Выбрать главу

“Дык гэта Марушэвіч, – падумаў я. – Дабраная пара…”

– Я не такі, – сцішана адказаў мужчынскі голас за дзвярыма і зноў пачулася два пацалункі, пэўна, у руку.

Я зірнуў на экс-землеўласніка. Ён падняў вочы да столі, а плечы – амаль да вушэй.

– Штукар!.. – прашаптаў ён, паказваючы на дзверы.

– Ведае яго пан?..

– Ага!..

– Добра, – казала баранеса ў другім пакоі, – няхай пан занясе ў касцёл Святога Крыжа гэтыя дзевяць рублёў на тры імшы, каб Бог на яго не забываўся… Не, – перадумала яна праз момант. – Няхай будзе адна імша за яго, а дзве – за душу маёй беднае дзяўчынкі.

Голас перарваўся ціхімі ўсхліпваннямі.

– Няхай жа пані супакоіцца!.. – лагодна суцішаў яе Марушэвіч.

– Ідзі ўжо, пан, ідзі… – адказала яна.

Дзверы салона нечакана адчыніліся, і як укапаны стаў на парозе Марушэвіч, за якім я заўважыў зжаўцелы твар і пачырванелыя вочы пані баранесы. Мы з адміністратарам падняліся з крэслаў. Марушэвіч хуценька адступіў назад і, відавочна, выйшаў праз іншыя дзверы, а пані баранеса гнеўна паклікала:

– Марыся!.. Марыся!..

Убегла дзяўчына ў белым, як я ўжо згадваў, чапцы, у цёмнай сукенцы з белым фартухом. У гэтым уборы яна магла нагадваць апякунку хворых, каб вочы яе занадта не блішчалі.

– Як ты магла пусціць сюды гэтых паноў? – запыталася ў яе баранеса.

– Пані ж загадала прасіць…

– Дурніца… Прэч адсюль!.. – прашыпела баранеса і звярнулася да нас. – Чаго пан хоча, пане Вірскі?

– Пан Жэцкі – упаўнаважаны гаспадара дому, – прадставіў мяне адміністратар.

– А!.. Добра… – сказала баранеса і павольна ўвайшла ў салон, але сесці нас не запрасіла. Яна скрыжавала рукі на грудзях, як Напалеон, і сказала, пазіраючы на мяне:

– Ааа!.. Пан упаўнаважаны, здаецца мне, пана Вакульскага… Так?.. Няхай жа пан паведаміць яму, што альбо я з’еду з гэтае кватэры, за якую плачу семсот рублёў без затрымак… праўда ж, пане Вірскі?

Адміністратар пакланіўся.

– Альбо, – працягвала баранеса, ківаючы галавою, – пан Вакульскі прыбярэ са свайго дома гэты бруд і распусту…

– Распусту? – перапытаў я.

– Так, пане, – пацвердзіла баранеса, ківаючы галавою. – Тыя прачкі, што цэлы дзень спяваюць свае жахлівыя песенькі ўнізе, а ўвечары рагочуць у мяне над галавою ў тых… у студэнтаў. А тыя галганы кідаюць на мяне зверху недакуркі або льюць ваду… Нарэшце, тая пані Стаўская, пра якую нават не вядома, што і думаць: удава яна ці разведзеная, з чаго яна жыве… Тая пані зводзіць мужоў у цнатлівых жонак, гэткіх гаротных…

Яна хутка заміргала, і ў яе пацяклі слёзы з вачэй.

– Жах! – казала яна, хліпаючы. – Быць прывязанай да гэтага страшнага дома ў памяць пра дзіця, якое нішто не вырве з сэрца. Яна ж бегала па гэтых пакоях… Яна гуляла там, на падворку… І глядзела ў акно, у якое мне, маці сіраціне, выглянуць сёння няможна… Мяне хочуць выжыць адсюль… усе хочуць мяне выжыць… усім я перашкаджаю… А я ж не магу выбрацца адгэтуль, бо на кожнай дошчачцы гэтае падлогі – сляды яе ножак… кожная сцяна ўвабрала яе смех або плач…

Яна ўпала на канапу і заходзілася ад плачу.

– Ах! – галасіла яна. – Людзі страшнейшыя за звяроў… Хочуць мяне выжыць адсюль, дзе маё дзіця перастала дыхаць… Яе ложачак і ўсе цацкі засталіся на сваіх месцах… Я сама выціраю пыл у яе пакоі, каб нічога не зрушыць з месца… Кожную цалю[188] падлогі выцалавала я на каленях, бо там сляды майго дзіцяці, а яны хочуць мяне выгнаць!.. Выганіце ж адсюль спачатку мой боль, маю тугу, маю роспач…

Яна закрыла твар і плакала наўзрыд. Я заўважыў, што ў адміністратара чырванее нос, і сам адчуў вільгаць на вачах.

Роспач баранесы па памерлым дзіцяці гэтак мяне раззброіла, што я не меў ужо адвагі сказаць ёй пра павышэнне платы за кватэру. А яе галашэнне гэтак мяне растрывожыла, што выскачыў бы праз акно, каб не трэці паверх.

У выніку, жадаючы хоць неяк супакоіць кабету, я звярнуўся да яе самым лагодным тонам:

– Няхай пані крыху супакоіцца… Чаго пані жадае?.. Чым можна дапамагчы?..

У маім голасе была такая спагада, што нос адміністратара пачырванеў яшчэ больш. А ў пані баранесы высахла адно вока, але яна яшчэ плакала другім – на знак таго, што не лічыць дзею скончанай, а мяне цалкам пераможаным.

– Я жадаю… я жадаю, – казала яна, сутаргава ўздыхаючы, – жадаю, каб мяне не выганялі адтуль, дзе памерла маё дзіця… дзе ўсё мне нагадвае яго. Не магу… не магу я пакінуць яе пакой… не магу выкінуць яе мэблю і цацкі… Несумленна гэткім чынам нажывацца на горы.

– Хто ж нажываецца? – запытаўся я.