Выбрать главу

Крамнікі пасмейваліся (вядома, па кутках) з новага гаспадара, а мне было прыкра, што Стах так лёгка адмовіўся і ад свайго гераічнага мінулага, і ад свае галечы. Бо дзіўная натура людская, чым меншую мы самі маем схільнасць да пакутніцтва, тым з большаю настойлівасцю прагнем гэтага ад бліжніх.

– Прадаўся старой бабе, – казалі знаёмыя, – нібы Брут!..[179] Вучыўся, бунтаваў і… плюх!..

А сярод самых суровых суддзяў былі два адпрэчаныя канкурэнты на руку пані Малгажаты.

Стах, аднак, вельмі хутка прымусіў усіх змоўкнуць, бо адразу ўзяўся за працу. Хіба ўжо праз тыдзень пасля вяселля прыйшоў ён а восьмай раніцы ў краму, заняў месца нябожчыка Мінцля і абслугоўваў гасцей, лічыў, даваў рэшту, нібы сам быў толькі нанятым крамнікам.

Больш за тое, ужо на другі год завёў ён сувязі з маскоўскімі купцамі, што вельмі паспрыяла справе. Скажу нават, што пад яго кіраўніцтвам патроілі мы абароты.

Я ўздыхнуў з палёгкаю, калі ўбачыў, што Вакульскі не збіраецца есці дарэмнага хлеба, ды і крамнікі перасталі ўсміхацца, калі пераканаліся, што Стах больш за іх працуе ў краме, а яшчэ ж мае немалыя абавязкі наверсе. Мы, прынамсі, у свята маглі адпачыць, а ён, небарака, якраз у святы мусіў браць жонку пад паху ды маршыраваць: раніцаю – у касцёл, удзень – з візітамі, а ўвечары – у тэатр.

Пры маладым мужы пані Малгажата акрыяла. Яна купіла сабе фартэп’яна і пачала вучыцца іграць у нейкага састарэлага прафесара, каб той, як сама казала, “не будзіў у Сташку рэўнасці”. А вольныя ад фартэп’яна гадзіны яна прысвячала нарадам з шаўцамі, мадысткамі, цырульнікамі і дантыстамі, на вачах прыгажэючы з іх дапамогаю.

А якая яна была пяшчотная да мужа! Па некалькі гадзін праседжвала ў краме, не спускаючы вачэй са Стасічка. А варта было ёй заўважыць, што сярод пакупніц трапляюцца ладныя, прыбрала яна Стаха з галоўнае залы за шафы ды яшчэ загадала зрабіць яму там будку, у якой сядзеў ён, як дзікі звер, і вёў крамныя кнігі.

Аднойчы чую: у той будцы – страшны грукат… Бягу я, бягуць крамнікі… Што робіцца! Пані Малгажата ляжыць на падлозе прываленая сталом і аблітая чарнілам. Крэсла зламанае, Стах злы і збянтэжаны… Паднялі мы еймосць, якая аж плакала ад болю, і з яе войканняў зразумелі, што яна сама ўчыніла ўвесь гэты гармідар, бо дадумалася сесці мужу на калені. Хісткае крэсла ад падвойнага цяжару зламалася, еймосць ухапілася за стол, каб утрымацца, ды перакуліла яго разам з усім дабром, якое там было.

Стах з непарушным спакоем прымаў гэтыя гучныя доказы сужэнскае чуласці, цалкам засяроджваючыся на рахунках ды купецкай карэспандэнцыі. А еймосць замест таго, каб крыху пацішэць, наадварот, шалела ўсё больш. Калі стомлены сужэнец па справе або проста таму, што заседзеўся на адным месцы, ішоў у горад, яна бегла за ім… высочвала, ці не пайшоў ён на спатканне!..

Бывала, звычайна зімою, Стах збягаў на тыдзень з дому да знаёмага лесніка, паляваў там і падоўгу блукаў па лесе. Тады пані ўжо на трэці дзень імчалася ў пагоню за сваім каханым уцекачом, сноўдалася следам за ім па гушчары і, нарэшце, прывозіла дзецюка ў Варшаву.

Першыя два гады гэткага рэжыму Вакульскі маўчаў. На трэці год пачаў штовечар прыходзіць да мяне – пагутарыць пра палітыку. Часам, пачнём мы гамонку пра былое, а ён азірнецца раптам, спыніцца на паўслове і толькі паспее сказаць: “Слухай, Ігнацы…”, як у той жа момант, нібы па камандзе, улятае ў пакой служанка з крыкам:

– Пані просіць!.. Пані занядужала!..

І ён, бядак, махне рукою ды ідзе да еймосці, не дагаворваючы таго, што хацеў сказаць.

Праз тры гады гэткага жыцця, зрэшты, беззаганнага, убачыў я, што сталёвы гэты чалавек пачынае гнуцца ў аксамітных абдымках еймосці. Ён зблажэў, згорбіўся, закінуў свае навуковыя кніжкі, а чытаць пачаў газеты ды кожную вольную хвіліну праводзіў у размовах са мною пра палітыку. Здаралася, што ён пакідаў краму раней за восьмую і разам з еймосцю ішоў у тэатр або з візітам. Нарэшце, пачалі яны ладзіць у сябе прыёмы па вечарах, на якія збіраліся дамы – старыя, як смяротны грэх, і паны, якія атрымлівалі ўжо пенсію ды гулялі ў віст.

Стах з імі яшчэ не гуляў, а толькі хадзіў вакол столікаў ды прыглядаўся.

– Стаху, – казаў я не раз, – сцеражыся!.. Табе сорак тры гады… У гэтым узросце Бісмарк толькі пачынаў кар’еру…

Гэтыя словы ці падобныя ім абуджалі яго на момант. Кідаўся ён тады ў фатэль і, абапёршы галаву на руку, думаў. Але бегла ўжо да яго пані Малгажата з крыкам:

– Стасічак, зноў ты задумаўся, гэта вельмі кепска… А там панове не маюць віна…