– Ну, купцом можна быць, а можна і не быць, гэта залежыць ад пана… – ужо смялей адказала панна Ізабэла.
Вакульскі задумаўся.
У гэты момант у лесе пачалі гукаць ды склікаць, і праз некалькі хвілін уся кампанія са слугамі, кашамі ды рыжыкамі ўжо сабралася на палянцы.
– Вяртаемся дадому, – скамандавала пані Вансоўская, – бо мне гэтыя рыжыкі ўжо абрыдлі, і час абедаць.
Некалькі наступных дзён мінулі для Вакульскага надзвычай дзіўна. Каб у яго запыталіся, чым яны былі для яго, напэўна, ён адказаў бы, што гэта быў шчаслівы сон, тая пара ў жыцці, дзеля якое, можа, прырода і стварыла чалавека.
Абыякавы назіральнік мог бы назваць гэткія дні аднастайнымі і нават нуднымі. Ахоцкі хадзіў пахмурны і з ранку да вечара або клеіў, або запускаў арыгінальнае формы лятаўцы. Пані Вансоўская з паннай Феліцыяй чыталі або шылі рызы для мясцовага пробашча. Старскі са старшынёвай і баронам гулялі ў карты.
Гэткім чынам, Вакульскі і панна Ізабэла не толькі засталіся самі па сабе, але мусілі быць пастаянна разам.
Яны хадзілі па парку, часам па полі, сядзелі пад стогадоваю ліпаю на падворку, але часцей плавалі на чоўне па сажалцы. Ён веславаў, яна час ад часу крышыла печыва лебедзям, якія ціха плылі за імі. Не адзін падарожны затрымаўся на гасцінцы за сажалкаю, каб паглядзець на незвычайную кампазіцыю, якую яны ўтваралі: белы човен, а ў ёй пара, і побач два белыя лебедзі з крыламі, паднятымі, як ветразі.
Пазней Вакульскі не мог нават прыгадаць, пра што яны размаўлялі ў гэтыя хвіліны. Часцей маўчалі. Раз яна запыталася ў яго, як слімакі плаваюць пад вадою. Другі раз – чаму аблокі маюць гэткую разнастайную афарбоўку. Ён тлумачыў, і тады здавалася яму, што ўсю прыроду ад зямлі да неба ён бярэ ў ахапак і кладзе ёй пад ногі.
Аднаго дня яму прыйшло ў галаву, што ён кінуўся б у ваду і памёр, дабраслаўляючы яе, каб яна загадала.
Падчас гэтых прагулак па вадзе, а таксама падчас шпацыраў у парку і заўсёды, калі яны былі разам, ён адчуваў нейкі нязмерны спакой, нібы ўся яго душа і ўся зямля ад усходніх да заходніх ускраін поўнілася цішынёю, у якой нават тарахценне павозкі, брэх сабакі або шэлест галін гучалі вельмі меладычна. Яму здавалася, што ўжо ён не ходзіць, а плавае ў акіяне містычнага ачмурэння, што ўжо ён не думае, не адчувае, не прагне, а толькі кахае. Гадзіны міналі, як маланкі, якія запальваліся і гаслі на далёкім небасхіле. Толькі была раніца, а ўжо поўдзень, ужо вечар і ноч, поўная бяссоння і ўздыханняў. Часам ён думаў, што суткі падзеленыя на дзве няроўныя часткі: дзень, які мінае вокамгненна, і ноч, якая доўжыцца, як вечнасць для грэшнікаў.
Аднаго дня паклікала яго да сябе старшынёва.
– Сядай, пане Станіславе, – сказала яна. – Што ж, добра ты ў мяне бавішся?
Ён здрыгануўся, як чалавек, якога абудзілі.
– Я?.. – перапытаў ён.
– Няўжо нудзішся?
– За год гэткае нуды я аддаў бы жыццё.
Старая паківала галавою.
– Гэтак часам здаецца, – адказала яна. – Я не ведаю, хто там напісаў, што чалавек толькі тады шчаслівы, калі навокал сябе бачыць тое, што носіць у сабе… Але я кажу, няважна, чаму шчаслівы, абы ім быў… Прабачыш мне, калі я абуджу цябе?..
– Калі ласка, пані, – адказаў ён і міжвольна збялеў.
Старшынёва глядзела на яго, як і раней, ды злёгку ківала галавою.
– Ну, але не бойся, што я абуджу кепскімі навінамі. Буджу я цябе звычайным чынам. Думаў ты нешта пра тую цукроўню, якую раяць мне тут паставіць?
– Яшчэ не…
– Нічога пільнага. Але на дзядзьку зусім ужо ты забыўся. А ён, бедачына, ляжыць непадалёк адсюль, за тры мілі, у Заслаўлі… Можа, паехалі б вы туды заўтра. Наваколле прыгожае, руіны замка… Маглі б вельмі прыемна прабавіць час і нешта з тым каменем надмагільным зрабіць.
– Ведаеш што, – дадала яна і ўздыхнула, – перадумала я. Не трэба разбіваць камень каля замка. Пакінь яго на месцы, толькі загадай выбіць на ім гэтыя радкі: “Мясціны, дзе гулялі мы з табою…”[223] Ведаеш?..
– О, так, ведаю…
– Каля замка ходзіць больш людзей, чым на могілках, хутчэй прачытаюць і, можа, задумаюцца пра апошнюю мяжу ўсяго на гэтым свеце, нават кахання…
Вакульскі выйшаў ад старшынёвай устрывожаны. “Што значыць гэтая размова?..” – падумаў ён, але, на шчасце, спаткаў панну Ізабэлу, якая ішла ў бок сажалкі, і забыўся на ўсё.
На другі дзень усё таварыства, і праўда, паехала ў Заслаўле. Міналі яны лясы, зялёныя пагоркі, яры з жоўтымі схіламі. Наваколле было прыгожае, яшчэ лепшае было надвор’е, але Вакульскі нічога не бачыў, занураны ў смутныя думкі… Ён ужо не быў сам-насам з паннаю Ізабэлаю, як яшчэ ўчора, нават сядзеў у брычцы не побач з ёю, а насупраць панны Феліцыі, а горш за ўсё… Але ўжо тое яму толькі здалося, і ён нават смяяўся ў душы са сваіх падазрэнняў. Яму здалося, што Старскі неяк дзіўна паглядзеў на панну Ізабэлу, і тая ўся зачырванелася.
223