Ён адчуваў, як абурэнне супакойвае яго, а калі ўжо трэба было разлічвацца, пераканаўся… графінчык пусты…
“Аднак гэты каньяк супакойвае…” – падумаў ён.
З таго часу, варта было яму прыгадаць Варшаву або сустрэць кабету, якая мела нешта асаблівае ў рухах, ва ўборы або ў твары, ён заходзіў у кавярню і выпіваў графінчык каньяку. Тады ўжо смела прыгадваў сабе панну Ізабэлу і дзівіўся, што такі чалавек, яе ён, мог кахаць такую кабету, як яна.
“Зрэшты, я заслугоўваю, хіба, каб быць першым і апошнім…” – думаў ён.
Графінчык каньяку спаражняўся, а ён клаў галаву на рукі і драмаў, што надта цешыла гарсонаў і гасцей.
І зноў цэлымі днямі аглядаў ён выставы, музеі, артэзіянскія студні, школы і тэатры не з мэтаю нешта даведацца, а каб заглушыць успаміны.
Паволі, на тле глухой і неакрэсленай тугі, пачало ў яго нараджацца пытанне: ці існуе нейкі парадак у забудове Парыжа. Ці ёсць прадмет, з якім яго можна параўнаць, і ці можна дайсці тут да ладу?
Парыж з боку Пантэона і Тракадэра бачыўся аднастайна: мора дамоў, падзеленых сотнямі вуліц. Няроўныя лініі дахаў былі падобныя да хваль, коміны – да трэсак, а вежы і калоны – да вялікіх хваль.
“Хаос! – казаў сабе Вакульскі. – Зрэшты, не можа быць іначай там, дзе канцэнтруецца мільён высілкаў. Вялікі горад, як воблака пылу, мае выпадковыя контуры і не можа мець логікі. Каб яна была, гэты факт не прамінулі б аўтары даведнікаў, бо навошта ж яны?”
І ён разглядаў план горада, пасмейваючыся з уласных намаганняў.
“Толькі адзін чалавек, у дадатак – геніяльны чалавек, можа выпрацаваць нейкі стыль і нейкі план, – думаў ён. – Але каб мільёны людзей, працуючы некалькі стагоддзяў і не ведаючы адзін пра аднаго, стварылі нейкую лагічную цэласнасць, – гэта абсалютна немагчыма”.
Аднак паволі, да свайго вялікага здзіўлення, ён заўважыў: той Парыж, будаваны некалькі стагоддзяў мільёнамі людзей, якія не ведалі адзін пра аднаго і не мелі ў галовах ніякага плану, усё ж мае гэты план, мае цэласнасць – і нават вельмі лагічную.
Спачатку ён адзначыў, што Парыж падобны да вялізнае місы – дзевяць вёрстаў шырыні з поўначы на поўдзень і адзінаццаць вёрстаў даўжыні з усходу на захад. Міса тая з паўднёвага боку трэснутая – падзеленая Сенай, якая перацінае яе ў выглядзе аркі, перакінутай з кутка паўднёва-ўсходняга праз цэнтр горада да кутка паўднёва-заходняга. Васьмігадовае дзіця магло б намаляваць гэтакі план.
“Ну добра, – думаў Вакульскі, – але дзе ж тут нейкі лад у размяшчэнні асобных будынкаў… Нотр-Дам – з аднаго боку, Тракадэра – з другога, а Луўр, а біржа, а Сарбона!.. Хаос дый годзе…”
Але варта было яму пільней прыгледзецца да плана Парыжа, як ён заўважыў тое, чаго не ўбачылі ні самі парыжане (што менш дзіўна), ні нават К. Бэдэкер[211], які прэтэндаваў, каб па ім арыентавалася ўся Еўропа.
Парыж, нягледзячы на ўяўны хаос, мае план, мае логіку, хоць і будавалі яго мільёны людзей некалькі стагоддзяў, не ведаючы адзін пра аднаго і не дбаючы пра логіку ды стыль.
Парыж мае тое, што можна назваць хрыбтом, стрыжнем, вакол якога крышталізуецца горад.
Венсенскі лес ляжыць у паўднёва-ўсходняй частцы горада, а ўзлесак Булонскага пачынаецца ў паўночна-заходняй частцы Парыжа. Той стрыжань, вакол якога крышталізуецца горад, падобны да вялізнага вусеня (што мае, праўда, шэсць вёрст даўжыні), які знудзіўся ў Венсенскім лесе і папоўз на шпацыр у лес Булонскі.
Хвост яго абапіраецца на пляц Бастыліі, галава – на Арку Зоркі, тулава амаль прылягае да Сены. Шыя – гэта Елісейскія Палі, гарсэт – Цюільры ды Луўр, хвост – Ратуша, Нотр-Дам і, нарэшце, Ліпеньская калона на пляцы Бастыліі.
Вусень той мае шмат ножак, адны – карацейшыя, іншыя – даўжэйшыя. Першая ад галавы пара ножак абапіраецца злева на Марсава поле[212], пляц Тракадэра і выставу, а справа – сягае ажно могілак Манмартр. Другая пара ножак (ножкі кароткія) злева дацягваецца да Вайсковае школы, Палаца інвалідаў[213] і Палаты дэпутатаў, а справа – касцёла Магдалены і Оперы. Потым ідзе (у бок хваста): злева – Школа Мастацтва, справа – Пале-Раяль, банк і біржа, злева – Французскі інстытут і Манетны двор, справа – Цэнтральны рынак, злева – Люксембургскі палац, музей Клюні ды Медыцынская школа, справа – пляц Рэспублікі з кашарамі прынца Яўгена.
Апроч цэнтральнага стрыжня і сіметрычнасці агульнага абрысу горада, Вакульскі заўважыў яшчэ (пра што, зрэшты, кажуць і даведнікі), што ў Парыжы існуюць дзядзінцы, якія аб’ядноўваюць людзей аднаго занятку. Паміж пляцам Бастыліі ды пляцам Рэспублікі размясцілася прамысловасць і рамесніцтва, насупраць, на другім беразе Сены, знаходзіцца “лацінскі квартал”, гняздо студэнтаў і навукоўцаў. Паміж Операй, палацам Рэспублікі ды Сенай сканцэнтраваўся экспартны гандаль і фінансы, паміж Нотр-Дам, Французскім інстытутам і могілкамі Манпарнас рассяліліся рэшткі радавітае арыстакратыі. Ад Оперы да Аркі Зоркі цягнецца раён нуварышаў, а насупраць, на левым беразе Сены, побач з Палацам інвалідаў і Вайсковаю школаю – сядзіба мілітарызму ды сусветных выстаў.
211
212
213