да больш поўнага выяўлення асобы паэта, якой яна ёсць, у багацці перажытага. У вершах часцей знаходзім «кардыяграму лёсу», згустак біяграфіі паэта, перажытае ім, сваё. «Са мной душа і мова матчына і песня вечная яе».

Ва ўсёй савецкай паэзіі ў гэты час — на пачатку 60-х гадоў — узрасла цана на талент гаварыць «ад сябе» пра сацыяльна-агульнае, уключаючы яго ў сферу сваіх перажыванняў, на ўменне ператвараць «пазаасабовыя» каштоўнасці ў асабовыя. І тое, што ў пысінскай паэзіі 60-х гадоў пабольшала ўнутранай думкі, гарачай «суб’ектыўнасці» ў яе сапраўдным, творчым сэнсе, азначала, што працэс станаўлення і ўмацавання яго мастацкай індывідуальнасці пайшоў шпаркімі тэмпамі. Паэт больш уважліва і паслядоўна звярнуўся да ўласнага вопыту, падзей і фактаў сваёй біяграфіі.