Выбрать главу

Стах падымаўся, даставаў з буфета новую бутэльку, наліваў віно ў восем кілішкаў і абыходзіў сталы, прыглядаючыся, як панове гуляюць у віст.

Гэткім чынам, паволі і паступова, леў ператвараўся ў вала. Каб убачыў я цяпер яго ў турэцкім халаце, у расшытых пацеркамі пантофлях ды ў каўпаку з ядвабным кутасом, дык і не пазнаў бы таго Вакульскага, які чатырнаццаць гадоў таму ў склепе Махальскага выгукнуў: “Я!”

Калі Каханоўскі пісаў: “На ільва жахлівага без страху сядзеш і на вялізным цмоку ездзіць будзеш”[180], дакладна ён меў на ўвазе кабету... Гэта яны асядлалі і захамуталі мужчынскі род!

Тым часам на пяты год сумеснага жыцця пані Малгажата раптам пачала фарбавацца… Адразу нязначна, потым усё больш энергічна і штораз – то новымі сродкамі… Раз пачула яна пра нейкі ліквор, які дамам ва ўзросце вяртаў свежасць і прывабнасць маладосці, дык нацерлася ім аднойчы ўвечары з галавы да пят гэтак старанна, што выкліканыя на дапамогу лекары ў тую ж самую ноч ужо не маглі яе выратаваць. І сканала, гаротніца, менш, чым за двое сутак, ад заражэння крыві. Толькі і паспела, пакуль была ў прытомнасці, выклікаць натарыуса ды перапісаць увесь маёнтак на свайго Стасічка.

І пасля гэтага няшчасця Стах маўчаў, але асалавеў яшчэ больш. Маючы некалькі тысяч рублёў даходу, перастаў ён займацца гандлем, стаў цурацца знаёмых і занурыўся ў навуковыя кніжкі.

Я не раз казаў яму, каб ён выйшаў на людзі, каб бавіўся, бо яшчэ ён малады і можа другі раз ажаніцца…

Без толку…

Аднойчы (праз паўгода пасля смерці пані Малгажаты), гледзячы, як хлопец на вачах ператвараецца ў старога дзеда, я параіў яму:

– Схадзі, Стаху, у тэатр… Даюць сёння якраз “Віялету”, вы былі з нябожчыцаю апошні раз…

Ускочыў ён з канапы, дзе чытаў кніжку, і сказаў:

– Ведаеш… твая праўда…. Пагляджу, на што цяпер гэта падобна…

Пайшоў ён у тэатр і… на другі дзень не пазнаў я яго. У старцы абудзіўся мой Стах Вакульскі. Выпрастаўся ён, вочы заблішчалі, голас набраў сілы…

З тае пары стаў ён хадзіць на ўсе паказы, на ўсе канцэрты і лекцыі.

Хутка ён паехаў у Балгарыю, дзе здабыў свой вялізны капітал, а праз пару месяцаў пасля ягонага вяртання адна старая пляткарка (пані Мэлітан) намякнула мне, што Стах закаханы…

Зарагатаў я з гэткае лухты, бо хто кахае, той, прынамсі, не едзе на вайну. Але цяпер, на жаль, я пачынаю дапускаць, што баба не памылілася…

Хоць з тым адроджаным Стахам Вакульскім чалавеку няма ніякае пэўнасці. А раптам?.. О, пасмяяўся б я тады з доктара Шумана, які з палітыкі кепікі строіць!..

XXI. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Палітычная сітуацыя такая няпэўная, што мяне зусім бы не здзівіла, каб выбухнула вайна дзесьці бліжэй да снежня.

Людзі звычайна думаць, што вайны трэба чакаць толькі ўвесну, відаць, яны забыліся, што пруская і французская войны пачаліся ўлетку. І я не разумею, адкуль гэтая прадузятасць супраць зімовых кампаній? Зімою стадолы поўныя, дарогі, як мур. Тым часам, увесну ў сялян нішчымніца, а дарогі, як цеста. Праедзе батарэя – і можна ў гэтым месцы купацца.

Але, з іншага боку, зімовыя ночы цягнуцца больш за дванаццаць гадзін, патрэбна цёплая вопратка і кватэры для войска, ды яшчэ тыф… Сапраўды, не раз дзякаваў я Богу, што не стварыў мяне Мольткам[181], які мусіць ламаць сабе галаву, небарака.

Аўстрыякі, а хутчэй, венгры ўлезлі ўжо ў Боснію і Герцагавіну, дзе іх вельмі негасцінна прымаюць. Знайшоўся нават нейкі Хаджы Лоя[182], падобна, слынны партызан, які ім дужа назаляе. Шкада мне венгерскае пяхоты, але цяперашнія венгры нікуды не вартыя. Калі іх у 49-м годзе душыў чорна-жоўты[183], яны крычалі: кожны народ мае права бараніць сваю вольнасць!.. А цяпер што?.. Самі лезуць у Боснію, куды іх ніхто не клікаў, а баснійцаў, якія бароняцца, называюць злодзеямі ды разбойнікамі.

Далібог, я ўсё менш разумею палітыку! І хто ведае, можа, Стах Вакульскі мае рацыю, што перастаў ёю займацца (калі перастаў).

Але што я тут разважаю пра палітыку, калі ў маім уласным жыцці адбыліся вялікія перамены. Хто б паверыў, што ўжо тыдзень як перастаў я займацца крамаю, часова, вядома, бо іначай ашалеў бы з нуды.

Справа такая. Піша мне Стах з Парыжа (прасіў ён мяне пра гэта і перад ад’ездам), каб заняўся я камяніцаю Ленцкіх, якую ён купіў. “Не мела баба клопату!..”, – думаю я сабе, але што тут зробіш?.. Здаў я краму Лісецкаму і Шлянгбаўму, а сам – ходу ў Алеі Ерусалімскія на выведку.

Спачатку, праўда, пытаюся ў Клейна, які жыве ў стахавай камяніцы, што там робіцца. Замест адказу той схапіўся за галаву.