Выбрать главу
Узышлі травой і гарыцветам, Узышлі на радасць ці жальбу? Вунь стаіць Іван па-над кюветам. Галавой ківае: «Вось жыву. Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны. Восем куль было — крывёю сцёк. Скора восень. Каркаюць вароны. Жоўты каля ног маіх лісток. Хочаш, пачастую нашым чаем, Я ж цяпер навекі вадахлёб». Не, Іване, з чаем — пачакаем, Закурыць не лішняе было б. Мы цыгарку скруцім па-былому, Пусцім шызы дым на правады; Першая зацяжка — мне, жывому, Бо занадта ў сэрцы гаркаты…
Чырвань, чырвань — колер праваты.

Салдат прарос кветкай. Пачатак узнаўлення дабрыні, маральных каштоўнасцей закладзены ў самой прыродзе. Такім чынам, гэты верш — «Іван-чай» — не толькі пра вайну. «Салдацкая правата — правата сучаснасці,— гаварыў паэт. — Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў. Правата роздуму аб вечных катэгорыях. Кожная з’ява ў жыцці мае тры вымярэнні: мінулае, сучаснае, будучае…» Сэрца паэта ахоплена трывогай за стан свету: ён баіцца, каб не распалася сувязь часаў, каб не паўтарылася трагедыя веку — вайна, бо гэта азначала б смерць, канец свету. Такую думку прачытваем у вершы пра Раберціна Ларэці, чый дзіўны голас скалануў і прымусіў здзівіцца ўсю планету. Каб перадаць напружанасць сітуацыі, аўтар звяртаецца да парадаксальнасці:

Маці-планета войкнула,— Што нарабіла? Маці-планету палохае Уласнае дзіва. Боязна ёй становіцца: Так звонка спявае хлапчук італьянскі, Што могуць атамныя бомбы Узарвацца ад дэтанацыі.

Адказнасць за сучаснасць, якая сінтэзавана ў сабе, і мінулае («Мінулае належыць нам так, як і будучыня», — заўважыў неяк паэт), — арганічная для характару лірычнага героя, які не аддзяляе сябе ад народа, жыве з ім адным жыццём. Такое разуменне адказнасці шырока раскрывае творчыя магчымасці паэта, узнімае яго гуманізм на ступень сацыялістычнага гуманізму, аптымістычнага па сваёй сутнасці. Свет убачанага і перажытага, тое, што стала аўтарскім вопытам, цікава і своеасабліва пераламляецца ў вершах паэта. І калі мы гаворым, што Пысін з цягам часу ўсё больш пераносіць сваю ўвагу на асобу, на індывідуальную псіхалогію, то гэта зусім не значыць, што яна ў нейкай ступені абыходзіць гістарычныя паняцці і грамадскія рамкі. Наадварот, большая ўвага яго да чалавечай асобы, да індывідуальных лёсаў (у тым ліку да свайго) мае гістарычную падсветку. У свой час, працуючы над новымі раманамі «Палескай хронікі», І. Мележ дамагаўся «паказаць праз асабістае страсць эпохі». Менавіта так асвойвае складанае пачуццё гісторыі паэзія Пысіна: мінулае гаворыць голасам лірычнага героя, чый лёс блізкі лёсу самога паэта. І сябе самога ён адчувае не інакш, як сувязным паміж былым і наступным. Адсюль і вострая памяць на пражытае, і ўпэўненасць, што лепш за яго аб перажытым ніхто не раскажа. Паэзія Пысіна, уласна кажучы, і ёсць мастацкае ўвасабленне гэтай адказнасці. У яго шмат вершаў, якія хочацца запомніць, зрабіць сваім душэўным набыткам. Вось як, напрыклад, гэты шырокавядомы шэдэўр яго лірыкі:

Забыта многа ў жыцці, З дарог змецена і змыта. Мне ў жыта хочацца ўвайсці, Мне вечнасцю здаецца жыта. Вазьму шурпаты каласок На чуйным провадзе саломы — І адзавецца мне здалёк Мой продак — сейбіт незнаёмы; Жней невядомых галасы Ўсплывуць над постаццю сухою. Раскалыханы каласы Густой паўдзённаю смугою. Тут даспявае пад смугой Зліццё надзей, жаданняў сумесь. Гудзе жытнёвы провад мой — Часоў былых і новых сувязь. І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле. Шукаюць рукі тых зярнят, Каб нас таксама дзесь пачулі.

Залатая нітка гісторыі — той провад, які аб’ядноўвае, родніць нас з продкамі нашымі, каму мы больш абавязаны, чым часам думаем. Бацькам, продкам мы абавязаны і тым, што карыстаемся створанай імі мовай. Паэт перапоўнены сыноўняй удзячнасці «маці — словатворчы». Ён цесна звязаны са сваім, родным. Вось радкі пра сад:

Быў я нягодамі сечаны — Яблыкі шрамамі мечаны. Усё, з чым душа сутыкнулася, У садзе, напэўна, адчулася.

Так можна сказаць і пра сад, і пра радзіму — вялікую і малую. І гэтую сувязь паэт, у сваю чаргу, завяшчае нашчадкам: «яблык ад яблыні коціцца ў руку таму, хто народзіцца». Асоба змяшчае ў сабе гісторыю як працэс, як пераемнасць эпох, як сувязь часоў. «З-пад пліт, з-пад дрэў гусцей сышліся цені; даўно не грэліся каля кастра». На гэтым будуецца канцэпцыя паэта (не так часта даводзіцца гаварыць пра канцэпцыю ў дачыненні да лірыкі). Яго погляд разгорнуты ў мінулае і ў будучыню: «Дальнія нашчадкі! Я гляджу — вашых прадзедаў нясуць у яслі». Пра дзіцёнка ён гаворыць, што гэта нітачка, якая вядзе ў будучыню.