Выбрать главу

– Адкуль я ведаю? Можа, і я наважылася б на нешта адчайнае…

– Цяпер я скажу, што той новы чалавек атрымаў бы ад пані, – сказаў Вакульскі, адчуваючы, як падымаецца ў ім горыч. – Спачатку атрымаў бы ён доўгі спіс ранейшых каханкаў, потым – доўгі спіс каханкаў, якія будуць пасля яго, а ў час антракту меў бы магчымасць спраўджваць… ці добра ляжыць сядло на кані…

– Тое, што пан кажа, ганьба! – крыкнула пані Вансоўская, сціскаючы бізун.

– Толькі паўтарэнне таго, што я пачуў ад пані. Калі я, аднак, дазволіў сабе залішнюю смеласць для гэткае нядоўгай знаёмасці…

– Наадварот, я слухаю… Можа, панская недалікатнасць будзе цікавейшай за тую бяздушную ветлівасць, якую я ўжо даўно вывучыла на памяць. Вядома, гэткі чалавек, як пан, пагарджае гэткімі кабетамі, як я… Ну, смялей…

– Калі ласка. Перадусім не будзем ужываць занадта моцных слоў, якія не адпавядаюць настрою шпацыру. Мы не размаўляем пра пачуцці, а толькі пра погляды. Дык вось, паводле майго меркавання, у поглядах пані на каханне існуюць несумяшчальныя кантрасты.

– Як жа гэта? – здзівілася ўдоўка. – Тое, што пан называе кантрастамі, я вельмі добра спалучаю ў жыцці.

– Кажа пані пра частую змену каханкаў…

– Калі ласка, назавём іх кавалерамі.

– А потым, хоча пані знайсці нейкага новага і незвычайнага чалавека, які б нават у магіле не забыў пані. Дык вось, наколькі я разумею чалавечую прыроду, гэта недасягальная мэта. Ані пані, якая раздае сваю прыхільнасць направа і налева, не зробіцца больш ашчадная, ані чалавек незвычайны не пажадае заняць месца сярод некалькіх тузінаў…

– Ён можа не ведаць гэтага, – спыніла яго ўдоўка.

– Ах, дык тут у нас яшчэ і містыфікацыя. А дзеля яе паспяховасці неабходна, каб герой пані быў сляпым ёлупнем. Але каб знайшоўся такі выбранец, ці наважылася б пані падманваць чалавека, які аж так пані кахае?..

– Добра, я расказала б яму ўсё і скончыла б так: памятай: Хрыстос прабачыў Магдалене, а я ўсё ж менш грэшная, ну і, прынамсі, маю гэткія ж прыгожыя валасы…

– І ён бы задаволіўся гэтым?

– Думаю, што так.

– А каб не задаволіўся?

– Пакінула б яго ў спакоі і пайшла.

– Але адразу ўпілася яму пані ў сэрца і памяць гэтак, каб нават у магіле ён не забыўся на яе! – выбухнуў Вакульскі. – Цудоўны свет, гэты ваш свет… І мілыя гэтыя кабеты, якім чалавек даверліва аддае ўласную душу, але мусіць пазіраць на гадзіннік, каб не спаткаць свайго папярэдніка ды не перашкодзіць наступніку. Нават цеста, каб падняцца, патрабуе часу, дык ці можна вялікія пачуцці выгадаваць спехам і на гэткім кірмашы?..

Няхай пані не спадзяецца на вялікія пачуцці, гэта пазбаўляе сну і апетыту. Навошта труціць жыццё нейкаму чалавеку, якога пані яшчэ не ведае сёння? Навошта псаваць настрой сабе? Лепш працягваць выконваць праграму хуткіх і частых перамог, якія нікому не шкодзяць, а пані неяк запаўняюць жыццё.

– Пан ужо скончыў, пане Вакульскі?

– Хіба, так.

– Дык цяпер я пану скажу. Усе вы нягоднікі…

– Зноў моцнае слова.

– Пан ужыў больш моцныя. Усе вы нікчэмнасці. Калі кабета ў пэўны перыяд свайго жыцця марыць пра ідэальнае каханне, дык высмейваеце яе ілюзіі, дамагаецеся какецтва, без якога панна для вас нудная, а маладзіца неразумная. І калі, дзякуючы агульным намаганням, яна пачне слухаць банальныя прызнанні, якія суправаджаюцца салодкімі позіркамі ды поціскамі рукі, тады з нейкага цёмнага кута вылазіць нейкі арыгінальны экзэмпляр у каптуры Пятра з Аміну[222] і ўрачыста праклінае тую кабету, створаную на вобраз і падабенства сыноў Адама. “Табе ўжо нельга кахаць, ты ўжо не будзеш ніколі па-сапраўднаму каханая, бо мела няшчасце трапіць на кірмаш, бо страціла ілюзіі!” А хто іх у яе ўкраў, калі не родныя браты пана?.. І што гэта за свет, які спачатку рабуе ідэалы, а потым выносіць прысуд абрабаванаму?..

Пані Вансоўская выцягнула з кішэні насоўку і прыкусіла ражок… На вейках у яе бліснула сляза і скацілася на конскую грыву.

– Едзь ужо сабе, пан, – выгукнула яна. – Пан нязносна банальны. Едзь, пан… едзь і дашлі мне Старскага, яго нахабства цікавейшае за панскую ветлівасць прынца…

Вакульскі пакланіўся і паехаў наперад. Ён быў закрануты за жывое і ўстурбаваны.

– Куды пан паехаў?.. Не туды… Ах, праўда, гатовы пан заблукаць, а потым казаць усім падчас абеду, што я збіла цябе з тропу. Прашу за мною…

Едучы за некалькі крокаў ад пані Вансоўскае, Вакульскі думаў: “Дык гэтакі свет? Адны прадаюцца людзям амаль спарахнелым, іншыя лічаць чалавечыя сэрцы ледзьве не паляндвіцаю. Дзіўная, аднак, кабета – гэтая пані!.. Бо яна не кепская, мае нават высакародныя парывы…”