Выбрать главу

Панна Ізабэла здрыганулася. Кахаць яго безнадзейна, і досыць… Кахаць і часам пагаварыць з кімсьці пра гэтае безнадзейнае каханне… Можа, з паннай Фларэнтынай? Не, яна занадта халодная. Значна лепш прыдаўся б на гэта Вакульскі. Ён глядзеў бы ёй у вочы, пакутаваў бы і за яе, і за сябе, а яна апавядала б яму пра пакутлівы боль і свой, і ягоны, і такім чынам вельмі прыемна міналі б ім гадзіны. Галантарэйны купец у ролі набліжанае асобы!.. Зрэшты, можна ўжо і забыцца на тое купецтва…

У той самы час пан Тамаш, падкручваючы вус, расхаджваў па сваім кабінеце і думаў:

“Вакульскі – чалавек вельмі здатны ды энергічны! Каб быў у мяне такі ўпаўнаважаны (тут ён уздыхнуў), дык не страціў бы я маёнтка… Ну але ўжо так сталася. Затое сёння я яго маю… З прададзенае камяніцы застанецца мне сорак… не, пяцьдзясят, можа, нават і шэсцьдзясят тысяч рублёў… Ну, не варта перабольшваць, няхай пяцьдзясят тысяч, няхай усяго сорак тысяч… Аддам іх яму, ён будзе плаціць мне прыкладна восем тысяч рублёў у год, а рэшту (калі ў яго справы пойдуць, як я спадзяюся), рэшту працэнтаў загадаю капіталізаваць… За пяць-шэсць гадоў сума падвоіцца, а ўжо за дзесяць – можа вырасці ў чатыры разы… Бо на гандлёвых аперацыях грошы шалёна памнажаюцца… Але што я кажу!.. Вакульскі, калі ён сапраўды геніяльны купец, павінен мець і, дакладна, мае сто за сто. І ў такім разе я зірну яму ў вочы і скажу наўпрост: “Давай ты каму іншаму, мой дабрадзей, пятнаццаць ці дваццаць працэнтаў гадавых, але не мне, бо я на гэтым знаюся”. І ён, вядома, калі ўбачыць, з кім мае справу, адразу ж палагаднее і, можа, нават прапануе мне такі даход, якога я не сніў…”

З вітальні пачуўся падвойны званок. Пан Тамаш адышоў у глыб кабінета, сеў у фатэль і ўзяў у рукі якраз на гэты выпадак падрыхтаваны том эканомікі Супіньскага[149]. Мікалай адчыніў дзверы, і праз хвіліну з’явіўся Вакульскі.

– А… вітаю!.. – выгукнуў пан Тамаш, працягваючы яму руку.

Вакульскі нізка пакланіўся сівізне чалавека, якога рады быў назваць бацькам.

– Сядай жа, пане Станіславе… Можа, папяросу?.. Калі ласка… Што чуваць?.. Я чытаў якраз Супіньскага – вось галава! Так, народы, якія не ўмеюць працаваць і ашчаджаць, мусяць знікнуць з твару зямлі… Толькі ашчаднасць і праца!.. Але нашы супольнікі нешта пачынаюць касавурыцца, га?..

– Няхай робяць, як ім лепш, – адказаў Вакульскі. – Я на іх не зараблю ні рубля.

– Але я не пакіну цябе, пане Станіславе, – прамовіў пан Тамаш пераканаўчым тонам, і працягваў: – Днямі я прадаю, гэта значыць, дазваляю, каб прадалі, мой дом. Было мне з ім шмат клопату, кватаранты не плацяць, адміністратары – злодзеі, а іпатэчным крэдыторам даводзілася плаціць з уласнае кішэні. Дык не дзіва, што мне гэта нарэшце абрыдла…

– Вядома, – заўважыў Вакульскі.

– Я спадзяюся, – працягваў пан Тамаш, – што застанецца мне з продажу пяцьдзясят, ці, хаця, сорак тысяч рублёў…

– Колькі пан спадзяецца ўзяць за той дом?..

– Сто… да ста дзесяці тысяч рублёў… Але ўсё, што атрымаю, я аддам табе, пане Станіславе.

Вакульскі схіліў галаву на знак згоды і падумаў, што за камяніцу пан Тамаш, аднак, не атрымае больш за дзевяноста тысяч рублёў. Бо столькі было ў яго на сённяшні дзень наяўных грошай, а даўгоў рабіць ён не мог, каб не рызыкаваць сваім крэдытам.

– Аддам табе, пане Станіславе, – казаў далей пан Ленцкі. – І якраз хацеў запытацца, ці прымеш?

– Але ж, вядома…

– А які ты мне дасі працэнт?

– Гарантую дваццаць, а як справы пойдуць, дык і больш, – адказаў Вакульскі, адзначаючы ў душы, што больш за пятнаццаць працэнтаў нікому б іншаму ён не даў.

“Штукар!.. – падумаў пан Тамаш. – Сам мае пад сто працэнтаў, а мне дае дваццаць…”

Але ўголас, аднак, ён прамовіў:

– Добра, каханы пане Станіславе. Згаджаюся на дваццаць працэнтаў, абы ты мне плаціў іх наперад.

– Буду плаціць наперад… кожныя паўгода, – адказаў Вакульскі, бо забаяўся, што пан Тамаш можа патраціць грошы занадта хутка.

– І на гэта згода, – прамовіў пан Тамаш тонам вельмі сардэчным. – А ўсе прыбыткі, – дадаў ён з лёгкім націскам, – усе прыбыткі, большыя за дваццаць працэнтаў, прашу, каб ты не даваў мне ў рукі, хоць бы я нават… упрошваў цябе, разумееш?.. А каб далучаў да капіталу. Няхай расце, праўда?..

У гэты момант дзверы кабінету адчыніліся і Мікалай прамовіў:

– Пані просяць.

Пан Тамаш урачыста падняўся з фатэля і цырымонным крокам увёў госця ў салон.

Пазней Вакульскі не раз намагаўся прыгадаць гэты салон, і як ён туды ўвайшоў, але так і не змог. Памятаў ён толькі, што перад дзвярыма некалькі разоў пакланіўся пану Тамашу, што потым абвінуў яго нейкі прыемны пах, у выніку чаго ён пакланіўся даме ў крэмавай сукенцы з пунсоваю ружаю на плячы, а потым – іншай даме: высокай, апранутай у чорнае, якая спалохана пазірала на яго. Прынамсі, гэтак яму здавалася.