Выбрать главу

– Меў права, тэк, – заўважыў барон.

– Э! Божа… Я ведаю, што ён меў права… Але, калі чалавек напаказ шпурляе тысячы, а дзесьці ў цёмным кутку зарабляе на істэрычках па дваццаць пяць працэнтаў, гэта чалавек з кепскім густам… Не джэнтльмен… Злачынства ён не зрабіў, але… ён гэткі ж падазроны тып, як і той, хто адорваў бы знаёмых дыванамі ды шалямі, а сам у незнаёмых выцягваў бы насоўкі з кішэні. Хіба пан запярэчыць?

Граф маўчаў і азваўся толькі праз нейкі час:

– Тэк!.. Ці гэта пэўна, аднак?

– Дакладна вядома. Паміж пані Кшэшоўскаю ды тым панам пасярэднікам быў мой Марушэвіч, дык я ўсё ведаю ад яго.

– Тэк. У любым выпадку пан Вакульскі – добры купец і прывядзе нашу суполку…

– Калі не ашукае вас…

Тым часам Канстанты, які ўсё яшчэ стаяў у парозе, літасціва паківаў галавою і не стрываў:

– Гэ! Што пан вярзе… цьху… Як дзіця…

Граф зірнуў на яго з цікаўнасцю, а барон закрычаў:

– А ты, блазан, чаго лезеш, калі цябе не пытаюць?..

– Вядома, лезу, бо пан і гаворыць, і паводзіцца, як дзіця… Я хоць і лёкай, але ж хутчэй паверыў бы таму, хто дае мне два рублі, чым таму, хто ў мяне па тры рублі пазычае і аддаваць не збіраецца. От пан Вакульскі даў мне сёння два рублі, а пан Марушэвіч…

– Прэч!.. – закрычаў барон і схапіў графін, убачыўшы які, Канстанты палічыў за лепшае загарадзіцца ад свайго пана дзвярыма. – Сапраўдны лотр з гэтага лёкая, – дадаў барон, моцна раззлаваны.

– Пан сімпатызуе таму Марушэвічу? – спытаў граф.

– Але. Бо гэта пачцівы хлапчына… З якіх толькі здарэнняў ён мяне не выручаў!.. Колькі раз даказаў амаль сабачую адданасць!

– Тэк, – задуменна прамармытаў граф.

Ён яшчэ крыху пасядзеў моўчкі і, нарэшце, развітаўся з баронам.

Па дарозе дадому ў графа Ліціньскага не выходзіў з галавы Вакульскі. Ён лічыў слушным, калі купец зарабляе нават на кані для скачак, але адчуваў і нейкую прыкрасць ад гэткіх аперацый ды моцна незадаволены быў Вакульскім, што той мае справы з Марушэвічам – асобай, у лепшым выпадку, падазронай.

“Вядома, разбагацелы нуварыш! – прамармытаў граф. – Раней часу пачалі мы ім захапляцца, хоць… суполкаю ён можа кіраваць… Вядома, пры пільным кантролі з нашага боку”.

Праз пару дзён а дзясятай раніцы Вакульскі атрымаў два лісты: адзін быў ад пані Мэлітан, другі – ад адваката князя.

Ён паспешліва адкрыў першы, у якім пані Мэлітан напісала ўсяго некалькі слоў: “Сёння ў Лазенках у звычайны час”. Гэты ліст ён перачытаў некалькі разоў, пасля чаго неахвотна ўзяўся за ліст адваката, які запрашаў яго таксама сёння пасля адзінаццатай раніцы да сябе, каб вырашыць пытанне з пакупкаю дома Ленцкіх. Вакульскі ўздыхнуў з палёгкаю, часу хапала.

Дакладна аб адзінаццатай ён быў у кабінеце мецэната, дзе застаў і старога Шлянгбаўма. Яму кінулася ў вочы, як сівы жыд паважна глядзіцца на фоне карычневае мэблі ды шпалераў, і што мецэнату вельмі пасуюць пантофлі з карычневага саф’яну.

– Пану пашчасціла, пане Вакульскі, – азваўся Шлянгбаўм. – Ледзьве пажадаў пан купіць дом, як дамы пачалі даражэць. Я слова даю, што пан за паўгода верне свае выдаткі ды яшчэ і заробіць на гэтай камяніцы! І я разам з панам…

– Мяркуеш, пан? – абыякава запытаўся Вакульскі.

– Я не мяркую, – сказаў жыд, – я ўжо зарабляю. Учора адвакат пані баранесы Кшэшоўскае пазычыў у мяне дзесяць тысяч рублёў да Новага году і даў восемсот рублёў працэнтаў.

– Чаму? У яе скончыліся грошы? – спытаў Вакульскі ў адваката.

– У банку ў яе дзевяноста тысяч рублёў, але барон наклаў на іх арышт. Добрую напісалі інтэрцызу[152], га?.. – зарагатаў адвакат. – Муж накладае арышт на грошы, якія з’яўляюцца несумненнаю ўласнасцю жонкі, і з якою ў яго працэс аб сепарацыі… Я, праўда, такія інтэрцызы не пішу, га-га-га!.. – рагатаў адвакат, пасмоктваючы дым з вялікага бурштыну.

– Навошта ж баранеса пазычыла ў пана тыя дзесяць тысяч, пане Шлянгбаўм? – запытаўся Вакульскі.

– Пан не ведае? – здзівіўся жыд. – Дамы даражэюць, і адвакат растлумачыў пані баранесе, што камяніцу пана Ленцкага яна не купіць танней, чым за семдзясят тысяч рублёў. Яна б хацела купіць за шэсцьдзясят тысяч, ну але што тут зробіш?..

Меценат сеў да стала і пачаў гаварыць:

– Такім чынам, шаноўны пане Вакульскі, камяніцу панства Ленцкіх, – ён злёгку схіліў галаву, – купляю ад імя пана не я, а прысутны тут, – ён пакланіўся, – пан С. Шлянгбаўм.

– Магу купіць, чаму не, – ціха пагадзіўся жыд.

– Але за дзевяноста тысяч рублёў, не танней, – заўважыў Вакульскі, – і каб быў аўкцыён, – дадаў ён са значэннем.