Выбрать главу

– Шмат наведнікаў… шмат наведніц! – сказаў слуга, весела пазіраючы на яго.

– Дзе ж яны?

– Яны ў прыёмным салоне, яны ў чытальні, яны ў сталовым пакоі… Пан Жумар непакоіцца…

– А хто гэта – пан Жумар? – запытаўся Вакульскі.

– Маршалак двара пана і пана Сюзэна… Вельмі спрытны чалавек і шмат мог бы зрабіць пану паслуг, каб быў пэўны гэтак… з тысячу франкаў у якасці падзякі… – працягваў тым самым вясёлым тонам слуга.

– Дзе ён?

– Ён на другім паверсе ў панскім салоне для прыёмаў. Пан Жумар вельмі знаходлівы чалавек, але і я, можа, прыдаўся б вашай вялікасці, бо завуся я – Мілер. Насамрэч, я з Эльзаса і даю слова, замест таго, каб браць з пана, яшчэ прыплаціў бы франкаў па дзесяць у дзень, абы скончылі, нарэшце, з прусакамі.

Вакульскі ўвайшоў у нумар.

– Галоўнае, няхай панове асцерагаюцца тае баранесы… якая ўжо чакае ў чытальні, а сама мае прыйсці, нібы, толькі а трэцяй… Клянуся, гэта немка… Я ж з Эльзаса!

Апошнія словы Мілер прамовіў прыцішаным голасам і вярнуўся ў калідор.

Вакульскі разгарнуў цыдулку Сузіна і чытаў: “Сесія будзе не раней за восьмую, у цябе досыць часу, дык вырашы справы з тымі наведнікамі, а галоўнае, з бабамі. Я ўжо, далібог, надта стары, каб усім дагадзіць”.

Вакульскі пачаў праглядаць лісты. Гэта былі пераважна абвесткі купцоў, цырульнікаў, дантыстаў, просьбы пра дапамогу, прапановы адкрыць нейкія таямніцы, адна адозва Арміі Збавення[208].

З усяго мноства гэтае карэспандэнцыі ўразіў Вакульскага наступны ліст: “Маладая асоба з добрым густам і манерамі прагне агледзець з панам Парыж на агульны кошт. Адказ пакінуць у швейцара гатэля”.

“Арыгінальны горад!” – прамармытаў Вакульскі.

Другі, яшчэ больш цікавы, ліст быў ад тае баранесы… якая мелася чакаць спаткання а трэцяй гадзіне.

“Яшчэ праз паўгадзіны…”

Ён пазваніў і загадаў прынесці ў нумар сняданак. Праз некалькі хвілін падалі яму шынку, яйкі, біфштэкс, нейкую невядомую рыбу, некалькі бутэлек з рознымі трункамі і машынку чорнае кавы. Ён еў з воўчым апетытам, піў не горш, нарэшце, загадаў Мілеру правесці яго ў тую залу прыёмаў.

Слуга выйшаў з ім у калідор, націснуў званок, нешта сказаў праз тубу і правёў Вакульскага да ліфту. Праз хвіліну Вакульскі быў ужо на другім паверсе, а калі выходзіў з ліфта, заступіў яму дарогу нейкі рафінаваны пан з невялікім вусікамі, у фраку і белым гальштуку.

– Жумар… – прадставіўся той пан з паклонам.

Яны прайшлі некалькі крокаў па калідоры, і Жумар адчыніў дзверы ў цудоўны салон. Вакульскі ледзь не адступіў, калі ўбачыў мэблю з пазалотаю, вялізныя люстэркі і сцены, аздобленыя барэльефамі. Пасярэдзіне стаяў вялікі стол, накрыты каштоўным абрусам і завалены паперамі.

– Магу я запрасіць наведнікаў? – спытаў Жумар. – Гэтыя, здаецца, не ўяўляюць небяспекі. Толькі на баранесу… насмелюся звярнуць увагу… Яна ўжо чакае ў чытальні.

Ён пакланіўся з пашанаю і выйшаў у другі салон, дзе была, падобна, пачакальня.

“Ці я, ліха на яго, не ўвязваюся ў нейкую авантуру?” – падумаў Вакульскі.

Не паспеў ён сесці ў фатэль і пачаць праглядаць паперы, як увайшоў лёкай у блакітным фраку, аздобленым залатым гафтам, і падаў яму візітоўку на падносе. На візітоўцы было напісана: “Палкоўнік” і нейкае невядомае прозвішча.

– Прасі.

Праз момант з’явіўся высокі мужчына з сівою іспанскаю бародкаю, гэткімі ж вусікамі і чырвонаю стужкаю на лацкане сурдута.

– Я ведаю, што ў пана мала часу, – азваўся госць, лёгка кланяючыся. – Мая справа нядоўгая. Парыж – горад цудоўны з кожнага пункту гледжання: і дзеля забавы, і дзеля асветы, але патрабуе добрага правадніка. А я ведаю ўсе музеі, галерэі, тэатры, клубы, манументы, установы дзяржаўныя і прыватныя, словам усё… дык, калі пан жадае…

– Няхай пан мае ласку пакінуць мне свой адрас, – адказаў Вакульскі.

– Я валодаю чатырма мовамі, маю знаёмствы ў арыстакратычным свеце, літаратурным, навуковым і прамысловым…

– Пакуль што я не магу пану нічога адказаць, – спыніў яго Вакульскі.

– Мне нагадаць пра сябе або чакаць выкліку? – запытаўся госць.

– Так, я адкажу пану пісьмова.

– Прашу не забываць пра мяне, – адказаў госць. Ён падняўся з крэсла, пакланіўся і выйшаў.

Лёкай прынёс другую візітоўку, і зараз жа з’явіўся другі госць. Гэта быў чалавек пульхны і чырванатвары, выглядаў ён, як гаспадар крамы з шоўкам ды аксамітам, і кланяўся ўвесь час, пакуль ішоў ад дзвярэй да стала.

– Што пан загадае? – спытаў Вакульскі.