“Колькі яму можа быць гадоў?..” – падумаў Вакульскі.
Госць тым часам уважліва глядзеў на яго. Гэтак сядзелі яны хвіліну, можа, дзве, узаемна ацэньваючы адзін аднаго. Вакульскі хацеў вызначыць век прышлага. Гейст, падобна, вывучаў яго.
– Што пан загадае? – азваўся нарэшце Вакульскі.
Госць паварушыўся на крэсле.
– Што я магу загадваць! – адказаў ён, паціскаючы плячыма. – Я прыйшоў жабраваць, а не загадваць…
– Чым магу служыць? – спытаў Вакульскі, бо твар госця падаўся яму надзіва прывабным.
Гейст правёў рукою па галаве.
– Я прыйшоў сюды з адным, – сказаў ён, – але гаварыць буду пра іншае. Хацеў прадаць пану новы выбуховы матэрыял…
– Я не куплю яго, – не даў яму скончыць Вакульскі.
– Не?.. – перапытаў Гейст. – Аднак казалі мне, што панове шукаюць нечага падобнага для флоту. Зрэшты, неістотна… Для пана ў мяне ёсць тое-сёе іншае…
– Для мяне? – запытаўся Вакульскі, уражаны не так словамі, як позіркам Гейста.
– Днямі пан лятаў на прывязаным паветраным балоне, – працягваў госць.
– Так.
– Пан чалавек заможны і абазнаны ў навуках прыродазнаўчых.
– Так, – пацвердзіў Вакульскі.
– І была хвіліна, калі пан хацеў выскачыць з галеры?.. – запытаў Гейст.
Вакульскі адсунуўся разам з крэслам.
– Няхай пан не дзівіцца, – працягваў госць. – Я бачыў за сваё жыццё не менш за тысячу прыродазнаўцаў, а ў лабараторыі ў мяне было чатыры самазабойцы, дык я добра ведаю гэты гатунак людзей… Занадта часта пазіраў пан на барометр, каб не распазнаць прыродазнаўцу, ну а чалавека, які думае пра самазабойства, пазнаюць нават пансіянеркі.
– Чым магу служыць? – яшчэ раз запытаўся Вакульскі, абціраючы пот з твару.
– Каб не казаць шмат, – працягваў Гейст, – пан ведае, што такое арганічная хімія?..
– Гэта хімія вугляродных злучэнняў…
– А што пан думае пра хімію вадародных злучэнняў?..
– Што яе няма.
– Хіба, ёсць, – адказаў Гейст. – Толькі замест эфіраў, тлушчаў, араматычных субстанцый яна дае новыя хімічныя злучэнні… Новыя злучэнні, пане Сюзэн! З вельмі цікавымі ўласцівасцямі.
– Што мне да таго, – глуха прамовіў Вакульскі. – Я купец.
– Пан не купец, а чалавек адчайны, – адказаў Гейст. – Купцы не думаюць пра тое, каб скочыць з паветранага балона… Як толькі я гэта ўбачыў, адразу падумаў: “Гэта мой чалавек…” Але знік пан з маіх вачэй, не паспеў я спусціцца з ганка… Сёння выпадак звёў нас паўторна… Пане Сюзэн, мы мусім пагутарыць пра злучэнні вадароду, калі пан багаты…
– Перадусім я не Сюзэн…
– Якая мне розніца, я толькі шукаю багатага і адчайнага, – адказаў Гейст.
Вакульскі пазіраў на Гейста амаль з трывогаю. У галаве ўспыхвалі пытанні: спрытнюга ці тайны агент? Вар’ят? Можа, і праўда, нейкі дух?..[215] Хто ведае, ці шатан – гэта толькі легенда? Ці не з’яўляецца ён у пэўныя моманты людзям?.. Аднак варта прызнаць, што гэты стары няпэўнага веку высачыў самую таемную думку Вакульскага, які думаў пра самазабойства, але яшчэ так нясмела, што і сам перад сабою не меў адвагі сфармуляваць гэту ідэю.
Госць не спускаў з яго вачэй і ўсміхаўся з лагоднаю іроніяй, а калі Вакульскі адкрыў рот, каб спытацца, той апярэдзіў яго:
– Не хвалюйся, пан… Я ўжо з такой колькасцю людзей гутарыў і пра іх характар, і пра свае адкрыцці, што адразу магу адказаць на ўсе пытанні. Я прафесар Гейст, стары вар’ят, як кажуць ва ўсіх кавярнях паблізу ўніверсітэта і політэхнічнае школы. Колісь называлі мяне вялікім хімікам, пакуль… не выйшаў я за межы прынятага на сённяшні дзень погляду на хімію. Пісаў я даклады, рабіў адкрыцці – сам або разам з маімі супрацоўнікамі, якія нават сумленна дзяліліся са мною прыбыткам. Але з таго часу, як я адкрыў з’явы, якім не знайшлося месца ў гадавіках Акадэміі, прызналі мяне не толькі вар’ятам, але ерэтыкам і здраднікам…
– Тут, у Парыжы? – ціха спытаў Вакульскі.
– Анягож! – зарагатаў Гейст. – Тут, у Парыжы. У нейкім Альтдорфе або Неўстадзе ерэтыкам і здраднікам лічыцца той, хто не верыць пастарам і Бісмарку, а таксама – у дзесяць запаветаў і прускую канстытуцыю. Тут можна кпіць і з Бісмарка, і з канстытуцыі, затое пад пагрозаю адступніцтва трэба верыць у табліцу множання, тэорыю хвалістага руху, у пастаянства ўдзельнае вагі і г. д. Пакажы мне, пан, горад, дзе не заціскалі б розум нейкімі догмамі, і я зраблю яго сталіцаю свету і калыскаю будучага чалавецтва…
Вакульскі ачомаўся, ён быў упэўнены, што мае справу з маньякам.
Гейст глядзеў на яго і ўсміхаўся.
– Я скончу, пане Сюзэн, – працягваў ён. – Я зрабіў вялікія адкрыцці ў хіміі, стварыў новую навуку, вынайшаў невядомыя прамысловыя матэрыялы, пра якія не маглі і марыць да мяне. Але… не хапае мне яшчэ некалькіх надзвычай важных фактаў, а ўжо скончыліся грошы. Чатыры капіталы ўтапіў я ў свае доследы, выкарыстаў дзясяткі чалавек, а сёння трэба мне новы капітал і новыя людзі…
215