Роўна а другой прывялі двух ладных коней для верхавое язды. Вакульскі стаў ля свайго, а праз некалькі хвілін з’явілася пані Вансоўская. У аблеглай амазонцы яна мела формы Юноны, а свае каштанавыя валасы сабрала ў вузел. Наском чаравіка яна абаперлася на руку конюха і, як спружына, ускочыла ў сядло. Яе рука з бізуном трымцела.
Вакульскі тым часам спакойна падцягваў страмёны.
– Хутчэй, пане, хутчэй! – гукала яна, стрымліваючы каня, які круціўся на месцы і прысядаў на заднія ногі. – За брамаю мы рушым галопам… Avanti, Savoya!..[220]
Нарэшце, Вакульскі сеў на каня, пані Вансоўская нецярпліва выцяла свайго бізуном, і яны выехалі з фальварку.
Дарога з вярсту ішла ліпавымі прысадамі. Паабапал ляжала ўбранае поле, а на ім – тут і там відаць былі сцірты пшаніцы, вялікія, як хаты. Неба было чыстае, сонца вясёлае, дзесьці далёка енчыла малатарня.
Некалькі хвілін яны ехалі рыссю. Потым пані Вансоўская прыклала дзяржак бізуна да вуснаў і паляцела галопам. Вэлюм на капелюшы развяваўся за ёю, як шэрае крыло.
– Avanti! Avanti!..
Яны ехалі так некалькі хвілін. Раптам пані асадзіла каня, яна расчырванелася і цяжка дыхала.
– Досыць, – прамовіла яна, – цяпер паедзем павольна.
Падняўшыся на сядле, яна ўважліва глядзела ў бок блакітнага лесу, які віднеўся далёка ва ўсходнім баку. Прысады скончылася, яны ехалі полем, на якім зелянелі ігрушы і стаялі шэрыя сцірты.
– Скажы мне, пан, – спытала яна, – гэта вельмі прыемна – зарабіць шмат грошай?
– Не, – адказаў Вакульскі пасля невялікай паўзы.
– А траціць прыемна?
– Не ведаю.
– Не ведае пан? Аднак цуды расказваюць пра панскі капітал. Кажуць, што маеш, пан, каля шасцідзесяці тысяч гадавых…
– На сённяшні дзень я маю значна больш, але трачу вельмі мала.
– Колькі ж?
– Тысяч дзесяць.
– Шкада. Я летась пастанавіла патраціць масу грошай. Давераны і касір запэўніваюць мяне, што я патраціла дваццаць сем тысяч… Шалела, але нуды не прагнала… Сёння, думаю я сабе, спытаюся ў пана, якое ўражанне пакідаюць шэсцьдзясят тысяч, патрачаныя за год. А пан гэтулькі не траціць. Шкада. Ведаеш, пан? А патраць, пан, шэсцьдзясят або сто тысяч за год і скажы мне, гэта ўразіць ці не. Добра?..
– Адразу магу пані сказаць, што не ўразіць.
– Не?.. Дык навошта ж тады грошы?.. Калі і сто тысяч гадавых не даюць шчасця, дык што дае?..
– Можна яго мець за тры тысячы рублёў. Шчасце кожны носіць у сабе.
– Але ж аднекуль бярэ яго?
– Не, пані.
– І гэта кажа пан, гэткі незвычайны чалавек?
– Каб я нават быў і незвычайны, дык толькі з-за пакутаў, а не ад шчасця. І зусім не з-за таго, што я трачу.
Пад лесам паказалася воблачка пылу. Пані Вансоўская хвіліну паназірала, а потым раптоўна стрымала каня і павярнула яго направа – у поле, у бездараж.
– Avanti! Avanti!..
Яны ехалі так хвілін з дзесяць, і цяпер Вакульскі затрымаў каня. Ён спыніўся над лугавінаю, прыгожаю, як мара. Што ў ёй было прыгожага: ці зялёная трава, ці звівы рачулкі, ці схіленыя дрэвы, ці яснае неба? Вакульскі не ведаў.
Але пані Вансоўская гэтым не захаплялася. Яна ляцела з узгорка на злом галавы, нібы жадаючы пахваліцца адвагаю.
Калі Вакульскі павольна з’ехаў уніз, яна павярнула да яго каня і нецярпліва загукала:
– Ах, пане, ці пан заўсёды гэткі нудны? Зрэшты, я не дзеля таго ўзяла пана на прагулку, каб пазяхаць. Прашу мяне забаўляць, зараз жа…
– Зараз?.. Добра. Пан Старскі вельмі цікавы чалавек.
Яна нахілілася на сядле, нібы падаючы ў тыл, і доўгім позіркам зазірнула Вакульскаму ў вочы.
– Ах, – зарагатала яна, – я і не спадзявалася пачуць гэтую банальную фразу ад пана… Пан Старскі цікавы… Каму?.. Хіба такім… такім… лябедзюхнам, як панна Эвеліна, бо ў мяне, напрыклад, ужо няма цікавасці да яго…
– Аднак жа…
– Ніякага “аднак жа”. Была ў свой час, калі я ледзьве не зрабілася пакутніцаю шлюбу. На шчасце, мой муж праявіў такую ветлівасць, што хутка памёр, а пан Старскі гэткі просты, што запасу маёй вопытнасці хапіла, каб раскусіць яго праз тыдзень. У яго заўсёды такая самая бародка а ля каралевіч Рудольф, і такі самы спосаб падлашчвацца да кабет. Яго позіркі, намёкі, яго таямнічасць мне зразумелыя гэтак жа добра, як пакрой ягонага жакета. Заўсёды ўнікае паненак без пасагу, заўсёды цынічны з замужнімі і ўздыхае пры паннах, якія збіраюцца замуж. Божа мой, колькі такіх я бачыла ў жыцці!.. Цяпер мне трэба нешта новае…
– У такім выпадку пан Ахоцкі…
– О, так, Ахоцкі цікавы і мог бы нават быць небяспечны, але для гэтага я мусіла б другі раз нарадзіцца. Ён чалавек не таго свету, да якога я належу ўсім сэрцам і душою… Ах, які ён наіўны, які высакародны! Верыць у ідэальнае каханне, з якім мог бы зачыніцца ў сваёй лабараторыі, перакананы ў немагчымасці здрады… Не, ён не для мяне… Што ж такое з гэтым сядлом? – раптам выгукнула яна. – Пане, пас у мяне аслаб… Можа, каб пан зірнуў…
220