Выбрать главу

Якраз у той момант, калі ён разважаў, як пачаць незвычайную размову, Жумар сам яму дапамог, бо як толькі з’явіўся ў зале, адразу з далікатнаю ўсмешкаю прамовіў:

– Стары Гейст вельмі жвава выбег ад пана. Пераканаў ён пана або наадварот?..

– Ну, размовамі ніхто нікога не пераканае, толькі фактамі, – адказаў Вакульскі.

– Дык былі і факты?..

– Пакуль толькі заяўлена пра іх… Скажы мне, аднак, – працягваў Вакульскі, – што б ты думаў, каб Гейст паказаў табе метал, па ўсіх прыкметах падобны да сталі, але ў два або ў тры разы лягчэйшы за ваду?.. Каб падобны матэрыял ты бачыў на ўласныя вочы і трымаў ва ўласных руках?..

Усмешка Жумара ператварылася ў нейкую іранічную грымасу.

– Што ж мне сказаць, Божа мілы, апроч таго, што прафесар Пальмеры яшчэ лепшыя цуды паказвае за пяць франкаў з чалавека…

– Што гэта за Пальмеры? – няўцямна запытаўся Вакульскі.

– Прафесар магнетызму, – адказаў Жумар, – знакаміты чалавек… Жыве ён у нашым гатэлі і тры разы на дзень праводзіць гіпнатычныя сеансы ў зале, дзе можа змясціцца не менш за шэсцьдзясят чалавек… Зараз восьмая, якраз пачынаецца вечаровы паказ. Калі пан жадае, мы можам пайсці, у мяне ўваход дармовы…

Моцная чырвань заліла не толькі твар Вакульскага, але і лоб, і шыю.

– Хадзем, – сказаў ён, – да таго прафесара Пальмеры.

А сам падумаў:

“Дык той вялікі мысляр Гейст – ашуканец, а я – дурань, які плаціць трыста франкаў за відовішча, вартае пяці франкаў… Як жа ён мяне падлавіў!..”

Яны падняліся на трэці паверх у салон гэтак жа багата ўпрыгожаны, як і ўсе іншыя ў гэтым гатэлі. Большая яго частка была ўжо запоўнена гледачамі – старыя і маладыя, кабеты і мужчыны – усе былі элегантна апранутыя і вельмі зацікаўленыя прафесарам Пальмеры, які скончыў якраз кароткую ўступную лекцыю пра магнетызм. Быў гэта мужчына сярэдняга веку, маршчыністы брунет з кудлатаю барадою і выразнымі вачыма. Ён быў у атачэнні двух прыгожых кабет і некалькіх маладых мужчын са зняможанымі ды апатычнымі тварамі.

– Гэта медыумы, – прашаптаў Жумар. – На іх Пальмеры дэманструе свае штукі.

Відовішча, якое працягвалася каля дзвюх гадзін, заключалася ў тым, што Пальмеры з дапамогаю зроку пагружаў у сон сваіх медыумаў, але такім чынам, што тыя маглі хадзіць, адказваць на пытанні і выконваць розныя загады. Апроч таго, асобы ў гіпнатычным сне, згодна з яго загадамі, выяўлялі або нязвыклую сілу мускулаў, або яшчэ больш нязвыклую нячуласць ці, наадварот, звышадчувальнасць.

З-за таго, што Вакульскі, які першы раз бачыў падобную з’яву, не хаваў сваёй недаверлівасці, Пальмеры запрасіў яго ў першы рад крэслаў. Тут Вакульскаму хапіла некалькіх доследаў, каб пераканацца, што з’явы, якія ён бачыць, не з’яўляюцца ашуканствам, але палягаюць на нейкіх невядомых уласцівасцях нервовае сістэмы.

Але найбольш зацікавілі і нават уразілі яго два доследы, якія мелі пэўную сувязь з яго ўласным жыццём. Яны заключаліся ва ўнушэнні медыумам таго, што не існавала.

Аднаму з загіпнатызаваных Пальмеры падаў корак ад графіна, кажучы, што дае яму ружу. У гэты момант медыум пачаў нюхаць корак, паказваючы вялікае задавальненне.

– Што, пан, робіш? Гэта ж асафетыда[217].

І медыум адразу ж з гідлівасцю адкінуў корак, выціраючы рукі ды наракаючы, што яны смярдзяць.

Іншаму ён падаў насоўку і як толькі сказаў, што насоўка важыць сто фунтаў, загіпнатызаваны сагнуўся, задрыжаў і пачаў патнець пад яе цяжарам.

Вакульскага таксама кінула ў пот ад гэтага.

“Цяпер мне зразумелая, – падумаў ён, – таямніца Гейста. Ён мяне загіпнатызаваў…”

Але сапраўдны боль ён адчуў, калі Пальмеры загіпнатызаваў нейкага маладзёна, а потым абматаў ручніком шуфлік на вугаль і ўнушыў медыуму, што гэта маладая і прыгожая кабета, якую той кахае. Загіпнатызаваны абдымаў і цалаваў шуфлік, кленчыў перад ім і пазіраў на яго вельмі чулліва. Калі шуфлік засунулі пад канапу, ён палез за ім на карачках, як сабака, і адапхнуў ажно чатырох дужых мужчын, якія хацелі яго затрымаць. А калі, нарэшце, Пальмеры схаваў шуфлік, кажучы, што яна памерла, малады чалавек зазнаў гэткае роспачы, што качаўся па падлозе і біўся галавою аб сцяну.

У гэты момант Пальмеры падзьмуў яму на вочы, і малады чалавек абудзіўся са слязьмі на вачох сярод апладысментаў ды рогату прысутных.

Вакульскі ўцёк з залы моцна ўсхваляваны.

“Дык усё падман!.. Гэтак званыя адкрыцці Гейста і яго розум, маё шалёнае каханне і нават яна… Яна – толькі ілюзія зачараваных пачуццяў… Адзіная рэчаіснасць, якая не здраджвае і не падманвае, – гэта, напэўна, смерць…”