Коні чакалі ўжо з чвэрць гадзіны, і была палова на шостую. Вакульскі накінуў лёгкае паліто і выйшаў з дому. У каляску ён садзіўся вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, што вырушыў насустрач небяспецы.
XVI. “ЯНА” – “ЁН” – І ТЫЯ ІНШЫЯ
У той дзень, калі Вакульскі меўся прыйсці на абед, панна Ізабэла вярнулася ад графіні а пятай. Яна была крыху разгневаная і крыху задуменная, разам – прыўкрасная.
Сёння яна зазнала шчасце і расчараванне. Вялікі італьянскі трагік Росі[147], знаёмы ім з цёткаю яшчэ з Парыжу, прыехаў на гастролі ў Варшаву. Ён адразу наведаў графіню і зацікаўлена распытваў пра панну Ізабэлу. Сёння ён зноў меўся прыйсці, і графіня адмыслова дзеля яго запрасіла пляменніцу. Але Росі не прыйшоў, толькі даслаў ліст, у якім прабачаўся і апраўдваўся неспадзяваным візітам нейкае высокапастаўленае асобы.
Некалькі гадоў таму, якраз у Парыжы, Росі быў ідэалам панны Ізабэлы. Яна закахалася ў яго і нават, не выходзячы, вядома, за межы прыстойнасці паненкі з яе становішчам, не хавала сваіх пачуццяў. Знакаміты артыст ведаў гэта, штодня бываў у доме графіні, прадстаўляў і дэкламаваў усё, што загадвала яму панна Ізабэла, а калі ад’язджаў у Амерыку, падараваў ёй італьянскі асобнік “Рамэа і Джульеты” з прысвячэннем: “У мухі болей шчасця і свабоды, чым у Рамэа…”
Навіна, што Росі прыехаў у Варшаву і памятае яе, узрушыла панну Ізабэлу. Ужо а першай гадзіне дня яна была ў цёткі. Ёй не сядзелася на месцы, раз за разам яна падыходзіла да вакна, тарахценне кожнае каляскі прыспешвала біццё яе сэрца, на кожны званок яна ўздрыгвала, не магла засяродзіцца на размове, твар яе гарэў… Ну, і Росі не прыйшоў!..
А яна сёння была такая прыгожая. Спецыяльна дзеля яго прыбралася ў атласную сукенку крэмавага колеру (здалёк падобную да пакамечанага палатна), у вушах мела завушніцы з брыльянтамі (не большымі за гарошыны) і пунсовую ружу на плячы. І ўсё. Няхай Росі цяпер шкадуе, што не пабачыў яе!
Пасля чатырохгадзіннага чакання яна вярнулася дадому абураная. Але, нягледзячы на гнеў, узяла ў рукі томік “Рамэа і Джульеты” ды, гартаючы яго, думала: “А што, каб раптам увайшоў сюды Росі?..”
Тут было нават лепш, чым у графіні. Без сведак ён мог шапнуць ёй нейкае крыху гарачэйшае слоўца, і сам бы пераканаўся, што яна шануе яго памяткі, а галоўнае, пераканаўся б (як сцвярджае вялікае люстра), што ў гэтай сукенцы, з гэтаю ружаю і ў гэтым блакітным фатэлі яна выглядае, як багіня.
Яна ўспомніла, што на абедзе мусіць быць Вакульскі і міжвольна паціснула плячыма. Галантарэйны купец пасля Росі, якім захапляецца цэлы свет, падаўся ёй гэткім смешным, што аж выклікаў літасць. Каб Вакульскі ў гэты момант апынуўся каля яе ног, яна б, магчыма, усадзіла пальцы яму ў валасы і, забаўляючыся, як з вялікім сабакам, чытала б яму вось гэтыя скаргі Рамэа да Ларэнца:
“Там неба толькі, дзе жыве Джульета.
Сабака, кот і мыш няшчасная,
І кожнае нікчэмнае стварэнне
Жыве пад гэты небам, бачыць рай.
У мухі болей шчасця і свабоды,
Чым у Рамэо. Дадзена ёй права
Па ўласнай волі сесці і ўзляцець
З Джульецінай рукі, дзівоснай, белай,
Ці красці асалоду з вуснаў мілых…
Муха можа,
Адзін Рамэо гэтага не можа.
Яна свабодная, а я выгнаннік…
І ты мне кажаш, што выгнанне – міласць?..
Як у цябе, мой ойча, служка боскі,
Духоўнік мой і друг, хапіла духу
Забіць мяне страшэнным словам “выгнан”?[148]
Яна ўздыхнула. Хто ведае, колькі разоў паўтараў гэтыя словы беспрытульны вандроўнік, думаючы пра яе?.. Можа, яму нават няма каму даверыцца!.. Вакульскаму якраз можна было б даверыцца. Яму, хіба, знаёмае пачуццё адчаю, бо ён жа рызыкаваў жыццём за яе.
Яна адгарнула некалькі старонак назад і зноў пачала чытаць:
“Рамэо! Ах, чаму Рамэо ты?
Ад бацькі адрачыся, ад імя,
А не – дык пакляніся мне, што любіш,
І я дачкой не буду Капулеці…
Не ты, адно імя тваё – мой вораг,
Ты ж сам сабой, зусім не Мантэкі…
Як ружу ні заві, а пах той самы.
Рамэо, каб і не Рамэо быў,
І без імя застаўся б ён цудоўным.
О кінь імя, Рамэо, бо яно ж
Не частачка цябе, і за імя
Ты ўсю мяне вазьмі…”
Якое ж дзіўнае між імі падабенства: ён – Росі, актор, а яна – панна Ленцкая. Адмоўся ад свайго прозвішча, пакінь свой лад жыцця… Так, але што тады застанецца? Зрэшты, нават прынцэса магла выйсці за Росі, і свет адно толькі захапляўся б яе ахвярнасцю.
Выйсці за Росі?.. Дбаць пра ягоны тэатральны гардэроб, а можа, прышываць яму гузікі да начных кашуляў?..
147
148