Выбрать главу

Толькі ўвайшоў ён у краму, няпэўны, дзе адчувае большы цяжар – у нагах ці на сэрцы, як падхапіў яго Мрачэўскі. Быў ён ужо падстрыжаны па-варшаўску, расчасаны і наадэкалонены, як раней, і паводле ўласнага жадання абслугоўваў гасцей крамы, хоць сам быў госцем ды яшчэ з гэткіх далёкіх краёў. Мясцовыя панове надзівіцца на яго не маглі.

– Пабойся ж Бога, пане Ігнацы, – загаманіў ён. – Я тры гадзіны чакаю пана! Вы ўсе тут ад рук адбіліся…

Ён узяў яго пад руку і, не зважаючы на здзіўленыя позіркі пакупнікоў, зацягнуў пана Жэцкага ў кабінет, дзе стаяла каса.

Тут ён папхнуў на крэсла ссівелага на сваёй пасадзе крамніка, сам стаў перад ім з заламанымі рукамі, як роспачны Герман перад Віялетай[159], і пачаў:

– Вось што, пане… Я ведаў, што варта мне з’ехаць, дык усёй справе гамон, але не думаў, што так хутка… Тое, што пан не сядзіць у краме – няважна, нічога з ёю не зробіцца. Але выбрыкі старога – гэта проста скандал!..

Здавалася, што ад здзіўлення ў пана Ігнацы бровы залезуць на макаўку галавы.

– Перапрашаю!.. – узняўся быў ён з крэсла.

Але Мрачэўскі прытрымаў яго на месцы.

– Перапра…

– Няхай пан хвілінку памаўчыць! – спыніў яго наадэкалонены дзяцюк. – Пан хоць ведае, што тут робіцца?.. Сузін сёння ўночы едзе ў Берлін паглядзець на Бісмарка, а потым – у Парыж на выставу. Абавязкова, чуе пан? Абавязкова ўгаворвае Вакульскага ехаць з ім. А той дур…

– Пане Мрачэўскі!.. Як пан насмеліўся…

– Я ад нараджэння ўжо смелы, а Вакульскі – вар’ят!.. Сёння я даведаўся, нарэшце, праўду… Пану вядома, колькі стары мог бы зарабіць на гэтай справе ў Парыжы з Сузіным? Не дзесяць, а пяцьдзясят тысяч рублёў, пане Жэцкі!.. І той асёл не толькі не хоча сёння ехаць, але яшчэ кажа, што не ведае, калі паедзе. Ён не ведае, а Сузін можа чакаць з тою справаю ўсяго некалькі дзён.

– Што ж Сузін?.. – ціха спытаў заклапочаны ўжо пан Ігнацы.

– Сузін?.. Злуецца. А горш за тое, крыўдзіцца. Кажа, што Станіслаў Пятровіч ужо не той, што раней, не лічыцца з ім… Словам, скандал! Пяцьдзясят тысяч рублёў прыбытку і дармовае падарожжа. Ну, няхай пан сам скажа, хіба на такіх умовах нават святы Станіслаў Костка не паехаў бы ў Парыж?..

– Пэўна! – прамармытаў пан Ігнацы. – Дзе ж Стах… гэта значыць Вакульскі? – дадаў ён, падымаючыся з фатэля.

– Ён зараз сядзіць у пакоях пана і складае рахункі для Сузіна. Пабачыш, пан, чаго вам будуць каштаваць гэтыя фіглі.

Дзверы кабінету прыадчыніліся, і на парозе з’явіўся Клейн з лістом у руцэ.

– Лёкай Ленцкіх прынёс старому, – сказаў ён. – Можа, пан яму аддасць, бо нешта сёння ён злы, як д’ябал…

Пан Ігнацы ўзяў у рукі блакітны канверт, аздоблены незабудкамі, але завагаўся: ісці ці не. Тым часам Мрачэўскі зазірнуў яму праз плячо і ўбачыў адрас.

– Ліст ад Бэльці! – выгукнуў ён. – Анягож!

Ён зарагатаў і выскачыў з кабінету.

“Д’ябал! – прамармытаў пан Ігнацы. – Няўжо ўсе плёткі – праўда?.. Дык ён з-за яе выдаткоўвае на камяніцу дзевяноста тысяч і адмаўляецца ад пяцідзесяці, абяцаных Сузіным?.. Разам – сто сорак тысяч рублёў!.. А каляска, а скачкі, а дабрачыннасць?.. А! Яшчэ ж той Росі, на якога панна Ленцкая пазірае гэтак горача, як жыд на дзесяць прыказанняў!.. Уга! Схаваю я лепш у кішэню ўсе гэтыя цырымоніі…”

Ён зашпіліў сурдут на ўсе гузікі пад самую шыю, выпрастаўся і пайшоў з лістом да сябе дадому. Тут ён заўважыў раптам, што крыху рыпяць яго чаравікі, і адчуў нейкую палёгку.

У пакоі пана Ігнацы за сталом над паперамі сядзеў Вакульскі без сурдута і камізэлькі ды нешта пісаў.

– А! – выгукнуў ён, калі ўбачыў Жэцкага. – Ты не гневаешся, што я распараджаюся тут, як дома?

– Гаспадар цырымоніцца! – іранічна азваўся пан Ігнацы. – Вось ліст ад… тых… Ленцкіх.

Вакульскі зірнуў на адрас, спехам разарваў канверт і чытаў… чытаў… Раз, другі, трэці перачытваў ён ліст. Жэцкі корпаўся ў шуфлядах. А калі заўважыў, што гаспадар ужо скончыў чытанне і задумліва абапёр галаву на рукі, ён суха спытаў:

– Едзеш сёння ў Парыж з Сузіным?

– І не думаю.

– Я чуў, што гэта нейкая важная справа… Пяцьдзясят тысяч рублёў…

Вакульскі маўчаў.

– Дык паедзеш заўтра або паслязаўтра, бо, падобна, Сузін мае намер пачакаць цябе пару дзён?

– Я не ведаю яшчэ, калі паеду.

– Гэта кепска, Стаху. Пяцьдзясят тысяч рублёў – вялікія грошы, шкода іх страціць… Калі даведаюцца, што ты не скарыстаўся гэткім выпадкам…

– Скажуць, што я звар’яцеў, – скончыў Вакульскі.

Ён зноў памаўчаў і нечакана азваўся:

– А каб у мяне быў больш важны абавязак, чым зарабіць пяцьдзясят тысяч?..