Выбрать главу

– Пане… пане… пане Вакульскі! Каханы пане Станіславе!.. Што ты… што ты творыш, пан дабрадзей?.. Пратэстую… пярэчу… складаю апеляцыю на вяльможнага пана Вакульскага, легкадумнага пана Станіслава, які з хлопца на пабягушках стаў вучоным і меўся рэфармаваць нам замежны гандаль. Пане… пане Станіславе – гэтак няможна!

Кажучы гэта, ён цёр сабе карак і моршчыўся, нібы наеўся хініну.

Вакульскі апусціў вочы і маўчаў, адвакат казаў далей:

– Дарагі пане, адным словам, кепска. Граф Саноцкі, памятае яго пан, той прыхільнік ашчаджаць кожны грош, хоча зусім выйсці з суполкі. А ведае пан, чаму? З дзвюх прычын: найперш з-за таго, што бавішся, пан, скачкамі, ды яшчэ і абходзіш яго. Разам з панскаю кабылаю скакаў і яго конь ды прайграў. Граф вельмі раззлаваны і бурчыць: “Якога д’ябла мне траціць грошы? Каб даваць купцам магчымасць спаборнічаць са мною і хапаць узнагароды ў мяне з-пад носу?..”

– Дарэмна я пераконваў яго, – працягваў адвакат пасля кароткае паўзы, – што скачкі таксама з’яўляюцца гэткім жа добрым інтарэсам, як і кожны іншы, а нават яшчэ лепшым, бо за некалькі дзён на васьмістах рублях зарабіў пан трыста, але граф адразу заткнуў мне рот:

“Вакульскі, – сказаў ён, – усю выйграную за каня суму аддаў дамам на прытулак, і, апроч таго, Бог ведае, колькі ён заплаціў Юнгу ды Мілеру…”

– Дык мне нават гэтага рабіць нельга! – не стрымаўся Вакульскі.

– Можна, пане, можна, – соладка дазволіў славуты адвакат. – Можна рабіць, але калі пан гэта робіць, дык толькі паўтарае чужыя грахі, якія, зрэшты, іншыя ўмеюць рабіць значна лепш. Але ні я, ні князь, ні тыя графы не дзеля таго зблізіліся з панам, каб слухаць старыя казкі, а дзеля таго, каб ты паказаў нам новыя шляхі.

– Дык няхай выходзяць з суполкі, – буркнуў Вакульскі, – я іх не цягну…

– І выйдуць, – сказаў адвакат, махаючы рукою, – зрабі, пан, яшчэ хоць адну памылку…

– Нібы я іх гэтак шмат нарабіў!..

– Не, пан – проста цуд, – злаваўся адвакат. – А хоць ведае пан, што казаў граф Ліціньскі, той нібы-англічанін, той “тэк”?.. Ён казаў: “Вакульскі – гэта гатовы джэнтльмен, страляе як Німрод[140], але які з яго кіраўнік купецкае справы? Бо сёння ён кіне мільёны ў прадпрыемства, а заўтра выкліча некага на двубой і паставіць усё пад удар…”

Вакульскі аж адсунуўся разам з фатэлем. Гэты папрок нават не прыходзіў яму ў галаву. Мецэнат, заўважыўшы такое ўражанне, вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае.

– Дык калі не жадаеш, каханы пане Станіславе, сапсаваць гэтак добра пачатую справу, спыніся. А перадусім не купляй камяніцу Ленцкіх. Бо калі ўкладзеш у яе дзевяноста тысяч рублёў, даруй, але суполка развеецца, як дым з люлькі. Людзі, як пабачаць, што ты змяшчаеш столькі грошай пад шэсць або сем працэнтаў, страцяць веру ў тыя працэнты, якія ты ім абяцаў, а нават… Разумееш?.. Яны гатовыя падазраваць…

Вакульскі ўскочыў.

– Не жадаю я ніякіх суполак!.. – крыкнуў ён. – Не жадаю нічые ласкі, хутчэй, гэта я сам раблю яе іншым. Хто мне не давярае, няхай праверыць усё… няхай пераканаецца, што не было ніякае містыфікацыі, але – не будзе ўжо ён маім супольнікам. Графы і князі не маюць манаполіі на фантазію… У мяне свае фантазіі, і мне не падабаецца, каб мне заміналі…

– Паволі… паволі… супакойся, каханы пане Станіславе, – улагоджваў яго адвакат, усаджваючы назад у фатэль. – Дык не адмаўляешся ад пакупкі?..

– Не. Тая камяніца больш для мяне значыць, чым суполка з панамі ўсяго свету.

– Добра, добра… Дык, можа б, на нейкі час падставіў замест сябе некага. У скрайнім выпадку, нават я гатовы пазычыць табе імя, а пра забеспячэнне ўласнасці не трэба клапаціцца. Галоўнае, не адштурхнуць людзей, якія ўжо ёсць. Арыстакратыя, калі рассмакуе публічныя справы, можа, уцягнецца, а праз год, праз палову года станеш, пан, і намінальным гаспадаром камяніцы. Што, згода?

– Няхай так, – згадзіўся Вакульскі.

– Так, – пацвердзіў адвакат, – так будзе лепш. Каб пан сам купіў той дом, дык апынуўся б у фальшывым становішчы нават у адносінах да панства Ленцкіх. Нам звычайна не падабаюцца тыя, каму дастаецца нешта пасля нас, гэта адно. А другое – хто дасць гарантыю, што не пачалі б у іх галовах ўяўляцца розныя камбінацыі?.. Пачнуць думаць: купіў ён задорага або затанна?.. Калі задорага, дык як смее рабіць нам ласку, а калі затанна, дык тады – нажываецца на нас…

Апошніх слоў адваката Вакульскі амаль не чуў, захоплены ўжо ўласнымі думкамі, якія апанавалі яго яшчэ мацней, калі госць выйшаў.

“Дык, – казаў ён сабе, – адвакат мае рацыю. Людзі пра мяне гавораць і нават асуджаюць, але робяць гэта ў мяне за спінаю, таму я нічога не ведаю. Да сённяшняга дня я не зважаў на некаторыя акалічнасці. Ужо з тыдзень купцы, з якімі ў мяне справы, маюць кіслыя міны, а праціўнікі трыумфуюць. У краме таксама нешта дзеецца… Ігнацы ходзіць маркотны, Шлянгбаўм задуменны. Лісецкі стаў яшчэ больш бурклівы, чым раней, нібы дапускае, што я хутка згарну інтарэс. У Клейна засмучаны від (сацыяліста злуюць скачкі і двубоі), а франт Зэмба ўжо пачынае круціцца каля Шлянгбаўма… Можа, ён чуе ў ім будучага гаспадара крамы?.. Ах, даражэнькія вы мае!..”