Выбрать главу

“Мецэнат мае рацыю, – думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужою шыльдаю. Іначай яны маглі б падазраваць мяне ў жаданні нажыцца на іх ці, яшчэ горш, што я раблю ім ласку!”

Аднак пад прыкрыццём гэтае заклапочанасці бушавала бура. Розум крыкам крычаў, што заўтрашні абед нічога не значыць і нічога не абяцае. А надзея ціха-ціха шаптала: можа, ён каханы, а можа, будзе ім некалі.

Але ціха… так ціха, што Вакульскі з пільнаю ўвагаю мусіў прыслухоўвацца да яе шэпту.

Наступны дзень, вельмі важны для Вакульскага, не быў адзначаны нічым асаблівым ні ў Варшаве, ні ў прыродзе. Тут і там курэў вулічны пыл, узняты мётламі вартаўнікоў, брычкі то перліся напралом, то марудзілі без прычыны, а бясконцая плынь мінакоў цягнулася ў адзін і ў другі бок, хіба толькі для таго, каб не спыняўся гарадскі рух. Пад сцены дамоў ціснуліся абадранцы – згорбленыя, з рукамі, схаванымі ў рукавы, нібы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам сярэдзінаю вуліцы праязджаў сялянскі воз з бляшанымі збанамі, якім правіла ўвішная баба ў сінім каптане з чырвонаю хусткаю на галаве.

Усё гэта раенне мела месца паміж двума доўгімі сценамі, утворанымі рознакаляровымі камяніцамі, над якімі ўздымаліся высокія фасады святынь. А на абодвух канцах вуліцы, нібы вартаўнікі, што пільнуюць горад, стаялі два помнікі. З аднаго боку – кароль Жыгімонт[142], які, схіляючыся ў бок бернардынаў, відавочна, хацеў нешта паведаміць мінакам, а з другога боку – нерухомы Капернік з нерухомым глобусам у руцэ, які павярнуўся спінаю да сонца, што выходзіла раніцаю з-за дома Карася, падымалася над палацам Таварыства сяброў навукі[143] і хавалася за дом Замойскіх, нібы аспрэчваючы афарызм: “Стрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым кірунку якраз глядзеў з уласнага балкона, міжвольна ўздыхнуў, прыгадваючы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома засталіся грузчыкі ды палацёры, не надта абазнаныя, як вядома, у заслугах Каперніка.

“Усяе радасці, – думаў Вакульскі, – што ў нейкіх кніжках называюць яго гонарам нацыі!.. Працаваць дзеля шчасця – гэта я разумею, але працаваць дзеля фікцыі, якая завецца грамадствам ці славаю, за гэта ўжо не ўзяўся б. Грамадства няхай само пра сябе клапоціцца, а слава… Што мне замінае думаць, што ў мяне ўжо ёсць слава, напрыклад, на Сірыусе? А Капернік жа сёння не ў лепшым становішчы адносна зямлі, і гэтак жа яго хвалюе статуя ў Варшаве, як мяне піраміда на нейкай там Везе ў сузор’і Ліры!.. Тры стагоддзі славы аддам я за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі сваёй неразважлівасці, што некалі думаў іначай”.

Нібы ў адказ на свае думкі ён заўважыў на другім баку вуліцы Ахоцкага. Гэты маньяк ішоў павольна з апушчанаю галавой і рукамі ў кішэнях.

Звычайны збег акалічнасцяў глыбока ўзрушыў Вакульскага, і на момант ён нават паверыў у праўдзівасць прадчуванняў ды з радасным здзіўленнем падумаў: “Ці не прадвяшчае мне гэта, што ён будзе мець славу Каперніка, а я – шчасце?.. Будуй жа ты свае лятальныя машыны, толькі пакінь мне сваю кузінку!.. Але адкуль гэта прымхлівасць у мяне?! – апамятаўся ён праз момант. – Я і прымхі!”

Як бы там ні было, але надта падабалася яму ідэя, што Ахоцкі будзе мець несмяротную славу, а ён – жывую панну Ізабэлу. На сэрцы стала лягчэй. Ён нават пакпіў з сябе, хоць адчуваў, што з’явілася больш упэўненасці і адвагі.

“Можна дапусціць, – казаў ён, – што ўсе мае захады скончацца тым, што яна адпрэчыць мяне… Ну і што? Слова гонару, адразу ж вазьму ўтрыманку і ў тэатры буду садзіцца з ёю паблізу ложы панства Ленцкіх. Дабрадзейка пані Мелітан, а можа, і гэты… Марушэвіч знойдуць мне кабету з падобнымі рысамі твару (за колькі тысяч ці дзясяткаў тысяч рублёў нават і гэта можна знайсці). З ног да галавы абвіну яе карункамі, абсыплю брыльянтамі, і тады пабачым, ці не паблякне побач з ёю панна Ізабэла. Няхай ідзе тады замуж хоць за маршалка, хоць за барона”.

Але думка пра замужжа панны Ізабэлы выклікала ў яго гнеў і роспач. У гэты момант захацелася яму наладаваць увесь свет дынамітам ды высадзіць у паветра. Але ён зноў апрытомнеў:

“Ну, і што рабіць, калі пажадае яна выйсці замуж?.. Не! Нават каб пажадала мяняць каханкаў: раз – майго крамніка, іншым разам – нейкага афіцэра, потым – фурмана або лёкая… Няма рады!..”

Шанаванне свабоды іншае асобы было ў яго гэткім моцным, што адступала перад гэтым нават яго манія.

“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць?.. – паўтараў ён і сціскаў рукамі гарачую галаву.