Выбрать главу

– Я іду па вянкі для Росі, – прашаптаў ветлівы пан Зэмба з яшчэ больш прыемнаю ўсмешкаю.

Жэцкі аберуч схапіўся за галаву.

– Павар’яцелі з тым тэатрам! – выбухнуў ён. – Можа, і мяне яшчэ туды пацягнуць?.. Ну, але са мною не атрымаецца!..

Адчуваючы, што хутка і яго Вакульскі пачне ўгаворваць, пан Ігнацы падрыхтаваў цэлую прамову, у якой збіраўся не толькі заявіць, што не пойдзе на італьянцаў, але і яго самога заклікаць да разважлівасці прыкладна такімі словамі: “Супакойся… Нашто табе гэтыя недарэчнасці!..” і гэтак далей.

Тым часам Вакульскі, замест таго, каб угаворваць яго, прыйшоў раз а шостай у краму і сказаў Жэцкаму, які сядзеў над рахункамі:

– Даражэнькі, сёння Росі іграе Макбета, зрабі ласку, сядзь у першым радзе крэслаў (вось табе квіток) і пасля трэцяга акту падай яму гэты альбом…

І без ніякае цырымоніі, нават без ніякіх апраўданняў уручыў пану Ігнацы альбом з відамі Варшавы ды варшавянак коштам пяцьдзясят рублёў!

Пан Ігнацы адчуў сябе глыбока абражаным. Ён падняўся са свайго фатэлю, зморшчыў бровы і ўжо адкрыў быў рот, каб гнеўна адказаць, як Вакульскі раптам выйшаў з крамы і нават не зірнуў на яго.

Ну і, вядома, пан Ігнацы мусіў ісці ў тэатр, каб не зрабіць прыкрасці Стаху.

У тэатры пана Ігнацы чакаў цэлы шэраг прыгодаў.

Спачатку ён падняўся сходамі, якія вялі на галерэю, дзе ён звычайна бываў ў добрыя старыя часы. Але білецёр нагадаў, што ў яго білет у першы рад крэслаў, і пры гэтым акінуў яго такім позіркам, які не пакідаў сумневу: цёмна-зялёны сурдут пана Жэцкага, альбом пад пахаю і нават яго фізіяномія а ля Напалеон ІІІ падаюцца падазронымі ніжэйшым органам тэатральнае ўлады.

Прысаромлены пан Ігнацы спусціўся ў цэнтральнае фае, заціскаючы пад пахаю альбом ды кланяючыся ўсім дамам, побач з якімі ён меў гонар праходзіць. Гэткая ветлівасць, нязвыклая варшавякам, ужо ў фае выклікала цікавасць. Пачалі пытацца: “Хто гэта?” І, хоць ніхто яго не пазнаваў, было заўважана, што цыліндр пана Ігнацы не менш чым дзесяцігадовага веку, гальштук – пяцігадовага, а цёмна-зялёны сурдут і клятчатыя сподні ў абцяжку паходзяць з непараўнальна больш даўняе эпохі. Усе палічылі яго за нетутэйшага, а калі ён запытаўся ў аднаго з білецёраў, як дабрацца да партэра, з яго пачалі смяяцца.

– Пэўна, нейкі шляхціц з Валыні, – казалі франты. – А што гэта ў яго пад пахай?..

– Можа, бігас, можа, надзіманая падушка…

Асмяяны, увесь змакрэлы ад халоднага поту, дабраўся, нарэшце, пан Ігнацы да жаданых крэслаў. Было крыху за сёмую, і гледачы толькі пачалі збірацца. У партэр кожны ішоў з капелюшом на галаве, ложы былі пустыя, і толькі на галёрцы чарнела маса люду. Там ужо пачалася лаянка і ўжо клікалі паліцыю.

“Здаецца мне, сход чакаецца вельмі бурны”, – прамармытаў няшчасны пан Ігнацы, са збянтэжанаю ўсмешкаю займаючы месца ў першым радзе.

Спачатку ён утаропіўся ў шчыліну з правага боку заслоны, прысягаючы, што не адарве ад яе вачэй. Аднак праз пару хвілін ён крыху супакоіўся і нават так асмялеў, што пачаў азірацца. Зала падалася яму нейкаю цеснаю і бруднаю, і калі ён пачаў дашуквацца прычыны, чаму яна гэтак змянілася, дык прыгадаў, што апошні раз быў у тэатры на выступе Добрскага[154] ў “Гальцы” гадоў з шаснаццаць таму.

Тым часам зала напаўнялася, а від прыгожых кабет, якія рассаджваліся ў ложах, моцна падбадзёрыў пана Ігнацы. Стары крамнік нават выцягнуў малую ларнетку ды пачаў разглядаць твары, але адразу ж зрабіў сумнае адкрыццё: яго таксама разглядаюць з амфітэатра, з дальніх радоў партэра, уга! нават з ложаў… Калі ж яго псіхічныя здольнасці пераключыліся са зроку на слых, дык ён пачаў лавіць словы, што кружлялі навокал, як восы:

– Хто ж гэты арыгінал?..

– Нехта з правінцыі.

– А дзе ж ён выкапаў гэткі сурдут?..

– Заўважыў, пан, ягоную бірульку на ланцужку для гадзінніка? Скандал!..

– Хто цяпер гэтак стрыжэцца?!

Пан Ігнацы ледзьве не выпусціў з рук свой альбом і цыліндр ды не ўцёк з тэатра. На шчасце, у апошнім радзе крэслаў ён убачыў знаёмага фабрыканта, вытворцу пернікаў, які ў адказ на паклон Жэцкага падняўся са свайго месца і падышоў да першага рада.

– Напрамілы Бог, пане Піфке, – прашаптаў пан Ігнацы, абліваючыся халодным потам, – сядзь, пан, на маё месца і саступі мне сваё…

– Вельмі ахвотна, – гучна адказаў чырванатвары фабрыкант. – А чаму пану тут не падабаецца?.. Добрае месца!

– Дасканалае. Але я хачу далей. Горача мне…

– І там так, але я магу сесці. Што гэта ў пана за пакунак?..

Тут Жэцкі прыгадаў свой абавязак.

– Няхай пан уявіць сабе, дарагі пан Піфке, што нейкі аматар гэтага… гэтага Росі…