Такія паводзіны на колькі гадоў утварылі вакол панны пустку. Ёю захапляліся і кахалі, але здалёк, бо ніхто не хацеў рызыкаваць і быць з’едліва адрынутым.
Калі ўражанне агіды крыху мінула, панна Ізабэла зразумела, што шлюб трэба прыняць такім, якім ёсць. Яна была ўжо рашуча настроеная выйсці замуж, з умоваю, праўда, каб будучы спадарожнік жыцця падабаўся ёй, меў ладнае прозвішча і адпаведны маёнтак. Вядома, трапляліся ёй людзі прыгожыя, багатыя, з тытуламі, але, на няшчасце, аніводзін не адпавядаў усім тром умовам адразу, дык прамінула яшчэ некалькі гадоў.
Нечакана разышлася вестка пра кепскі маёмасны стан пана Тамаша і – з цэлага легіёна залётнікаў – засталося панне Ізабэле толькі двое сур’ёзных – адзін барон і адзін маршалак, багатыя, але старыя.
Тады панна Ізабэла заўважыла, што ў вялікім свеце абсоўваецца ў яе пад нагамі зямля, і вырашыла зменшыць патрабаванні. Але і барон, і маршалак, нягледзячы на сваю заможнасць, абуджалі ў ёй гэткую неадольную агіду, што яна адкладала рашэнне з дня на дзень. Тым часам пан Тамаш разарваў сувязі з вялікім светам. Маршалак, не дачакаўшыся адказу, паехаў у вёску, а засмучаны барон – за мяжу, і панна Ізабэла засталася ў поўнай самотнасці. Праўду кажучы, яна ведала, што кожны з іх вернецца на першы яе покліч, але – якога выбраць?.. Як пазбыцца моташнасці?.. А галоўнае, ці варта гэтак ахвяраваць сабою, маючы ўсё ж нейкую надзею, што грошы з’явяцца, і што тады яна зноў зможа выбіраць. Тады ўжо яна не памыліцца, ведаючы, як цяжка жыць па-за таварыствам салонаў…
Была адна рэч, якая надта спрыяла, каб ёй лёгка было выйсці замуж па разліку. А менавіта: панна Ізабэла ніколі не была закаханаю. Віною тут быў яе халодны тэмперамент, вера, што ў шлюбе можна абысціся без паэтычных дадаткаў і, нарэшце, ідэальнае каханне, самае дзіўнае, пра якое калі-небудзь чулі.
Убачыла яна некалі ў адной з мастацкіх галерэй скульптуру Апалона і была гэтак уражаная, што купіла сабе прыгожую копію ды паставіла ў кабінеце. Яна сузірала яго цэлымі гадзінамі, думала пра яго і… хто ведае, колькі пацалункаў сагрэла рукі і ногі мармуровага боства?.. І стаўся цуд: пешчаны закаханаю кабетаю, камень ажыў. Калі аднае ночы яна заснула ў слязах, несмяротны спусціўся са свайго п’едэсталу і прыйшоў да яе ў лаўровым вянку на галаве, яснеючы містычным бляскам.
Ён сеў на край ложка, доўга пазіраў на яе вачыма, з якіх праглядала вечнасць, а потым сціснуў яе ў моцных абдымках і пацалункамі белых вуснаў асушаў слёзы ды студзіў гарачку.
З гэтага часу адведзіны сталі частымі, і калі яна млела ў ягоных абдымках, ён, бог святла, шаптаў ёй таямніцы неба і зямлі, якіх да гэтае пары не выказаць было на мове смяротных. І з любові да яе ён справіў яшчэ большы цуд, бо ў ягоным боскім абліччы па чарзе сталі ўвасабляцца ідэалізаваныя рысы тых людзей, якія чым-небудзь яе ўразілі.
Раз ён быў падобны да памаладзелага гераічнага генерала, які выйграў бітву і, седзячы на кані, пазіраў на некалькі тысяч палеглых ваяроў. Другі раз нагадваў твар славутага тэнара, якому кабеты кідалі пад ногі кветкі, а мужчыны выпрагалі ягоных коней з каляскі. Іншы раз ён быў вясёлым і прыгожым прынцам аднаго з самых старажытных каралеўскіх дамоў; іншы раз – адважным пажарным, які за выратаванне трох асобаў з полымя на шостым паверсе атрымаў ордэн Ганаровай Легіі[60], іншы раз быў знакамітым мастаком, які здзіўляў свет багаццем свае фантазіі, а іншы раз – гандальерам з Венецыі або цыркавым атлетам незвычайнае прыгажосці і сілы.
Кожны з гэтых людзей на нейкі час займаў таемныя думкі панны Ізабэлы, па кожным з іх яна паціху ўздыхала, добра разумеючы, што з той ці іншай прычыны кахаць яго не можа, але боства спраўляла так, што кожны з іх з’яўляўся ў ягоным абліччы ў яе напаўрэальных марах. І ад тых спатканняў вочы панны Ізабэлы набывалі новы выраз – нейкае незямное задуменнасці. Часам глядзелі яны некуды па-за людзьмі і па-за светам, а калі яшчэ яе попельныя валасы ўкладаліся на чале гэтак дзіўна, нібы іх развеяў нейкі таямнічы подых, дык тым, хто глядзеў на яе, здавалася, што яны бачаць перад сабою анёла або святую.
Год таму ў адзін з такіх момантаў убачыў панну Ізабэлу Вакульскі. З таго часу ягонае сэрца не ведала спакою.
Амаль у той самы час пан Тамаш разарваў велікасвецкія сувязі і на знак сваіх рэвалюцыйных паводзінаў запісаўся ў Купецкую рэсурсу. Там ён гуляў у віст з колісь пагарджанымі гарбарамі, шчотачнікамі і дыстылятарамі, направа і налева вяшчаючы, што арыстакратыя не павінна замуроўвацца ў сваёй выключнасці, а павінна быць авангардам адукаванага мяшчанства і праз яго – народа. Адказваючы на гэта ўзаемнасцю, гордыя цяпер гарбары, шчотачнікі і дыстылятары мелі ласку прызнаваць пана Тамаша за адзінага арыстакрата, які зразумеў свае абавязкі ў дачыненні да краіны і сумленна іх выконвае. Яны маглі б дадаць: выконвае іх штовечар ад дзявятае да поўначы.
60