Выбрать главу

Вакульскі маўчаў.

– А чацвёртай прыйдуць да мяне амерыканскія і французскія фабрыканты. Можаш спусціцца? – запытаўся Сузін.

– Добра.

– А цяпер пройдзешся па горадзе?

– Не. Цяпер пайду пасплю.

– Ну і добра. Хадзем у твой нумар.

Яны выйшлі з нумара Сузіна і крыху далей зайшлі ў такі самы пакой. Вакульскі кінуўся на ложак, Сузін выйшаў на дыбачках і зачыніў дзверы.

Калі Сузін выйшаў, Вакульскі прыкрыў вочы і стараўся заснуць. Можа, не так заснуць, як адагнаць ад сябе нейкую надакучлівую думку, ад якой ён уцёк з Варшавы. Нейкі час яму здавалася, што яе няма, што яна засталася там, што шукае яго, заклапочаная, туляючыся паміж Кракаўскім прадмесцем і алеяй Уяздоўскаю.

“Дзе ён?.. Дзе ён?..” – шаптала здань.

“А калі яна пагоніцца за мною?.. – задаўся пытаннем Вакульскі. – Ну ўжо тут, хіба, не знойдзе мяне. У такім вялікім горадзе, у такім аграмадным гатэлі…”

“А можа, яна ўжо шукае мяне?..” – падумаў ён.

Ён заплюшчыў вочы мацней і пачаў гайдацца на ложку, які здаўся яму надзвычай шырокім, а матрац вельмі спружыністым. Вакол было два шумы. За дзвярыма, на калідоры гатэля, людзі гаманілі і бегалі, нібы там нешта здарылася, а за акном, на вуліцы, не змаўкаў невыразны шум, які складаўся з туркатання шматлікіх калясак, званкоў, людскіх галасоў, гучання труб, стрэлаў і Бог ведае чаго яшчэ – усё прыглушана і здалёк.

Потым здалося яму, што нейкі цень зазірае ў вакно, а потым – што па доўгім калідоры нехта ходзіць ад дзвярэй да дзвярэй, стукаецца і пытае:

“Ці няма яго тут?..”

Сапраўды, нехта хадзіў і стукаў, нават пастукаўся яму ў дзверы, але не пачуў адказу і пайшоў далей.

“Не знойдзе мяне!.. Не знойдзе…” – думаў Вакульскі.

Потым ён расплюшчыў вочы, і валасы ў яго на галаве сталі дыбарам.

Насупраць ён убачыў гэткі ж самы пакой, як і той, у якім ён быў, гэткі ж самы ложак з балдахінам, а на ложку – сябе!.. Было гэта адно з самых моцных уражанняў, якія ён зведаў у жыцці, калі ўбачыў, што тут, дзе адчуваў сябе ў поўнай адзіноце, таварышуе яму неадступны сведка… ён сам!..

“Што за арыгінальны шпіянаж?.. – прамармытаў ён. – Недарэчныя люстраныя шафы”.

Ён ускочыў з ложка, ягоны двайнік ускочыў гэтак жа хутка. Ён пабег да акна – той таксама. Ліхаманкава ён адчыніў валізку, каб пераапрануцца, і той таксама пачаў пераапранацца, відавочна, з намерам выйсці ў горад.

Вакульскі адчуваў: трэба бегчы з гэтага пакоя. Здань, ад якой ён уцёк з Варшавы, была ўжо тут і стаяла за рагом. Ён памыўся, надзеў чыстую бялізну, апрануўся. Была яшчэ толькі палова на першую.

“Тры з паловаю гадзіны! – падумаў ён. – Нечым трэба заняцца…”

Не паспеў адчыніць дзверы, як адразу з’явіўся слуга:

Monsieur?

Вакульскі загадаў правесці яго да лесвіцы, даў яму франк і збег з чацвёртага паверху ўніз, як чалавек, за якім гоняцца.

Ён выйшаў праз браму і затрымаўся на ходніку. Вуліца была шырокая, абсаджаная дрэвамі. За адну хвіліну пралятае паўз яго не менш за шэсць калясак і жоўты омнібус, поўны пасажыраў, якія – і ў сярэдзіне, і на даху. Направа, дзесьці вельмі далёка, відно пляц, налева, уздоўж сцяны гатэля, вузкая маркіза[193], а пад ёю – грамадка мужчын і кабет, якія сядзяць за круглымі столікамі проста на ходніку і п’юць каву. Паны ў нізка выразаных камізэльках, з кветкамі або стужкамі ў пятліцах для гузікаў, яны закладаюць нага за нагу акурат на гэткую вышыню, як гэта прыстойна ў атачэнні шасціпавярховых дамоў. Кабеты шчуплыя, малыя, белатварыя з гарачымі позіркамі, але сціпла апранутыя.

Вакульскі ідзе налева і за рагом таго самага гатэля бачыць другую маркізу і другую грамадку людзей, якія нешта п’юць проста на ходніку. Тут сядзіць чалавек сто, калі не болей. У паноў круцельскія міны, а дамы ажыўленыя, дружалюбныя і простыя. Каляскі адна- і двуконныя едуць і едуць, безліч пешых спяшаецца ў адзін і другі бок, праязджаюць жоўты і зялёны омнібусы, а дарогай папярочнай – омнібусы карычневыя. Пасажыраў поўна – і ў сярэдзіне, і наверсе.

Вакульскі стаіць сярод пляца, з якога разыходзіцца сем вуліц. Ён лічыць раз і другі – сем вуліц… Куды ісці?.. Хіба, у той бок, дзе дрэвы… Якраз дзве папярочныя вуліцы абсаджаныя дрэвамі.

“Пайду ўздоўж сцяны гатэля,” – думае Вакульскі.

Ён робіць паўабарота налева і спыняецца ўражаны.

Крыху далей відаць нейкі вялізны гмах.