Выбрать главу

Ён зноў спыніўся пасярод ходніка.

– Павер мне, Ігнацы, – скончыў ён хрыпла, – нават сярод звяроў не знойдзеш такога паганага гатунку, як людзі. Ва ўсёй прыродзе самец належыць той саміцы, якой ён падабаецца і якая яму падабаецца. Сярод быдла няма ідыётаў. А ў нас? Я жыд, дык мне нельга кахаць хрысціянку… Ён купец, дык не мае права на дачку графа… А ты, як не маеш грошай, дык увогуле не маеш права ні на адну кабету… Подлая ваша цывілізацыя!.. Лепш было мне загінуць, але прывалены яе друзам…

Мы ўсё яшчэ ішлі ў бок рагатак[161]. Падняўся вільготны вецер і ўжо некалькі хвілін дзьмуў нам проста ў твар, на захадзе збіраліся хмары, якія закрывалі зоркі. Ліхтарні трапляліся ўсё радзей. Зрэдчас па Алеі туркатала брычка і абдавала нас нябачным пылам, познія мінакі беглі дадому.

“Будзе дождж!.. Стах ужо недзе каля Градзіска,” – падумаў я.

Доктар нізка насунуў капялюш ды злосна маўчаў. Мне рабілася ўсё больш маркотна, можа, з-за таго, што хутка цямнела. Я б нікому і ніколі гэтага не сказаў, але мне часам прыходзіла думка, што Стах… сапраўды, ужо і думаць не думае пра палітыку, бо з галавою патануў ў фалдах сукенкі тае панны. Здаецца, я нават казаў яму нешта падобнае, і ягоны адказ не зменшыў маіх падазрэнняў.

– Хіба гэта магчыма, – пачаў я, – каб Вакульскі зусім забыў пра грамадскія справы, пра палітыку, пра Еўропу…

– З Партугаліяй, – дадаў доктар.

Гэткі цынізм абурыў мяне.

– Пан кпіць, – сказаў я. – Але хіба можна запярэчыць, што Стах мог стацца нечым большым, чым няшчасны закаханы ў панну Ленцкую. Ён быў грамадскі дзеяч, а не нейкі там нягеглы ўздыхальнік…

– Мае пан рацыю, – згадзіўся доктар, – але што з таго? Паравая махіна, прынамсі, не млынок на каву, гэта вялікая махіна. Але варта заржавець у ёй аднаму малому колку, і яна ператвараецца ў непатрэбную старызну, нават небяспечную. Вось і ў Вакульскім ёсць падобнае кола, якое ржавее і псуецца…

Вецер усё мацнеў. Мне запарушыла пяском вочы.

– І адкуль на яго гэта навала? – азваўся я. (Але нядбалым тонам, каб Шуман не падумаў, што я хачу нешта выпытаць.)

– Тут і характар Стаха, і створаныя цывілізацыяй нормы,  – адказаў доктар.

– Характар?.. Ніколі не быў ён падкі на каханне.

– Таму і прапаў, – працягваў Шуман. – Цэнтнеры снегу, падзеленыя на сняжынкі, толькі запарушыць зямлю і не пашкодзяць ніводнае травінкі. Але цэнтнеры снегу, збітага ў лавіну, разбураюць жытло і забіваюць людзей. Каб Вакульскі кожны тыдзень кахаў іншую, дык быў бы падобны да пончыка, меў вольныя думкі і шмат карыснага мог зрабіць на свеце. Але ён, як скнара, збіраў капітал пачуццяў, ну і бачым вынік гэтае ашчаднасці. Каханне тады прыгожае, калі мае лёгкасць матылька, а калі пасля доўгае летаргіі яно абудзіцца, як тыгр, дык барані Божа ад гэткае пацехі! Адна справа добры апетыт, а зусім іншая – калі кішкі марш іграюць…

Хмараў усё большала, мы павярнулі назад ужо амаль ад самых рагатак. Я падумаў, што Стах мусіць быць каля Руды Гузоўскае.

А доктар правіў сваё, усё больш хвалюючыся, усё мацней махаючы кіем:

– Ёсць гігіена жытла і адзення, гігіена харчавання і працы, якой не прытрымліваюцца ніжэйшыя класы, і ў гэтым прычына павышанай смяротнасці, прычына кароткага жыцця і выраджэння. Але ёсць таксама і гігіена кахання, якой не толькі не прытрымліваюцца, а, наадварот, якую гвалцяць адукаваныя класы, і гэта з’яўляецца адной з прычын іх заняпаду. Гігіена патрабуе: “Еж тады, калі хочацца!”, але насуперак гэтаму безліч правілаў хапае нас за полы з віскатам: “Нельга!.. Будзеш есці тады, калі мы табе дазволім, калі выканаеш такія і такія ўмовы, вызначаныя маральнасцю, традыцыямі, модаю…” Трэба прызнаць, што тут найбольш адсталыя грамадствы апярэдзілі самыя прагрэсіўныя, а хутчэй, іх адукаваныя класы.

І звярні ўвагу, пане Ігнацы, у якой згодзе між сабою працуюць на абалваньванне людзей і дзіцячы пакой, і салон, і паэзія, і проза, і драма. Загадваюць табе шукаць ідэалы, самому быць ідэальным аскетам і не толькі выконваць, але нават ствараць нейкія штучныя ўмоўнасці. А які вынік?.. Мужчына, бо яго звычайна менш дрэсіруюць, робіцца здабычаю кабеты, якую толькі і робяць, што дрэсіруюць. І вось што атрымліваецца: насамрэч цывілізацыяй кіруюць кабеты!