– А што ён мае? – пытае брунет.
– Ён мае… ён мае… сястру ў Кракаве, якая, разумее пан, запысала яго дачцэ…
– А калі яна нічога не запісала?..
Джэнтльмен з фаварытамі на момант ніякавее.
– Толькі, пан, не кажы мне гэтакае лухты! Чаму сястры з Кракава не запысаць, калі яна хворая?
– Я нічога не ведаю, – адказвае прыгожы брунет. (Пан Ігнацы прызнае ў душы, што гэткага прыгожага мужчыны ён ніколі яшчэ не бачыў.)
– Але ў яго ёсць дачка, пане Цынандэр… – неспакойна кажа ўласнік буйных фаварытаў. – Пан ведае яго дачку, тую панну Ізабэлу, пане Цынандэр? Я б сам, не таргуючыся, даў сто рублёў…
– Я б даў сто пяцьдзясят, – адказвае брунет. – Але Ленцкі – гэта няпэўная справа.
– Няпэўная?.. А пан Вакульскі навошта?..
– Пан Вакульскі, ну… гэта пэўная справа, – адказвае брунет. – Але яна неразумная, і Ленцкі неразумны, і ўсе яны неразумныя. І яны загубяць таго Вакульскага, ён сам будзе не рады…
Пану Ігнацы пацямнела ў вачах.
“Езус, Марыя! – шэпча ён. – Ужо нават на аўкцыёнах гавораць пра Вакульскага і пра яе… І яшчэ прадказваюць, што яго загубяць… Езус, Марыя!”
Пры стале, дзе сядзяць каморнікі, пачынаецца нейкі рух, усе прысутныя тышчацца бліжэй. Стары Шлянгбаўм таксама ціснецца да стала, ківае выпетранаму жыдку ды паціху падміргвае велічнаму пану, з якім нядаўна размаўляў у цукерні.
У гэты момант прыбягае адвакат пані Кшэшоўскае і, не гледзячы на яе, займае месца перад сталом ды падганяе каморнікаў:
– Хутчэй, панове, хутчэй, бо, далібог, няма часу…
За адвакатам у залу ўваходзіць яшчэ некалькі чалавек: сямейная пара, здаецца, з мяснікоў, старая дама з малым унукам і два паны, адзін – бадзёры і сівы, а другі – кучаравы і падобны да сухотніка. У абодвух паноў лагодныя фізіяноміі ды зношаная вопратка, але жыды, заўважыўшы іх, пачынаюць шаптацца ды паказваць пальцам з выразам здзіўлення і пашаны.
Абодва яны стаяць гэтак блізка ад пана Ігнацы, што той міжвольна чуе парады, якія сівы ягамосць дае кучараваму:
– Рабі, кажу, Ксавэры, як я. А я, далібог, не спяшаюся. Ужо гады тры наважваюся купіць невялікі дамок, кажу я табе, тысяч гэтак за сто, за дзвесце. Хай будзе на старасць. Але я не спяшаюся. Шукаю ў газетах, якія хаты ідуць з аўкцыёна, прыглядаюся да іх паціху, падлічваю сабе, а потым іду сюды і слухаю, што людзі за іх даюць. А як набраўся ўжо досведу і гатовы быў летась нешта купіць, дык кошты нечакана падскочылі, халера на яго, цяпер мушу спачатку ўсё лічыць!.. Але як мы разам пачнём прыглядацца, дык, кажу я табе, справа пойдзе…
– Ціха!.. – закрычалі ад стала.
Зала сцішылася, і пан Ігнацы пачаў слухаць апісанне камяніцы, якая знаходзіцца там і там, мае тры афіцыны ды тры паверхі, падворак, сад і г. д. Падчас гэтае важнае чыннасці пан Ленцкі то бляднее, то робіцца барвовы, а пані Кшэшоўская раз-пораз падносіць крышталёвы флакон у залатой аправе да носа.
– Я ведаю гэты дом! – крычыць раптам ягамосць у сініх акулярах з фізіяноміяй касцельнага служкі. – Я ведаю гэты дом!.. З заплюшчанымі вачыма можна даваць сто дваццаць тысяч рублёў…
– Не дуры, пан, галавы! – азываецца пан з фізіяноміяй круцяля, які стаіць побач з баранесаю Кшэшоўскаю. – Які там дом?! Руіны… трупярня!..
Пан Ленцкі робіцца амаль фіялетавы. Ён паварочваецца да касцельнага і пытае ў яго шэптам:
– Што гэта за лотр?
– Той?.. – перапытвае касцельны. – Латруга, дый годзе! Хай пан граф не зважае на яго…
А сам крычыць на ўвесь голас:
– Слова гонару, за гэты дом смела можна даваць сто трыццаць тысяч рублёў…
– Што гэта за поскудзь? – пытае баранеса ягамосця з круцельскаю фізіяноміяй. – Хто гэта? Той, у сініх акулярах?
– Той?.. Вядомы латруга. Адседзеў сваё на Павяку…[158] Хай пані на яго не зважае… Не варты ён, каб і плюнуць на яго…
– Ціха там! – разлягаецца чыноўніцкі голас ад стала.
Касцельны падміргвае пану Ленцкаму, усміхаецца яму фамільярна ды пхаецца да стала, каб заняць месца сярод удзельнікаў аўкцыёну. Іх чацвёра: адвакат баранесы, велічны пан, стары Шлянагбаўм ды выпетраны жыдок, каля якога становіцца касцельны.
– Шэсцьдзясят тысяч і пяцьсот рублёў, – асцярожна кажа адвакат пані Кшэшоўскае.
– Далібог, больш не варта… – заўважае ягамосць з фізіяноміяй круцяля.
Баранеса трыумфальна пазірае на пана Ленцкага.
– Шэсцьдзясят пяць тысяч і сто рублёў, – падае голас малакроўны жыдок.
– Шэсцьдзясят шэсць… – набаўляе Шлянгбаўм.
– Семдзясят тысяч! – крычыць касцельны.
– Ах, ах, ах! – пачынае плакаць баранеса і падае на плеценую канапку.
158