Па пляцы праязджала няшмат калясак, затое было шмат дзяцей з маткамі ды бонамі. Праходжваліся вайскоўцы ў разнастайнай форме, і дзесьці граў аркестр.
Вакульскі падышоў да абеліска і спыніўся ўражаны. Ён знаходзіўся на абшары, які меў каля двух вёрстаў у даўжыню і з палову – у шырыню. За ім быў сад, а перад ім – вельмі доўгая алея, абапал якой цягнуліся скверы і палацы, а далёка ўперадзе, на ўзгорку, узносілася вялізная брама. Вакульскаму здавалася, што ў гэтым месцы яму не хопіць прыметнікаў і найвышэйшых ступеняў параўнання.
– Гэта пляц Згоды, гэта абеліск з Люксора (сапраўдны, пане!), за намі – сад Цюільры, перад намі – Елісейскія палі, а там, у канцы… Арка Зоркі…
Вакульскі азірнуўся: каля яго круціўся нейкі пан у цёмных акулярах і падраных пальчатках.
– Можам крыху прайсціся… Боскі шпацыр!.. Звярні ўвагу, пан, на гэты рух… – казаў незнаёмы.
Раптам ён змоўк, хутка адышоў і знік сярод калясак, якія якраз праязджалі побач. Замест яго наблізіўся нейкі вайсковец у кароткай накідцы з каптуром на плячах. Вайсковец з хвіліну паназіраў за Вакульскім і з усмешкаю сказаў:
– Пан чужаземец?.. Няхай пан будзе асцярожны са знаёмствамі ў Парыжы…
Вакульскі машынальна правёў рукою па бакавой кішэні сурдута і ўжо не знайшоў там срэбнага партсігара. Ён сумеўся, ветліва падзякаваў вайскоўцу ў накідцы, але не прызнаўся ў прапажы. Прыгадаліся яму дэфініцыі Жумара, і ён вырашыў, што ўжо ведае крыніцу даходаў пана ў падраных пальчатках, хоць не ведае яшчэ яго выдаткаў.
“Жумар мае рацыю, – падумаў ён. – Злодзеі менш падазроныя за людзей, якія невядома адкуль маюць даходы…”
І ён прыгадаў, што ў Варшаве вельмі шмат такіх.
“Можа, таму і няма там гмахаў ды трыумфальных арак…”
Ён ішоў па Елісейскіх палях і п’янеў ад бясконцага руху карэт і калясак, між якімі трапляліся коннікі ды амазонкі. Ён ішоў, адганяючы змрочныя думкі, якія кружлялі над ім, як чарада кажаноў. Ён ішоў і баяўся зірнуць на сябе. Яму здавалася, што на гэтай дарозе, якая кіпіць раскошаю і весялосцю, сам ён, як растаптаны чарвяк, што цягне за сабою ўласныя вантробы.
Ён дайшоў да Аркі Зоркі і паволі пачаў вяртацца назад. Калі ён зноў апынуўся на пляцы Згоды, дык убачыў за Садам Цюільры вялізны чорны шар, які хутка падымаўся ўгору, затрымліваўся на нейкі час і павольна апускаўся ўніз.
“Ага, гэта тут балон Жыфарда?[209]– падумаў ён. – Шкада, што няма ў мяне сёння часу!..”
З пляца ён збочыў на нейкую вуліцу, дзе справа цягнуўся парк, аддзелены жалезным штыкетнікам са слупамі, упрыгожанымі вазонамі, а злева – шэраг камяніц з паўкруглымі дахамі, з лесам малых і вялікіх комінаў, з бясконцымі балюстрадамі… Ён ішоў няспешна і з трывогаю думаў, што мінула нейкіх восем гадзін, а Парыж пачынае яму надакучваць…
“Ужо? – прашаптаў ён. – А выстава, а музеі, а балон?..”
Ідучы вуліцай Рывалі, а сёмай ён дабраўся да пляца, на якім самотна, як палец, уздымалася гатычная вежа ў атачэнні дрэў за нізкім плотам з жалезных прэнтаў. Адгэтуль зноў разбягалася некалькі вуліц. Вакульскі адчуў стомленасць, кіўнуў фіякру і праз паўгадзіны быў у гатэлі, спаткаўшы дарогаю ўжо знаёмую браму Сен-Дэні.
Нарада з карабельнымі фабрыкантамі ды адпаведнымі інжынерамі пры ўдзеле шматлікіх бутэлек шампанскага зацягнулася да паўночы. Вакульскі, які мусіў выручаць у размове Сузіна і рабіць шмат нататак, толькі падчас гэтае працы цалкам супакоіўся. Потым ён жвава пабег да сябе ў нумар і, замест таго, каб злавацца на люстра, узяў у ложак план Парыжа, змешчаны ў “Даведніку”.
– Нішто сабе! – прамармытаў ён. – Каля ста квадратных вёрстаў плошчы, два мільёны жыхароў, некалькі тысяч вуліц і некалькі тысяч адзінак публічнага транспарту…
Потым ён прагледзеў доўгі спіс найбольш вядомых парыжскіх пабудоў і з сорамам падумаў, што ніколі, хіба, не здолее арыентавацца ў гэтым горадзе.
“Выстава… Нотр-Дам… Цэнтральны рынак… Пляц Бастыліі… Магдалена… Каналы… Няма рады!” – казаў ён сабе.
Ён патушыў свечку. На вуліцы было ціха, праз акно наплывала матавае святло ліхтароў, якое адбівалася, мабыць, ад аблокаў. Але Вакульскаму шумела і звінела ў вушах, а перад вачыма паўставалі то вуліцы, гладкія, як падлога, то дрэвы ў жалезных кошыках, то гмахі, пабудаваныя з часанага каменю, то зноў – сціжмы люду і калясак, якія бясконца цягнуліся невядома адкуль і куды. Маючы перад вачыма гэтыя расплывістыя прывіды, ён засынаў з думкаю, што першы дзень у Парыжы запомніцца яму, аднак, на ўсё жыццё.
209