І зноў ён намагаўся думаць пра іншае. Ён нават пайшоў (хоць была ўжо позняя ноч) у рэстаран, дзе грала музыка – скрыпка, фартэп’яна ды арфа. З’еў там запечанае мяса з бульбаю і капустаю, выпіў куфаль піва, потым – другі куфаль, потым – трэці, чацвёрты… нават сёмы… Зрабілася яму гэтак радасна, што ён кінуў на сподак арфістцы дзве саракоўкі[155] ды пачаў гугнява падпяваць. А потым стрэліла яму ў галаву, што трэба пазнаёміцца (безумоўна!) з чатырма немцамі, якія пры бакавым століку елі тушаніну з гарохам.
“Чаго я буду ім прадстаўляцца?.. Няхай яны мне прадставяцца,” – вырашыў пан Ігнацы.
Тут завалодала ім думка, што чатыры гэтыя паны мусяць яму прадставіцца, як старэйшаму, да таго ж – былому афіцэру венгерскае пяхоты, якая добра біла немцаў. Ён нават паклікаў кельнерку з мэтаю паслаць яе да тых чатырох паноў, што елі тушаніну, але ў гэты момант ансамбль, складзены са скрыпкі, арфы ды фартэп’яна, зайграў “Марсэльезу”.
Пану Ігнацы прыгадалася Венгрыя, пяхота і Аўгуст Кац, ён адчуў, як набягаюць слёзы і вось-вось ён не вытрывае, дык схапіў хутчэй са стала свой цыліндр, паходжання яшчэ да пачатку французска-прускае вайны, кінуў на стол рубель ды выбег з рэстарана.
А на вуліцы, апынуўшыся на свежым паветры, ён абапёрся на слуп газавае ліхтарні ды запытаўся:
– Д’ябал, няўжо я напіўся?.. Бач ты! Сем куфляў…
Ён пайшоў дадому, стараючыся ісці як мага раўней, і на ўласным досведзе спасцігаючы, якія калдобістыя варшаўскія ходнікі, бо праз кожныя некалькі крокаў ён хоцькі-няхоцькі збочваў або да канавы, або да сцен камяніц. Потым, каб пераканаць сябе, што ягоныя разумовыя здольнасці ў квітнеючым стане, ён пачаў лічыць зоркі на небе.
– Раз… два… тры… сем… сем… Што сем?.. А, сем куфляў піва… Няўжо праўда?.. І нашто было Стаху выпраўляць мяне ў гэты тэатр!..
Дадому ён трапіў адразу і адразу знайшоў званок. Аднак пасля таго, як у чаканні вартаўніка пазваніў ажно сем разоў, ён адчуў патрэбу абаперціся на вугал пры браме, дзе стаяў і лічыў (выключна дзеля цікавасці), колькі хвілін міне, пакуль вартаўнік адчыніць.
– Нягоднік! – бурчэў ён. – Мне а шостай уставаць, а гэты вартаўнік да паловы на другую трымае мяне на вуліцы…
На шчасце, вартаўнік нарэшце адчыніў брамку, праз якую пан Ігнацы крокам вельмі пэўным – нават больш, чым пэўным, занадта пэўным – прайшоў праз двор з адчуваннем, што цыліндр у яго – трошкі набакір, але ўсяго трошкі. Потым вельмі лёгка знайшоў ён дзверы ў сваю кватэру, але безвынікова стараўся ўсадзіць ключ у дзірку замка. Ён намацваў гэту дзірку пальцамі, сціскаў ключ моцна, як ніколі, і не мог трапіць.
– Няўжо праўда?..
Якраз у гэты момант дзверы паддаліся, і ягоны аднавокі пудзель Ір, не падымаючыся з падсцілкі, гаўкнуў:
– Так… так!
– Сціхні, свінтух паганы!.. – прамармытаў пан Ігнацы.
Не запальваючы святла, ён распрануўся ды лёг спаць.
Сны яго былі жахлівыя. Снілася ці толькі мроілася яму, што ён усё яшчэ ў тэатры і бачыць Вакульскага, які не зводзіць вачэй з аднае ложы. У той ложы сядзіць графіня, пан Ленцкі і панна Ізабэла. Жэцкаму здавалася, што Вакульскі глядзіць на панну Ізабэлу.
– Не можа быць! – прамармытаў ён. – Стах не аж такі ёлупень…
Тым часам (гэта быў працяг мрояў) панна Ізабэла паднялася і выйшла з ложы, а Вакульскі – за ёю, з тым самым выглядам загіпнатызаванага. Панна Ізабэла выйшла з тэатра, прайшла праз тэатральны пляц і лёгка ўзбегла на вежу ратушы, а Вакульскі – за ёю, выглядаючы ўсё гэткім жа загіпнатызаваным. А потым панна Ізабэла ўзнялася, як птушка, і пераляцела з вежы ратушы на будынак тэатра, а Вакульскі, які хацеў ляцець за ёю, рынуўся з вышыні дзясятага паверха на зямлю.
– Езус! Марыя!.. – жахнуўся Жэцкі, зрываючыся з ложка.
– Так!.. Так!.. – гаўкнуў праз сон Ір.
– Ну, я ўжо бачу, што зусім п’яны, – прамармытаў пан Ігнацы, вяртаючыся ў ложак ды нацягваючы на сябе коўдру, бо яго трэсла.
Некалькі хвілін ён паляжаў з расплюшчанымі вачыма і раптам зноў апынуўся ў тэатры, якраз пасля заканчэння трэцяга акта, у той самы момант, калі фабрыкант Піфке збіраецца ўручаць Росі альбом з відамі Варшавы ды мясцовых прыгажунь. Пан Ігнацы напружвае зрок (бо Піфке выконвае даручэнне замест яго) і бачыць неверагоднае: зламыснік Піфке замест каштоўнага альбома падае італьянцу нейкі папяровы пакунак, абы як абвязаны вяроўкаю.
І яшчэ горшую рэч бачыць пан Ігнацы. Бо італьянец паблажліва ўсміхаецца, развязвае вяроўку, раскручвае паперу, і на вачах панны Ізабэлы, Вакульскага, графіні ды соцень гледачоў дастае… жоўтыя нанкавыя кальсоны з фартушком спераду ды штрыпкамі знізу. Якраз такія, якімі пан Ігнацы карыстаўся ў эпоху слаўнае севастопальскае кампаніі!..
155