Выбрать главу

– Ёсць там які адміністратар?

– Ёсць, – кажа Клейн і крывіцца. – Жыве на чацвёртым паверсе.

– Досыць!.. – кажу я, – досыць, пане Клейн…

(Бо мне не падабаецца слухаць чужыя меркаванні раней, чым я не ўбачу ўсё на ўласныя вочы. Зрэшты, Клейн – хлопец малады, ён лёгка мог бы заганарыцца, каб падумаў, што старэйшыя выпытваюць у яго нейкую інфармацыю.)

Гэх! Няма рады... Дык аддаю адпрасаваць мой капялюш, плачу два злотыя, кладу на ўсялякі выпадак у кішэню пісталет і маршырую кудысьці аж за касцёл Аляксандра[184].

Гляджу: дом жоўты на чатыры паверхі, нумар той… Авой! Нават ужо і таблічка з прозвішчам Станіслава Вакульскага… (Не іначай, загадаў прыбіць яе стары Шлянгбаўм.)

Заходжу я на падворак… вох! нядобра… Смярдзіць, шэльма, як аптэка. Гара смецця аж да другога паверху, а па рынштоку плыве мыльная пена. Агледзеўся я, на дзядзінцы – “Парыжская пральня” з дзявухамі, як двухгорбыя вярблюды. Гэта мяне падбадзёрыла.

Дык я крычу: “Вартаўнік!..” Пару хвілін нікога не відаць, нарэшце, паказваецца тоўстая баба, гэткая замурзаная, што аж дзіўна, як столькі бруду можа знаходзіцца побач з пральняю, да таго ж – парыжскаю.

– Дзе вартаўнік? – пытаюся я, дакранаючыся рукою да капелюша.

– А навошта?.. – буркнула баба.

– Я прыйшоў ад імя гаспадара дома.

– Вартаўнік сядзіць у арышце, – кажа баба.

– За што ж гэта?

– Ого, які пан цікаўны!.. – закрычала яна. – За тое, што яму гаспадар заробак не плаціць.

Добры пачатак!

Ясная рэч, няма вартаўніка, дык пайшоў я да адміністратара на чацвёрты паверх. Ужо на другім паверсе чую дзіцячы крык, плескачы і кабечую лаянку:

– Галганы!.. Лайдакі!.. А вось табе!.. А вось!..

Дзверы адчыненыя, у дзвярах нейкая еймосць у белай некалі хатняй кофтачцы лупцуе траіх дзяцей дзягаю.

– Перапрашаю, – кажу, – я не перашкодзіў?..

Дзеці, як убачылі мяне, пабеглі ў пакоі, а еймосць у каптаніку, хаваючы за спіну рэмень, збянтэжана запыталася:

– Ці не пан гаспадар гэта?..

– Не гаспадар, але… я прыйшоў ад яго імя да шаноўнага мужа пані… Я – Жэцкі…

Еймосць хвіліну разглядала мяне з недаверам, нарэшце, сказала:

– Віцек, бяжы на склад па бацьку… А пан, калі ласка, у салон…

Паміж мною і дзвярыма праскочыў малы абадранец, дабег да сходаў і па парэнчы кінуўся з’язджаць у дол. А я, збянтэжаны, увайшоў у салон, галоўнаю аздобаю якога была канапа з падранаю пасярэдзіне абіўкаю.

– Вось якая доля ў адміністратара, – азвалася пані, запрашаючы мяне сесці на крыху лепшае крэсла. – Мой муж служыць нібы ў багатых паноў, а каб не хадзіў ён на вугальны склад і не перапісваў у адвакатаў, дык не было б нам чаго есці. Вось наша кватэра, няхай пан паглядзіць. За тры катухі плацім сто восемдзясят рублёў у год…

Раптам з кухні пачулася нейкае трывожнае шыпенне. Еймосць у кофтачцы пабегла туды, а на хаду ціха загадала:

– Казю! Ідзі ў салон і сачы за тым панам…

Сапраўды, увайшла ў пакой вельмі худзенькая дзяўчынка ў карычневай сукенцы і брудных панчошках. Яна села на крэсла каля дзвярэй і пазірала на мяне недаверліва і смутна. “Вось дажыўся, – падумаў я, – на старасці гадоў лічаць мяне злодзеем…”

Сядзелі мы хвілін з пяць, моўчкі, прыглядаючыся адно да аднаго, як раптам – крык і грукат на сходах, і адразу ўбег той малы абадранец, якога звалі Віцекам, і на якога нехта злосна крычаў:

– Ах ты шэльма!.. Я ж табе дам…

Я здагадаўся, што ў гэтага Віцека, падобна, жвавы тэмперамент, а той, хто на яго сварыцца, відаць, ягоны бацька. І праўда, з’явіўся сам пан адміністратар у заплямленым сурдуце і пашарпаных знізу штанах. Была ў яго густое сівое шчацінне на твары і стомленыя вочы.

Ён увайшоў, ветліва пакланіўся і спытаў:

– Дык я маю гонар бачыць пана Вакульскага?

– Не, пане, я толькі калега і ўпаўнаважаны пана Вакульскага.

– А, так!.. – прамовіў ён, працягваючы мне руку. – Я меў прыемнасць бачыць пана ў краме… Прыгожая крама! – ён уздыхнуў. – З гэтакіх крамаў нараджаюцца камяніцы, а з… зямельнае ўласнасці – гэткія вось пакоі…

– Пан дабрадзей меў уласнасць? – запытаўся я.

– Ах!.. Але што ж… Пэўна, хоча пан даведацца пра баланс гэтае камяніцы? – адказаў адміністратар. – Вось, калі казаць коратка, маем мы два віды кватарантаў: адны ўжо паўгода не плацяць нікому, іншыя плацяць штрафы ў магістратуру або не выплачаныя падаткі за гаспадара. Вартаўнік не атрымлівае заробку, дах цячэ, цыркул[185] не дае жыцця, каб вывезлі смецце, адзін кватарант пачаў супраць нас працэс за сутарэнне, а два кватаранты судзяцца між сабою, бо пасварыліся за падстрэшак… А што тычыцца, – дадаў ён збянтэжана, – што тычыцца дзевяноста рублёў, якія я вінны пану Вакульскаму…