На гадзінку зайшоў ён у краму, нешта там зрабіў і вярнуўся дадому. А чацвёртай слуга дастаў яму з камоды бялізну, і прыйшоў цырульнік, каб пагаліць ды расчасаць.
– Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаўся ён у цырульніка.
– Нічога, а будзе яшчэ горш. Берлінскі кангрэс думае, як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а жыды – як да рэшты нас абабраць… – адказаў малады майстар, прыгожы, як херувім, і зграбны, нібы ўцёк са старонак кравецкага часопісу.
Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і, з бліскавічнай хуткасцю намыльваючы яму твар, працягваў:
– У горадзе, пане, ціха да часу, а так нічога. Я ўчора быў у кампаніі на Саскай Кемпе, але што, пане, за арыгінальная моладзь!.. Пасварыліся двое падчас танцаў, і хай пан уявіць сабе… Галоўку крыху вышэй, s’il vous plait[144]…
Вакульскі падняў галаву крыху вышэй і ўбачыў, што ягоны аператар носіць залатыя запінкі на вельмі брудных манжэтах.
– Пасварыліся падчас танцаў, – працягваў франт, пабліскваючы брытваю перад вачыма кліента, – і прашу сабе ўявіць, што цаляючы адзін аднаму ў вока, яны зачапілі даму! Нарабілася шуму… двубой… Мяне, вядома, выбралі за секунданта, і сёння якраз ламаў я сабе галаву, што рабіць, бо маю толькі адзін пісталет, як паўгадзіны таму прыходзіць да мяне вінаваты і кажа, што ён не дурань, каб страляцца, дык абражаны можа даць яму здачы, але каб толькі адзін раз… Галоўку направа, s’il vous plait… Ну, каб пан ведаў, як я быў абураны (паўгадзіны таму), схапіў фацэта за яго галерэю, каленам – у антрэсоль, і – прэч! За дзверы. Хто з такім блазнам будзе страляцца, n’est-ce pas?[145] Цяпер налева, s’il vous plait.
Ён скончыў галіць і абмыў Вакульскаму твар, а потым ахінуў яго апранахаю, падобнаю да смяротнай кашулі асуджанага, і працягваў:
– Але нешта не заўважаў я ніколі ў пана ані следу кабеты, хоць прыходжу я ў розны час…
Ён узяў у рукі грэбень, шчотку і пачаў часаць.
– …прыходжу ў розны час, а вока, пане, у мяне на гэткія рэчы… ого!.. Але ж, каб хоць дзе беражок спаднічкі мільгануў, ці чаравічак, ці стужачка! А мне ж нават у аднаго каноніка здарылася раз угледзець гарсэт, праўда, ён знайшоў яго на вуліцы і хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А ў афіцэраў, пане, асабліва ў гусараў!.. (Галоўку ўніз, s’il vous plait…) Канец свету! У аднаго, пане, я спаткаў ажно чатырох маладых дам і ўсе – усміхаліся… З таго часу, слова гонару, я заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён ад маіх паслуг адмовіўся і вінны мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрт Рубінштэйна заплаціў я шэсць рублёў, хіба шкада мне пяці на такога віртуоза… Можа, крыху падчарніць валасы, je suppose que oui?[146]
– Дзякуй, не, – адмовіўся Вакульскі.
– Я так і думаў, – уздыхнуў цырульнік. – Шаноўны пан без усялякіх прэтэнзій, а гэта нядобра!.. Я ведаю пару балерынак, якія ахвотна сышліся б з панам. Слова гонару, варта! Фігуры цудоўныя, мускулатура дубовая, бюст, як матрац на спружынах, у кожным руху – грацыя, і зусім не надмерныя патрабаванні, прынамсі, пакуль маладыя. Бо кабета, пане, чым яна старэйшая, тым больш дарагая, дык пэўна таму нікога і не цягне да шасцідзесяцігадовых, бо няма ўжо ім цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!.. А новенькай пакладзе пан тысячы тры рублікаў на год, дасць пару прэзентаў, і будзе яна пану верная… Ах, гэтыя кабеткі!.. Навярэдзіў я сабе крыж з-за іх, але не трымаю на іх зла…
Ён скончыў сваё мастацтва, пакланіўся, паводле ўсіх канонаў галантнасці, і з усмешкаю выйшаў. Гледзячы на яго фанабэрыстую міну і партфель, у якім ён насіў шчоткі ды брытвы, можна было падумаць, што гэта міністэрскі чыноўнік.
Пасля таго, як за ім зачыніліся дзверы, Вакульскі і хвіліны не думаў пра маладых ды малапатрабавальных балерынак. Яго займала значна больш важнае пытанне, змест якога зводзіўся да двух слоў: фрак ці сурдут.
“Калі апрану фрак, дык буду падобны на франта, які пільнуецца этыкету, а ён мяне абсалютна не абыходзіць. А калі апрану сурдут, гэта можа Ленцкіх абразіць. Зрэшты, калі раптам будзе там хто чужы… Няма рады, калі ўжо я наважыўся на гэткія выбрыкі, як каляска ды скакавы конь, дык і фрак трэба апранаць!”
Гэтак разважаючы, ён пасміхаўся з тае прорвы дзівацтваў, у якую папіхала яго знаёмства з паннаю Ізабэлаю.
“Ах, стары мой Гопфер! – казаў ён. – Мае ж вы ўніверсітэцкія ды сібірскія калегі, ці хто з вас мог уявіць, каб займалі мяне падобныя пытанні?..”
Ён апрануў фрачны гарнітур і, стаўшы перад люстэркам, адчуў задавальненне. Гэты строй дасканала пасаваў да яго атлетычнае фігуры.
144
145
146