Выбрать главу

– Пойдзем да тых паняў, – прапанаваў я.

– Вельмі ахвотна! – згадзіўся ён. – А што пляце пра іх гэта вар’ятка, няхай пан не бярэ да галавы. Яна ненавідзіць Стаўскую, не ведаю нават чаму. Хіба што яна маладая і мае дачушку, падобную да анёлка…

– Дзе яны жывуць?

– У правай афіцыне, на другім паверсе.

Не памятаю, як мы спусціліся па лесвіцы, як мінулі падворак і падняліся на другі паверх афіцыны. Увесь час стаялі ў мяне перад вачыма пані Стаўская і Вакульскі… Божа мілы! Якая б гэта была прыгожая пара! Але што тут казаць, калі яна мае мужа. Хоць гэта справы, у якія вельмі мала ахвоты мне ўмешвацца. Я бачу адно, яны – другое, а лёс – нешта зусім іншае.

Лёс! Лёс!.. Як дзіўна ён зводзіць людзей. Каб я шмат гадоў таму не спусціўся ў склеп Гопфера да Махальскага, не пазнаёміўся б з Вакульскім. А каб я не выправіў яго ў тэатр, ён, можа, не спаткаў бы панну Ленцкую. Раз я ўжо наварыў яму піва, хоць і выпадкова, дык не хачу паўтараць. Няхай Бог сам клапоціцца пра сваю чэлядзь.

Калі мы спыніліся ля дзвярэй кватэры пані Стаўскае, адміністратар гарэзліва ўсміхнуўся і прашаптаў:

– Як пан лічыць… Можа, даведаемся спачатку, ці маладая дома? Ёсць на што паглядзець, пане!..

Адміністратар не пазваніў, а пастукаўся – раз, другі. Раптам дзверы досыць рэзка адчыніліся, і на парозе паўстала прысадзістая служанка з падкасанымі рукавамі ды ў мыльнай пене рукамі, якім маглі пазайздросціць атлеты.

– О, гэта пан адміністратар! – гучна абвясціла яна. – А я думала, што зноў той…

– Назаляе хто? – спытаў Вірскі з абурэннем у голасе.

– Не так, каб назаляў, – па-сялянску адказала служанка, – але прыслаў нехта сёння букет. Кажуць, той Марушэвіч, што насупраць…

– Лотр! – прашыпеў адміністратар.

– Мужчыны ўсе такія. Няхай яму спадабаецца хто, дык зараз пачне сляпіцаю ў вочы лезці.

– Абедзве пані дома? – спытаў Вірскі.

Таўстуха-служанка зірнула на мяне падазрона.

– Пан адміністратар з гэтым панам?

– З гэтым панам. Гэта ўпаўнаважаны гаспадара.

– А малады ён ці стары? – распытвала яна, прыглядаючыся да мяне, як суддзя, які вядзе следства на працэсе.

– Ты ж бачыш, што стары!.. – адказаў адміністратар.

– Сярэдняга веку, – удакладніў я. (Яны, далібог, хутка пятнаццацігадовых хлопцаў пачнуць называць старымі.)

– Абедзве пані дома, – сказала служанка. – Да маладое пані толькі што прыйшла адна дзяўчынка на ўрок. А старэйшая пані ў сваім пакоі.

– Хм! – прамармытаў адміністратар. – Зрэшты, скажы старой пані…

Мы ўвайшлі ў кухню, дзе стаяла балея, поўная дзіцячае бялізны ў мыльнай пене. На вяроўцы пры коміне сушыліся дзіцячыя спаднічкі, кашулькі ды панчошкі. (Як адразу відаць, што ёсць дзіця ў доме!)

З-за прыадчыненых дзвярэй мы пачулі голас старое кабеты.

– З адміністратарам?.. Нейкі пан? – перапытвала невідочная дама. – Можа, гэта Людвічак, бо ён мне якраз сніўся…

– Няхай панове ўваходзяць, – прамовіла служанка, адчыняючы дзверы ў салон.

Сцены невялікага салоніка былі светла-шэрыя, абіўка мэблі – сіняя. Піяніна. На абодвух вокнах поўна белых і ружовых кветак, на сцяне – рэпрадукцыі, прэміі Мастацкага таварыства[189], на стале – лямпа ў форме цюльпана. Пасля салона пані Кшэшоўскае, падобнага на могілкі, з мэбляю ў цёмных чахлах, было мне тут весялей. Пакой выглядаў так, нібы тут чакалі госця. Але крэслы, якія занадта сіметрычна стаялі вакол стала, сведчылі, што госць яшчэ не прыехаў.

Праз пару хвілін з супрацьлеглых дзвярэй выйшла асоба паважнага веку, убраная ў шэрую сукенку. Уразіў мяне белы колер яе валасоў і дробны твар – не надта маршчыністы, з правільнымі рысамі, якія я дзесьці бачыў.

Тым часам адміністратар зашпіліў свой заплямлены сурдут на два гузікі, пакланіўся з грацыяй прыроджанага шляхціца і сказаў:

– Дазволіць, пані, прадставіць: пан Жэцкі, упаўнаважаны нашага гаспадара і мой сябра…

Зірнулі мы адзін аднаму ў вочы. Прызнаюся, быў я крыху здзіўлены нашым сяброўствам… Вірскі заўважыў гэта і ўсміхнуўся:

– Я кажу – сябра, бо абодва мы бачылі цікавыя рэчы, калі былі за мяжою.

– Шаноўны пан быў за мяжою? Вось як!.. – адзначыла старая.

– У 1849 годзе і крыху пазней, – растлумачыў я.

– А ці пан не сустрэўся дзесьці з Людвікам Стаўскім?

– Але ж, пані дабрадзейка, – зарагатаў Вірскі і пакланіўся. – Пан Жэцкі быў за мяжою трыццаць гадоў таму, а зяць пані толькі чатыры гады як з’ехаў…

Старая махнула рукою, нібы адганяючы муху.

– Праўда, – згадзілася яна. – Што гэта я пляту… Бо няспынна думаю пра Людвічка… Няхай жа панове маюць ласку прысесці…