Паквітаўшыся з адданым слугою, барон лёг у ложак і задумаўся пра сваё гаротнае становішча.
“Дажыўся! – уздыхаў ён. – Каб мець двубой з купчыкам! Калі я яго падстрэлю, дык буду, як той паляўнічы, што выйшаў на мядзведзя, а забіў селяніну цельную карову. Калі ён мяне падстрэліць, атрымаецца, нібы мяне перацягнуў пугаю фурман брычкі. Калі абодва спудлуем… Не, мусім жа страляцца да крыві. Хай мяне затопчуць, а лепш бы перапрасіць таго асла, нават у канцылярыі натарыуса, апрануўшы на гэту ўрачыстасць фрак і белы гальштук. Ах, подлы ліберальны час!.. Мой бацька загадаў бы гэткага зуха наставіць на розум на сваёй псярні, а я мушу даваць яму сатысфакцыю, нібы сам цынамонам гандлюю… Хай бы ўжо і прыйшла тая дурная сацыяльная рэвалюцыя, якая вынішчыць або нас, або лібералаў…”
Ён пачаў засынаць, і яму мроілася, што Вакульскі яго забіў. Ён бачыў, як ягоны труп два пасыльныя нясуць у кватэру жонкі, як жонка млее і кідаецца яму на акрываўленыя грудзі… Як яна выплачвае ўсе яго даўгі, асігнуе тысячы рублёў на пахаванне і… як ён паўстае з мёртвых ды забірае тыя тысячы рублёў сабе на дробныя выдаткі…
Шчаслівая ўсмешка зайграла на змарнелым твары барона, і ён заснуў, як дзіця.
А сёмай ледзьве дабудзіліся яго Канстанты з Марушэвічам. Барон ніяк не хацеў уставаць, а мармытаў, што лепш няхай яго заб’юць і зняславяць, чым ён падымецца гэтак рана. Толькі від графіна з халоднай вадою вярнуў яго ў прытомнасць. Барон ускочыў з ложка, выцяў Канстанты, насварыўся на Марушэвіча і пакляўся ў душы, што Вакульскага заб’е.
Але калі ўжо апрануты ён выйшаў на вуліцу, дзе было цудоўнае надвор’е, і калі прыйшло яму ў галаву, што бачыць світанак, нянавісць да Вакульскага аслабла, і ён пастанавіў толькі прастрэліць таму нагу.
“Ага!.. – думаў ён. – Стрэлю, а ён будзе кульгаць да канца жыцця і расказваць: гэту смяротную рану я атрымаў у двубоі з баронам Кшэшоўскім!.. Дажыўся… Што яны нарабілі, каханыя мае секунданты?.. Калі ўжо нейкі купчык гвалтам хоча страляць у мяне, дык хай страляе, прынамсі, як я іду на шпацыр, а не на двубоі… Жахлівае становішча!.. Уяўляю сабе, як мая дарагая жонка будзе апавядаць, што я б’юся з купцамі…”
Пад’ехалі каляскі. У адну сеў барон з графам-англічанінам, у другую – маўклівы егіптолаг з пісталетамі і хірургам. Рушылі ў бок Бялянаў, а праз некалькі хвілін паімчаў за імі лёкай барона, Канстанты, у брычцы. Адданы слуга лаяўся на чым свет стаіць і кляўся, што ўдвая заплаціць яму пан за гэту прагулку. Быў ён, аднак, устрывожаны.
У бялянскім ляску барон і трое яго таварышаў знайшлі партыю праціўніка і двума групамі пайшлі на бераг Віслы. Доктар Шуман быў злы, Жэцкі суровы, Вакульскі пахмурны. Барон, паціраючы сваю рэдкую бараду, пазіраў на яго і думаў: “Ён, пэўна, добра харчуецца, гэты купчык. Я ў параўнанні з ім выглядаю, як аўстрыйская цыгара побач з быком. Каб мяне д’яблы забралі, калі я не стрэлю гэтаму блазну ў галаву або… зусім не буду страляць… Гэтак будзе найлепш…”
Але ён зноў прыгадаў, што двубой павінны быць да першае крыві. Тады барон раззлаваўся і канчаткова вырашыў забіць Вакульскага на месцы.
“Раз і назаўсёды адвучыць гэтых лыкаў[137] выклікаць нас,” – казаў сабе барон.
За нейкі дзясятак крокаў ад яго Вакульскі, як маятнік, хадзіў паміж дзвюма хвоямі. Цяпер ён не думаў пра панну Ізабэлу, ён слухаў птушынае шчабятанне, ад якога кіпеў лес, і плюскат Віслы, якая падмывала бераг. На фоне гукаў спакойнага шчасця прыроды дзіўна гучала шчоўканне затвораў пісталетаў ды трэск куркоў. У Вакульскім абудзіўся драпежнік, увесь свет знік з яго вачэй, а застаўся толькі адзін чалавек, барон, труп якога ён меў прывалачы да ног абражанае панны Ізабэлы.
Паставілі іх да бар’ера. Барон быў усё яшчэ заклапочаны, бо не ведаў, што зрабіць з купчыкам, і канчаткова вырашыў прастрэліць яму руку. На твары Вакульскага адбівалася гэткая дзікая заядласць, што здзіўлены граф-англічанін падумаў: “Тут, бадай, не кабыла і не штурханіна на скачках!..”
Егіптолаг, які дагэтуль маўчаў, скамандаваў. Праціўнікі паднялі пісталеты і рушылі. Барон прыцэліўся Вакульскаму ў правую ключыцу і, апускаючы пісталет, далікатна прыціснуў курок. У апошні момант ссунулася яму пенснэ, пісталет схібіў на волас, выстрал – куля праляцела на цалю ад пляча Вакульскага.
Барон прыкрыў твар пісталетам і, гледзячы з-пад яго думаў: “Не трапіць гэты асёл… Мерыцца ў галаву…”
Раптам ён адчуў моцны ўдар у скронь, зашумела яму ў вушах, чорныя птахі паляцелі перад вачыма… Ён выпусціў з рукі зброю і ўкленчыў…
137